Вячоркі па-стадоліцкі: Свята роднай мовы

0
193

У дзень, прысвечаны роднай мове, бібліятэка сумесна са школай арганізавала вячоркі, якія сабралі дзяцей і дарослых аграгарадка Стадолічы. Атмасфера свята была напоўнена музыкай, смехам і цеплынёй.

Вясковыя гарманісты — Аляксандр Ляўкоўскі і Сяргей Ляшчынскі — разам з таленавітым барабаншчыкам Адамам Сяўруком усялялі ў слухачоў радасць сваёй вясёлай музыкай. Гаспадары мерапрыемства, Сяргей Казачэнка і Ніна Прыбалавец, сустрэлі гасцей адкрытымі абдымкамі і шчырай усмешкай.

Гледачы мелі магчымасць пазнаёміцца з майстрамі Стадолічащ: Інгай Гвоздзь, Зінай Ляўкоўскай, Любай Шукаловіч і Зоей Шур. Яны прадставілі свае прыгожыя вырабы, якія захоўваюць гісторыю нашых продкаў і перадаюць багацце духоўнай спадчыны маладому пакаленню.

Асаблівую цікавасць выклікалі выступленні вучняў Стадоліцкай школы. Дзеці распавядалі беларускія прыказкі і прымаўкі, спявалі песні, танцавалі і гулялі ў гульні. Яны таксама расказалі пра смачныя стравы вёскі — мачанку, палюшкі, макоўнікі і іншыя мясцовыя ласункі.

Не абышлося без выступленняў удзельнікаў любіцельскага аб’яднання “Натзхненне”, якія з любоўю і майстэрствам выканалі беларускія народныя песні.

Сярод прысутных быў і ганаровы госць — пісьменнік Рыгор Бабчанок з Ельшчыны. Ён чытаў вершы аб Радзіме і роднай мове, а таксама новыя творы, прысвечаныя важным падзеям сучаснасці.
Свята суправаджалася спевамі і танцамі гледачоў, якія разам з удзельнікамі адчувалі дух адзінства і любові да сваёй культуры. Беларусы заўсёды славіліся сваімі умелымі спевамі і танцамі, што яшчэ раз падкрэсліла непаўторнасць нашай спадчыны.

Мы павінны захаваць, зберагчы і перадаць гэтую спадчыну нашым дзецям, унукам і праўнукам. Наша родная мова — гэта наша гісторыя, наша культура і наша будучыня.

Надзея ГУД.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: