Трэці год запар навучэнка Лельчыцкай раённай гімназіі Вікторыя Сасноўская становіцца пераможцай обласнога конкурсу рытарычнага майстэрства «Гавары са мной па-беларуску». У творчай скарбонцы таленавітай дзяўчыны — два дыпломы ІІІ ступені, а ў гэтым годзе яна папоўнілася дыпломам ІІ ступені. Трэба зазначыць, што спаборніцтвы праходзілі паміж мацнейшымі вучнямі вобласці — пераможцамі раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, таму барацьба атрымалася жорсткая, ды і ў складзе кампетэнтнага журы працавалі выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны — прафесары, дацэнты, кандыдаты навук.
— Да конкурсу падрыхтавала эсэ на тэму «Беларускі нацыянальны ручнік: сімвалы, традыцыі, павер’і», якое падчас выступлення суправаджалася мультымедыйнай прэзентацыяй, — расказвае Вікторыя Сасноўская. — На другім этапе было вуснае паведамленне, прысвечанае роднай мове, якое таксама не выклікала цяжкасцяў. На заключным этапе, куды прайшло каля 45% удзельнікаў, сярод якіх пашчасціла быць і мне, патрэбна было назваць верш, яго аўтара і напісаць водгук. Падобнае заданне выконвала не раз, сустракалася з ім на алімпіядах, да якіх грунтоўна рыхтуюся. Дарэчы, хваляванняў хапіла, але вынік вельмі задаволіў — працавала не дарэмна. Я ўдзячна сваёй настаўніцы роднай мовы і літаратуры Валянціне Казачок, якая яшчэ з пятага класа заўважыла ў мяне здольнасці да сваіх прадметаў і з таго часу штогод займаецца са мною, накіроўвае, дапамагае, растлумачвае цяжкія моманты. Менавіта Валянціна Афанасьеўна прывіла любоў да роднай мовы, такой прыгожай, сакавітай, мілагучнай, і размаўляць па-беларуску для мяне з’яўляецца вялікім задавальненнем. Я іншы раз выказваю свае думкі толькі на роднай мове, таму што не магу знайсці падобных слоў у іншых. А калі тэлефаную маме, то пра свае поспехі расказваю толькі па-беларуску, бо гэта ад шчырага сэрца, ад усёй душы.
Яшчэ ў гэтым годзе Вікторыя Сасноўская прымала ўдзел у рэспубліканскім конкурсе творчых і навукова-даследчых работ «Тут родныя трымаюць карані», прыўрочанага да Года малой радзімы, і ў намінацыі «Край мой родны, край прыгожы» яе творчая работа, прысвечаная Лельчыцкаму краю і падрыхтаваная пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Валянціны Казачок, адзначана дыпломам ІІІ ступені.
Акрамя таго, у гэтым годзе Вікторыя Сасноўская стала дыпламанткай І ступені на раённым аглядзе-конкурсе чытальнікаў вершаў, прысвечаным 100-годдзю ВЛКСМ, на якім яна вельмі пранікнёна прачытала верш Аркадзя Куляшова «Камсамольскі білет», пераможцай на Купалаўскіх чытаннях, якія праходзілі ў мазырскай гімназіі, а таксама лаўрэатам міжнароднага творчага конкурсу «Вясёлка талентаў», у якім прымалі ўдзел навучэнцы не толькі з Беларусі, але і з іншых краін — Расіі, Украіны.
Працавітай, мэтанакіраванай, стараннай дзяўчыне няма часу сумаваць: стаўшы пераможцай раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, яна ўжо рыхтуецца да абласнога этапу, на якой у мінулым годзе Віка атрымала дыплом ІІІ ступені.
Пажадаем адоранай вучаніцы і яе творчай настаўніцы Валянціне Казачок натхнення, запалу для новых дасягненняў у будучым годзе!
Фото Мікалая НІКІЦЕНКІ.