Абрад “Чырачка” ў Тонежы

0
235


Старажытны абрад “Чырачка”, нам дастаўся ад далёкіх продкаў больш за 109 гадоў таму назад і звязаны з закліканнем вясны. Першы ўспамін аб ім у Беларусі адзначаны ў 1916 годзе. Адзначаць абрад у Тонежы сталі не так даўно, гэтай вясной дзевяты год. Абрад унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
Чырок – агульная назва вадаплаваючых птушак зроду начных качак. Аб’ядноўвае зборную групу (18-22 відаў) дробных прадстаўнікоў гэтага роду, а таксама некаторыя іншыя віды качак. Назва, пэўна, ад корня “чы-ці”, “чыр” у значэнні “невялікі”.
Свята праходзіць у апошні дзень Масленічнага тыдня. Добра ведаюць у Тонежы, што да “Чырачкі” гаспадарыць зіма, а пасля, як пачынаецца абрад, – ужо адчуваецца подых вясны і канчатковы паварот на новы лад жыцця. І ўсё гэта сведчыць пра тое, што прырода і чалавек выступаюць як адзіная частка цэлага.


Сёння пачалося свята з самай раніцы. Жыхаркі выпяклі шмат абрадавых “чырачак”, каб усім хапіла, хто прыдзе гукаць вясну, і каб на агульны абрус было што пакласці, калі на гары гульбішча пачнецца. Калі чалавеку даваўся пачастунак, лічылася, што з ім прыходзіць здароўе і поспех.
Працуючы, жанчыны спявалі песню-закліканку.
— Ой гу, вясна, ай гу, красна, што ты нам прынясла?


Перад самым святам дзяўчаты сабраліся “на вячоркі”, у час якіх упрыгожылі папяровымі кветкамі і стужкамі ялінку. Чаму яе? Адказ просты: елка — заўсёды зялёная, а таму яе і лічаць цудадзейнай: палохае засуху, праганяе ліўні, дапамагае зямлі прачнуцца ад зімовага сну.
Усе ведаюць, што вясну прыносяць на крылах першыя вясеннія птушкі, а таму ёлка, якую “прыгожа апранулі”, прывабіць іх увагу, і яны хутчэй даляцяць і прынясуць вясну.
Хлопцы таксама без справы не сядзелі. Яны сабраліся разам і змайстрылі пудзіла зімы, якое апранулі ў лахманы і пасадзілі на кол. Пудзіла ўвасаляла злую сілу, якая дапамагала марозіць і спусташаць хлебныя засекі. Таму спальваннем Пудзіла набліжалі прыход вясны.


А гаспадыні тым часам згатавалі смачныя стравы. У пэўны час усе жыхары вёскі вышлі з дамоў і пайшлі на гару-вясны сярод колішніх балотаў. Так, да той самай Чарніцоўскай гары, на якой гукаюць вясну ўжо тысячы тонежскіх вёснаў і спраўляюць адвечна маладыя “Чырачкі”.
Відовішча, канечне, захапляючае: жанчыны і дзяўчаты ў вышытых касцюмах і яркіх хустках. З усіх бакоў чуўся спеў:
Ой, чырачка пташачко,
Не залетай далечко.
Ой гу, вясна,
Ой гу, красна.


На самым высокім месцы гары ўдзельнікі абраду расклалі з сухіх дроў вогнішча, пачалі вакол яго танчыць, спяваць песні-вяснянкі, вадзіць карагоды. І яшчэ расказвалі старэйшыя жанчыны, што вогнішчы нашы продкі палілі таму, што хацелі быць бліжэй да сонейка. Старэйшына абраду заўсёды просіць перад пачаткам свята: “Благаславіце, людзі добрыя, вясну гукаці!” Грамада дружна адгуквалася: “Бог благаслаўляе! Давайце чырачку пагукаем – усе ў карагод!”
Не забылі і пра прыгажую ялінку – яе патрэбна закінуць як мага вышэй на дрэва. Дашла справа і да пудзіла зімы. Таму моладзь пачала вадзіць гульнёвыя карагоды.
Але самае цікавае — гэта калі патрэбна было скаціцца з гары верацяном. “Шлях”, па якім чалавек будзе каціцца, усцілаецца тканымі вырабамі.


Завяршыўся абрад “Чырачка” агульным частаваннем на абрусе з ільну, разасланым на зямлі — выклалі ежу і пачастункі, прыхопленыя з сабою. І абавязкова – птушачкі-чырачкі, тыя, што пяклі гаспадыні.
Даследуючы абрад “Чырачка”, зразумела, што для жыхароў вёскі Тонеж гэта пара клопату і трывогі. Бо залежнасць ад стыхійных сіл прыроды, вядома, прымушае звяртацца да такіх сродкаў, як вера ў магію такога абраду. Сэнс яго — зберагчы будучы ўраджай ад разбуральных рэальных дзей і нячыстай сілы.
Вядома, што новае пакаленне бачыць гэты абрад па-свойму. Але як хутка не імчыць час, як не ўносіць змены ў наша жыццё, а традыцыі жывуць і будуць жыць, і мы заўсёды будзем іх падтрымліваць і берагчы. І вельмі прыемна, калі на “ сваё свята” збіраюцца не толькі аднавяскоўцы, але і тыя, хто пакінуў Тонеж даўно. Карані, як кажуць, трымаюць, а гэта галоўнае.
Кажуць, што вёска пачынае паміраць тады, калі згасае памяць, калі няма каму перадаць тое, што продкі лічылі за самае святое – нашы традыцыі.
Я ўпэўнена, што вёска Тонеж будзе жыць, заўсёды будуць тыя, хто гэту маленькую часцінку такой магутнай і вялікай Радзімы трымае ў сваім сэрцы і душы. І тады такім чаканым будзе прылёт птушак, якія напоўняць прастор  сваімі звонкімі галасамі…
Жыве і дагэтуль
У Тонежы свята,
Моладзь сабою
Збірае багата.
Тонежцы гэту
Традыцыю зберагаюць
І з любоўю штогод
“Чырачку” выпякаюць.


Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА.

Фото Аляксандра ШАПАРДА.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: