“Радзімазнаўства: з гісторыі беларускіх тапонімаў”. Так назваў сваю кнігу вядомы беларускі мовазнаўца Васіль Шур. На старонках гэтага даследавання аўтар расказвае пра разнастайныя анамастычныя назвы нашай Бацькаўшчыны, пераважна Мазыршчыны, засяроджвае ўвагу на лінгвакультуралагічных кодавых асаблівасцях уласных імёнаў.
Анамастычным этнакультурным мікракосмасам называе цыкл яго навуковых прац доктар філалагічных навук, прафесар Алесь Бельскі. Ва ўступным слове ён адзначае: “Гаварыць пра вядомага беларускага мовазнаўцу доктара філалагічных навук, прафесара Васіля Шура прыемна і ганарова. І не толькі таму, што ён мае высокія навуковыя рэгаліі. Васіль Шур – буйны спецыяліст у галіне нацыянальнай анамастыкі і адзін з яе пачынальнікаў як самастойнага навуковага кірунку, глыбока дасведчаны і самы аўтарытэтны знаўца Мазырскага Палесся. У веданні ўласных імён, тапанімікі роднага палескага краю роўных яму, напэўна, няма.”
Васіль Васільевіч Шур – аўтар многіх кніжных выданняў: “З гісторыі ўласных імёнаў” (1993), “Беларускія ўласныя імёны: беларуская антрапаніміка і тапаніміка” (1998), “Анамастычная лексіка ў беларускай мастацкай літаратуры” (2002), “Онім у мастацкім тэксце” (2006), “Уласныя імёны ў прасторы і часе” (2008), “Уласнае імя ў мастацкім тэксце” (2010), “Уласнае імя ў соцыуме і мастацкім тэксце” (2015), “Беларускія ўласныя імёны: беларуская антрапанімія і тапанімія” (2018), у сааўтарстве – “Слова ў мастацкім кантэксце: онімы, метафары” (2013), разам з С.Б. Курашам), “Малая і вялікая радзіма ў анамастыконе пісьменнікаў” (2019), разам з В.Р. Слівец) і інш.
У новай кнізе даследчыка падрабязна растлумачаны назвы тыпаў беларускіх паселішчаў, некаторых гарадоў, сёл, вёсак, хутароў, засценкаў, ваколіц, такіх, як Козенкі, хутароў вакол Махнавіч і Калінкавіч, гарадоў, якія мянялі статус хутара, мястэчка і г. д. Ён пацвярджае версію краязнаўцы М. Бруя, які выкарыстоўвае паданні Тураўшчыны, каб вытлумачыць назвы мясцовых вёсак, паходжанне тапонімаў, звязаных сваім узнікненнем з Туравам. “На ўсходзе ад Турава каля Прыпяці знаходзіцца Дварэц (тут быў як быццам загарадны палац тураўскіх князёў), Крэмно – былое дворышча шляхты, Чэрнічы ( у паданні назва звязваецца з манахамі чарнецамі і манастыром), Пагост (відавочна, у старажытнасці асноўны тураўскі абменны пункт пры ўпадзенні Сцвігі ў Прыпяць). Па Сцвізе, як правіла, на яе левым, “палявым” беразе размяшчаюцца ўверх па рэчцы ад Пагоста Озераны ( на правым беразе Сцігі), Слепцы, Семурадцы (легенда звязвае назву з княжацкімі “радцамі”, радай), Старажоўцы (паводле падання – першапачаткова ахоўная старожа, застава), Хачэнь, Рычоў (па легендзе тут была вялікая бітва з шумам і крыкам), Рыдча, Хільчыцы, Беражцы, Луткі, Карочычы”.
Васіль Шур прывёў адпаведныя факты і лічбы, даў сваю інтэрпрэтацыю сувязям, узаемауплывам, у выніку якіх у сучасных моўных сістэмах беларусаў замацаваліся рускія, польскія, цюркскія, літоўскія, латышскія ўласныя імёны, тапонімы і іншыя адзінкі. Даследчык прыводзіць прыклады народнага і навуковага тлумачэння падобных з’яў, іх сугучнасці з гістарычнымі законамі развіцця грамадства.
Аўтар у гэтай і іншых кнігах увёў у шырокі культуралагічны і гістарычны абсяг імёны вядомых мазыран. Ён адкрывае чытачу звесткі пра мазыраніна Сяргея Іванавіча Града, капітана Чырвонай Арміі, які двойчы быў прадстаўлены да прысваення звання Героя Савецкага Саюза. У выніку раненняў і трагічнай гібелі ён быў залічаны ў спіс без вестак прапаўшых. Двойчы званне не было зацверджана. Яшчэ прыклад. Зніклая ўнікальная вёска Кустаўніца, пра якую пісаў Шур. Яе ўраджэнцы і мы ўсе, палешукі, можам ганарыцца, што ў ёй нарадзіўся Вячаслаў Браніслававіч Збароўскі. У гады Першай сусветнай вайны ўзнагароджаны чатырма Георгіеўскімі крыжамі, у гады Грамадзянскай вайны ўдастоены ордэна Чырвонага Сцяга, у час Вялікай Айчыннай вайны – пяці баявых ордэнаў. “Добрую традыцыю Збароўскага прадоўжылі яго 44 землякі – у тым ліку адважны разведчык Іосіф Бароўскі – кавалер некалькіх баявых ордэнаў, на вайне страціў абедзьве нагі. З узнагародамі і цяжкімі раненнямі вярнуліся таксама яго землякі Людвіг Збароўскі і Пётра Пятроўскі, гераічна загінула падпольшчыца-партызанка Рамуальда Драпей, замучаная фашыстамі ў Нароўлі”.
Аўтар кнігі адзначае, што Кустаўніца – радзіма акадэміка Пятра Ракіцкага. Сярод вядомых мазыран Васіль Шур называе імя выпускніка Мазырскай дарэвалюцыйнай гімназіі, бацьку беларускай гістарычнай навукі Мітрафана Доўнар-Запольскага, опернага спевака Фёдара Стравінскага, лётчыка Міхаіла Барысава, які затапіў самы вялікі карабель фашысцскай Германіі. Ён прасочвае лёсы пісьменнікаў, якія нарадзіліся на палескай зямлі: Івана Мележа, Івана Шамякіна, Івана Навуменкі, а таксама лёс Героя Савецкага Саюза Веры Харужай, вядомых акадэмікаў Пятра Ракіцкага і Міхаіла Мацапуры, легендарнага разведчыка Івана Коласа, які стаў першым беларусам, удастоеным звання Героя Расіі, Андрэя Эльмана – рэктара першай вышэйшай навучальнай установы на Мазыршчыне, вядомага дзяржаўнага дзеяча. Іх імёны варты таго, каб быць засведчанымі ў назвах вуліц і дзяржаўных устаноў Мазыра.
Васіль Шур — вучоны і педагог, выпускнік і выкладчык Мазырскага педінстытута (сёння ўніверсітэт імя Івана Пятровіча Шамякіна) трапна, пранікнёна сказаў пра спасціжэнне свету Бацькаўшчыны: “У мастацкіх тэкстах на прыкладах апісання мясцовых назваў, этнаграфічных замалёвак побыту сваіх землякоў, іх стасункаў з суседнімі паселішчамі і інш. можна з вялікім поспехам прапагандаваць лепшыя ўзоры і набыткі матэрыяльнай і духоўнай культуры землякоў, выхоўваць павагу да радзімы Беларусі”.
Адтуль, ад дарагіх яго сэрцу Стадоліч, дзе нарадзіўся і вырас, Лельчыц, Мазыра, Турава ў яго творах такі грунтоўны экскурс у гістарычнае мінулае, жаданне спазнаць таямніцы роднага беларускага слова, яго трапнасць і сакавітасць, якія зыходзяць з нябёсаў.
Такім чынам, кніга Васіля Шура “Радзімазнаўства” моцна знітавана з яго ранейшымі выданнямі. Яна – своеасаблівае пацвярджэнне выніку яго 50-гадовай навуковай дзейнасці. Бясспрэчна, што яе каштоўнасць у беражлівым, удумлівым выкарыстанні здабыткаў значнай папярэдняй творчай працы. Кніга выспела, узбуйнела, як зерне ў коласе. Народнае спрадвечнае светабачанне спалучаецца з глыбінным прафесійным аналізам шматлікіх даследчыкаў.
Паэтычны запавет беларускага першадрукара, вучонага сусветнага ўзроўню Францыска Скарыны аб тым, што “людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць”, можна паставіць эпіграфам да ўсёй творчасці нашага земляка Васіля Васільевіча Шура.
Галіна Дашкевіч