Сэрцу родны мікрараён. Рэаліі перыяду 60-80-х гадоў у Лельчыцах.

 Успамінаю выпадак з 80-х гадоў, калі мая вучаніца Наталля Аляксандраўна Шэйкіна-Чуніна на ўвесь мікрараён пры паступленні ў медвуз даганяла і крычала мне:

— Святлана Аляксандраўна, сачыненне па-беларуску без шпаргалкі напісала на чацвёрку!

Гэта яна так радавалася. Прама ўся свяцілася, быццам на крылах ляцела. Трэба было бачыць гэта. Дарэчы, Наталля паступіла, куды хацела і стала ўрачом.

З лельчыцкім самым першым мікрараёнам у мяне звязана многа цікавых момантаў. Мікрараён складаўся з трох двухпавярховых дамоў. У адным з такіх дамоў на вуліцы Перамогі, побач са старой пажарнай часткай і новым універсамам, прайшло ўсё маё жыццё. Я памятаю, як пасёлак рос, развіваўся і чым дыхаў. Прапаную асобныя моманты.

Тэлефона, зразумела, у нашай сям’і не было. Ды і не толькі ў нас. А пра мабільныя ўвогуле не марылі. Правадны тэлефон у нас у кватэры з’явіўся ў канцы 60-х гадоў. Спачатку сувязь была ў суседа Эдуарда Сакалоўскага, які працаваў у міліцыі. А потым ён дазволіў падключыць паралельны. З ім у нас быў агульны нумар. І доўжылася так не менш чатырох гадоў.

Увогуле ў Лельчыцах на месцы каля цяперашняга райвыканкама (а ў той час там знаходзілася міліцыя) стаяла будка з тэлефонам. І трэба было імчацца з дому, каб тэрмінова патэлефанаваць. То родзічам у Хойнікі і Гомель, то ў бальніцу. І на тыдні разоў пяць такім чынам даводзілася званіць.

І такое было ўсюды. Каб пазваніць, трэба было знайсці будку. А калі каля будкі былі чэргі, то даводзілася пачакаць.

Але пакуль чакаеш сярод знаёмых, то можна было і разгаварыцца ў чарзе. Тады і час праходзіў хутчэй, а людзям было весела. Сапраўды жыццё было вясёлым і жывым.

Не толькі я, ды і многія, любілі, калі ўстройвалі гулянкі не толькі ў парку, але і за мастом. І на Дзень Перамогі, і па іншых святах, і проста па выхадных.

Аб’яўлялі на высокім узроўні, што праводзіцца народнае гулянне за мостам. Прысутнічала ўсё мясцовае начальства. Кропка збору была за першым мостам ракі Убарць. Паварочвалі направа, у лес, на палянку. Хтoсьці прывозіў прадукты з дому. Але таксама прысутнічала выязная гандлёвая арганізацыя спажывецкай канторы.

Ішлі канцэрты, гучалі песні. Было шумна і па-дамашняму ўтульна. Ляльчане, якія тут прысутнічалі, расцілалі пакрывалы на зямлю і садзіліся ў кружочак. Лельчыцы весяліліся. К канцу сустрэчы ўсе адзін з адным радніліся. Нават мала- знаёмыя ці тыя, што некалі пасварыліся. Гулянне за рэчкай — гэта была цудоўная сустрэча.

Мая маці Соф’я Людвігаўна (1920 — 2008 гадоў) не прапускала ніводнае такое свята, бо вельмі ж любіла гатаваць смачныя стравы. У гэты дзень яна падымалася рана, каб усё прыгатаваць. І была надта задаволеная, калі людзі з нашага пасёлка Лельчыцы спрабавалі прыгатаванае ёю, ды яшчэ каля ракі Убарць. Карацей, цётку Соню і яе блюды некаторыя памятаюць і сёння.

Я часта спявала на такіх мерапрыемствах на канцэртах. Выступала дуэтам з прафсаюзным лідэрам Райпо Наталляй Варановіч (у маёй памяці засталася назаўсёды). Яна была маёй самай лепшай сяброўкай. Без нас не праходзіў ні адзін канцэрт. Асабліва, калі занялі першае месца ў складзе ансамбля «Нас, дзяўчат, 13» у горадзе Мінску ў рэспубліканскім конкурсе «Майстэрства і натхненне», нас сталі многа куды запрашаць. Іншы раз народныя гулянні праходзілі за другім мастом. Людзям было весела. Для многіх такое месца з’яўлялася цудоўным месцам, каб сустрэцца і прызнацца адзін аднаму ў каханні. Было шумна і надта весела. Многія вярталіся ў прыўзнятым настроі.

А вось што датычыцца сувязі паміж дальнімі населенымі пунктамі, то аўтобусы былі перапоўненыя. Не знаходзілася месца, дзе можна было прысесці ў грамадскім транспарце. Можна было заплаціць за праезд і прастаяць усю дарогу ад Лельчыц да Мазыра і назад.

А зараз — раздолле — асабісты аўтамабіль амаль ў кожнага. І многія могуць дазволіць сабе з’ездзіць на базар у Мазыр на выхадных. Паездка з камфортам. Ды яшчэ з кандыцыянерам і музыкай.

Мяса і каўбаса былі вельмі рэдка, далёка да прывозу выстройваліся вялікія чэргі, а прывезенага хапала часам да паловы чаргі, а астатнія, выстаяўшы дзве-тры гадзіны, вярталіся дамоў ні з чым. Таму жыхары як маглі будавалі хлеўчукі і трымалі свіней, курэй.

 У нашым мікрараёне быў прадуктовы магазін, дзе зараз знаходзіцца кафетэрый №2. Усё тут прадавалі таксама па чэргах: малако з бідонаў чарпаком налівалі ў посуд  пакупнікоў, так і смятану, гарэлку прадавлі по талонах, а хлеб — у залежнасці ад членаў сям’і, гэта значыць ад адной буханкі і сама болей да трох.

Магазін быў невялікі, таму чарга працягвалася і на вуліцы. Тым, хто стаяў на вуліцы, хлеб падавалі. Даводзілася выстаяць таксама 2-3 гадзіны.

Зараз у кафетэрыі №2  працуе цудоўная жанчына Юдзіцкая Наталля Міхайлаўна, прадавец 6 разрада. Яна з задавальненнем выканае любы ваш заказ, ветліва і культурна абслужыць.

Наталля Міхайлаўна стараецца, каб у кафетэрыі было ўтульна і камфортна. Сцены ўпрыгожыла ўласна купленымі карцінамі, падаконнік — вазонамі, столікі ззяюць чысцінёй, на іх адпаведнае месца займаюць салфеткі, якія ўмелымі рукамі прафесіянала- прадаўца ператвораны ў незвычайныя прыгожыя кветкі. Тут можна адпачыць і паесці, і нават заказаць адпаведныя блюды дамоў — ад салатаў да смажанай рыбы і катлетаў. Чым і карыстаюцца многія, асабліва пенсіянеры, і надта ўдзячныя Наталлі Міхайлаўне. А мая суседка Раіса Кузьмінічна Неўмяржыцкая набірае прадуктаў на 3-4 дні і вельмі задаволеная, бо на аддаленыя адлегласці цяжка хадзіць.

Успамінаю, што ў нашай трохпакаёвай кватэры жылі тры сям’і. Тут, як кажуць, быў сапраўдны камунізм. Жылі надзвычай дружна. Газу не было, таму ўсё гатавалі ў печцы з цэглы, якая займала палову кухні. Тратуары ў пачатку 60-х, калі я прыехала ў Лельчыцы, былі драўляныя. На адзін канец станеш  — ад другога, калі падымаўся ўверх, трэба было ратавацца.

Але гады ляцяць вельмі хутка. Здавалася б, учора толькі стварыла сям’ю, нарадзіла сваіх дзяцей і ўсялілася ў кватэру па вуліцы Перамогі. А прайшло столькі гадоў!

Час ляціць вельмі хутка. І трэба цаніць, што адбываецца зараз. Кожнае імгненне. Бо ў гэтым імгненні сапраўдная асалода жыцця.

Так мне хочацца закончыць радкамі са свайго верша:

З году ў год маладзеюць нашы

                                        Лельчыцы.

Узводзяцца гмахі —  гарадок

                                              будуецца,

Рамантуюцца дарогі, у кветках

                                         і зелені вуліцы.

Святлана Мядзведзева.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: