Да 180- годдзя нараджэння кнігі
Надзелены фантазіяй і талентам прадбачання пісьменнік Ян Баршчэўскі амаль два стагоддзі назад стаў адным з пачынальнікам новай беларускай літаратуры і ўзбагаціў яе.
Магчыма, адзін з самых загадкавых і займальных твораў — кніга «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях».
У ёй шырока выкарыстаны беларускія народныя казкі, легенды і паданні. 8 верасня споўнілася 180 год з моманту напісання легендарнай беларускай кнігі, якая выйшла ў Пецярбургу.
«Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» — няскончаны празаічны зборнік Яна Баршчэўскага, выда-дзены ў 1844-1846 гадах у чатырох кнігах. Кампазіцыйна «Шляхціц Завальня» складаецца з 38-мі частак апавяданняў, прыпавесцяў, устаўных навел, лірычных адступленняў і ўспамінаў, звязаных паміж сабой асобай слухача і каментатара апавяданняў шляхціца Завальні.
Пісьменнік закранае ўсё кола пытанняў, звязаных з беларускай нацыянальнай думкай, ім робіцца спроба геаграфічнага апісання краю, яго гісторыі і эканамічнага стану.
З большай паўнатою Ян Баршчэўскі падае своеасаблівасці нацыянальнага характару беларуса, яго светапогляду, а таксама прыгажосць душы.
Пры дапамозе сістэмы вобразаў-сімвалаў выказваецца асноўная думка кнігі: Беларусь — гэта край, які мае сваю гісторыю, насельніцтва якога — асобны народ, які можа і павінен жыць паводле законаў ды традыцый сваіх продкаў.
Беларусам трэба толькі ўспомніць своё слаўнае мінулае, тых, хто загінуў за волю ды незалежнасць Бацькаўшчыны, каб іх сэрцы прасякліся мужнасцю, гонарам за сваіх продкаў, што дасць ім адвагу ісці сваім шляхам. Найбольш яскрава ідэю твора выяўляе вобраз Плачкі.
Пераасэнсаваўшы галоўны вобраз «Трэнасу» М. Сматрыцкага, пісьменнік надае яму значэнне галоўнага ідэйнага стрыжня твора, што звязвае разрозненыя апавяданні-прытчы ў цэласны малюнак.
Толькі згадаўшы пра яе ў першым томіку (чатыры першыя апавяданні), Ян Баршчэўскі робіць Плачку цэнтральным вобразам ва ўсіх астатніх. Яе бачаць толькі ў Беларусі, на месцах знакамітых бітваў, на могілках, дзе пахаваны славутыя героі. Яна прыносіць сюды кветкі, плача па сваіх дзецях, якія, трэба думаць, або загінулі, або ім яна не можа даверыць «таямніцу свайго сэрца».
Просты люд з прычыны сваёй неадукаванасці, а шляхта ды паны з-за сваёй неразумнасці ды палахлівасці не могуць зразумець Плачку. А гэта з’яўляецца прычынаю яе слёз. Забытая амаль усімі Плачка–Беларусь мусіць апрануць сялянскі строй, бо вышэйшыя класы беларускага грамадства адвярнуліся ад яе. Паны і шляхта нічога не хочуць ведаць пра Плачку, пагардліва глядзяць на сялянскую сірату. Наадварот, яны звязваюцца з Чарнакніжнікам, аддаюць свой край пад уладу Белай Сарокі, гаспадыні Паўночнай краіны (алегарычны вобраз Кацярыны ІІ), а самі ў вобліку мядзведзяў вартуюць яе багацці.
Малюнак, створаны Я. Баршчэўскім, адпавядаў рэальнаму стану нацыянальнага жыцця ў Беларусі. Нацыянальна свядомых людзей былі толькі адзінкі. Але яны былі, і пісьменнік верыць у лепшае будучае свайго народа, свайго краю, спадзяецца, што паны і шляхта павернуцца да мясцовых праблемаў, мясцовага жыцця, традыцый. Ёсць ужо людзі (Сын Буры, Пакутны Дух), яны ведаюць, хто такая Плачка, сваёй дзейнасцю імкнуцца пашырыць веды пра яе. Шляхціц Завальня ды асобныя яго госці таксама разумеюць Плачку.
Каб чытаць Баршчэўскага, дык трэбы разумець, якое ён мае значэнне для беларускай літаратуры. Ян Баршчэўскі для роднай літаратуры — як браты Грым для нямецкай.
Апавяданні Баршчэўскага нагадваюць паводле свайго містычнага настрою творы М. Гогаля. Таму нельга яго недаацэньваць.
Ян Баршчэўскі нарадзіўся ў 1790, або 1796, в. Мурагі, цяпер Расонскі раён Віцебскай вобласці, Беларусь — 28 лютага (12 сакавіка) 1851. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме, дзе набыў вядомасць чытальніка і вершапісца, выступаў з уласнымі арацыямі (аб’яднанне некаторых асоб для дасягнення агульнай мэты) і вершамі. У 1809 годзе напісаў паэму ў класічным стылі «Пояс Венеры» (не захавалася мова, на якой быў напісаны твор).
Студэнцкія канікулы часцей за ўсё праводзіў па наваколлях возера Нешчарда. Збіраў беларускі фальклор, апісваў курганы і гарадзішчы. Дзякуючы сваёй схільнасці да паэтычных экспромтаў быў жаданым госцем на сямейных урачыстасцях вясковай шляхты.
Першыя вядомыя вершы, напісаныя па-беларуску, — «Дзеванька» (прысвечаны каханай дзяўчыне Максімовіч) і «Бунт хлопаў».
Таксама занімаўся жывапісам — маляваў пейзажы і карыкатуры, якія карысталіся папулярнасцю сярод мясцовых жыхароў.
У сярэдзіне 1820-х гадоў (хутчэй за ўсё 1826 або 1827) пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе выкладаў грэчаскую і лаціскую мовы ў некалькіх дзяржаўных установах. І сам вывучаў старажытную літаратуру.
Выконваючы даручэнні марскога ведамства, пабываў у Францыі, Велікабрытаніі і Фінляндыі, падарожнічаў па Полаччыне, Мсціслаўшчыне. У Пецярбургу пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам, у 1839 годзе — з Тарасам Шаўчэнка. У 1846 годзе (або ў 1847 ці, магчыма, у 1848) па запрашэнні польскага пісьменніка Генрыха Жавускага пераехаў у горад Чуднаў на Валыні. Пасяліўся ў доме графіні Ю. Жавускай, дзе таксама жыў вядомы мастак–графік Напалеон Орда. Баршчэўскі падтрымліваў блізкія сяброўскія адносіны з паэтам і перакладчыкам К. Пятроўскім і доктарам Г. Кёлерам, збіраў матэрыялы пра археалагічныя аб’екты, падарожнічаў.
У 1849 годзе ў Кіеве выдаў першую частку зборніка «Проза і вершы» на польскай мове, куды ўвайшлі балады, паэма «Жыццё сіраты», аповесць «Душа не ў сваім целе».
У канцы 1840-х гадоў захварэў на сухоты і пасля працяглай хваробы памёр (1851 г.). Пахаваны ў Чуднаве (цяпер Украіна).
У пачатку 20-га стагоддзя ўласнік праводзіў газаправод, на яго падворку была знойдзена надгробная пліта вагой 35 кг. Але на ёй нічога не было бачна з-за ржаўчыны.
Ян Баршчэўскі займае надзвычай важнае месца ў гісторыі мастацкай культуры беларусаў.
На працягу ўсёй творчасці ён кіраваўся рамантычна-узнёслым пачуццём любві да роднага краю.
Як рамантык, аддаваў перавагу выключным, святочным і трагічным аспектам вясковага жыцця, чым тлумачацца асобныя праявы старашляхецкага кансерватызму, ідэалізацыі, мінулай вольнасці і дабрачыннасці.
Яго беларускія творы напісаны ў фальклорным стылі, маюць навучальны ці бурлескна рэалістычны характар.
Творы Баршчэўскага распаўсюджваліся ў рукапісах або вусным шляхам як народныя.
Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА.