Калі б быў жывы бацька…

0
123

Даўно вядома, што новае свята зацверджана ў Беларусі — Дзень бацькі. Свята не дзяржаўнае, але афіцыйнае.

Адзначаецца ва ўсім свеце ў знак прызнання ўкладу, які бацькі ўносяць у догляд і выхаванне дзяцей.

Вялікая Айчынная вайна забрала не толькі ў мяне, але і ў многіх самае дарагое — нашых бацькоў.

Некалькі радкоў з майго верша, прысвечанага бацьку:

На пачатку жыцця

Вайна цябе забрала ў 22.

Свет маладосці

             толькі-толькі заззяў.

Калі голас Радзімы пазваў.

Настаўнікам

                      быў — прафесія

Самая чалавечная.

Сеяў разумнае, добрае,

                                        вечнае.

Многа выпрабаванняў

                  у час вайны сустрэў.

Падполле, арышт, фашысцкі

Засценак — і расстрэл.

Я не ведаю, што такое бацькоўская ласка і падтрымка, бо калі яго забіралі як падпольшчыка прама з хаты бацькоў маёй маці, дык мне было трошкі болей за адзін год. Выдаў іх паліцай Ярмольчык, які доўгі час пасля вайны жыў у Германіі пад іншым прозвішчам.

Для мяне бацька застаўся навечна маладым, а ў памяці маёй жывым, як на фотаздымку. Фашысты не знішчылі яго, як не змаглі сцерці маю любоў да бацькі. Бо дабро перамагае зло. А фашызм — гэта і ёсць зло.

Я паабяцала сабе ў што б там ні стала абавязкова прадоўжыць бацькаў прафесійны шлях — стаць настаўніцай.

І я не згубіла веру ў сябе і выканала абяцанне свайму бацьку, здзейсніла мару. Выражаю бязмежную любоў, удзячнасць і трапяткія адносіны да памяці аб ім.

Так, як зрабілі фашысты, — гэта агідна. Прага да ўлады не спыніла іх ні перад чым. Нават і перад маёй сям’ёй. І гэта страшна, што ўлада так знішчае.

Фашызм хоць і пазбавіў мяне майго бацькі, але ён не знішчыў любоў да яго. Я адчуваю, што ён дзесьці побач, дзесьці ёсць. Ніякая гадасць, ніякія вылюдкі фашысцкія не змогуць забіць майго бацьку, ён будзе жыць вечна.

Пры жыцці нашых бацькоў мы іх успрымаем, быццам гэта так і павінна быць. І толькі іншае да нас прыходзіць, як кажуць, з гадамі.

Маці, бацька. Як часта мы ім звонім? Як часта званілі раней? Ці памятаеце вы іх штодзень? Не важна — слухаецеся іх, ці не зусім. Паспрабуйце пазваніць ім прама зараз. Вы ведаеце, што ў мяне такой магчымасці не было. Я не магла пазваніць свайму бацьку, таму што яго знішчыў фашызм.

А вы павінны любіць сваіх бацькоў, памятаць пра іх. І самае галоўнае — не трэба ўспрымаць сваіх бацькоў як нешта само сабой зразумелае.

Яны таксама кволыя і могуць у любы момант знікнуць. Таму патрэбна цаніць кожны момант знаходжання разам з імі. Бо бліжэй за іх у вас няма нікога.

Жадаю ўсім здароўя, дабра, спакою, міру.

Ганарыцеся і радуйцеся, што ў вас ёсць бацька, які клапоціцца пра вас і ва ўсім дапамагае. Хай ніколі не будзе вайны…

Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: