І радасць, і смутак, і боль

0
179

16 ЛЮТАГА – 100 ГАДОЎ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ НАРОДНАГА ПІСЬМЕННІКА БЕЛАРУСІ ІВАНА ЯКАЎЛЕВІЧА НАВУМЕНКІ.

Іван Навуменка нарадзіўся 16 лютага 1925 года ў горадзе Васілевічы Рэчыцкага раёна БССР у сям’і чыгуначнікаў. У дзяцінстве перажыў галадамор, які ў Беларусі, на шчасце, не меў такіх трагічных наступстваў, як у суседняй Украіне. Пра гэты час пісьменнік успамінаў, што яму больш за ўсё запомніліся птушкі і кнігі. Асабліва кнігі на беларускай мове. Ужо ў трэцім класе ён прачытаў «Вайну і мір» Талстога. А голад сям’я пісьменніка перажывала з дапамогай лесу. Менавіта тады Іван Навуменка стаў заўзятым грыбніком.

Сям’я будучага пісьменніка жыла бедна і з трэцяга класа бацька вадзіў сына на чыгунку. А ўжо ў 14 гадоў ён пачаў працаваць у рамонтнай брыгадзе.

Навуменка удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне са студзеня 1942 ў камсамольскім падполлі. Затым ваяваў у партызанах. У снежні 1943 году яго прызвалі ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у баях на Ленінградскім і 1-м Украінскім франтах. Двойчы паранены. Атрымаў кантузію, з-за якой назаўсёды страціў нюх.

Пасля дэмабілізацыі ў снежні 1945 года працаваў карэспандэнтам мазырскай абласной газеты «Бальшавік Палесся», а з 1951 года карэспандэнтам рэспубліканскай газеты «Звязда».

У 1950 годзе завочна скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. А ў 1954 і аспірантуру пры ўніверсітэце.

З 1953 да 1958 года працаваў загадчыкам аддзела прозы літаратурнага часопіса «Маладосць», у 1954-1973 гадах — старшы выкладчык, дацэнт, прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1973-1982 гадах — дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. У 1982-1992 гадах — віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі.

Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 1985-1990 гадоў. Выконваў абавязкі Старшыні Вярхоўнага Савета. У 1992-2002 гадах саветнік Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2002 — галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры НАН Беларусі.

Першыя вершы пісьменніка былі апублікаваны ў 1946 годзе ў раённай газеце. З прозай дэбютаваў апавяданнямі ў 1955 годзе ў часопісе «Маладосць». Гэта былі апавяданні «Сідар і Гараська» і «Эх, махорачка».

Вельмі часта ў сваіх творах Навуменка падымае тэму моладзі ў час вайны. Звязана гэта з тым, што ён сам сустрэў вайну сямнаццацігадовым. Нават першы зборнік пісьменніка, які выйшаў у 1957 годзе, называўся «Семнаццатай вясной». Усяго ж у яго выйшла 11 зборнікаў апавяданняў і аповесцяў. Апошні, «Водгулле далёкіх вёснаў» — у 1989 годзе.

Героі Навуменкі — патрыёты Радзімы, якія агульныя інтарэсы ставяць вышэй асабістых. А асноўная тэматыка яго творчасці — Другая Сусветная вайна.

У пачатку творчасці пісьменнік у асноўным пісаў апавяданні. Але пазней пачынае ствараць аповесці, раманы і п’есы.

Важнае значэнне ў творчасці Навуменкі займае трылогія: «Сасна пры дарозе «(1962) «Вецер у соснах» (1967) «Сорак трэці» (1974). Яна расказвае аб партызанскай барацьбе супраць нямецкіх захопнікаў і носіць маштабны, гераічны характар. Варта таксама адзначыць раман «Смутак белых начэй» (1979), прысвечаны фінальнаму этапу вайны. Аўтар без пафасу, простай мовай распавядае аб трагічным чалавечым лёсе.

Творы пісьменніка перакладзены на латышскую, балгарскую, нямецкую, рускую і іншыя мовы.

Навуменка спрабаваў пісаць вершы і хацеў нават выдаць зборнік. Але як сам пазней прызнаўся — быў шчаслівы, што не зрабіў гэтага. Таму што вершы ў яго атрымліваліся «казённыя».

Акрамя творчасці займаўся навуковай працай — даследаваў творчасць Максіма Багдановіча, Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа. Апублікаваў каля 200 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій.

У 1981-1984 гадах выйшаў збор твораў пісьменніка ў 6 тамах. А ў 2018 завяршылася выданне 10-томнага збора твораў пісьменніка, у які ўвайшлі ў тым ліку і вершы Навуменкі.

Што пачытаць?

Калі вы вырашылі ўзяцца за творчасць Івана Навуменкі, то пачынаць варта з яго апавяданняў. А калі спадабаецца стыль, то можна перайсці і да маштабных твораў — раманаў «Сасна пры дарозе» і «Смутак белых начэй».

Таксама звярніце ўвагу на аўтабіяграфічную аповесць «Інтэрнат на Нямізе».

Іван Навуменка узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (1945), ордэнам Айчыннай вайны II ступені (1985), ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі( 1985), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1975), медалём Францыска Скарыны.

У 1967 годзе атрымаў прэмію Ленінскага камсамола БССР за кнігу «Тапалі юнацтва». У 1972 годзе за манаграфіі «Янка Купала: Духоўны воблік героя» (1967) і «Якуб Колас: Духоўны воблік героя» (1968) узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Я.Коласа, а ў 1997 годзе прэміяй Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за цыкл манаграфій.

Памёр 17 снежня 2006 года пасля працяглай хваробы. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску. Дзеці ўспамінаюць, што пісьменнік цяжка перажываў смерць жонкі, якая памерла на 6 гадоў раней.

У 2010 годзе пошта Беларусі выпусціла паштовую марку, прысвечаную 85-годдзю з дня нараджэння пісьменніка. У чэрвені 2011 года імя Навуменка прысвоена вуліцы ў Менску. А 12 кастрычніка 2011 у сталіцы адкрыта мемарыяльная дошка ў памяць народнага пісьменніка.        

Библиограф Н.И.Коноплич.

     

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: