У нашым краі вельмі многа прыгожых мясцін, якія радуюць душу і сэрца. Гэта не толькі Цар-дуб у Баравым, кар’ер у Глушкавічах. Ёсць таксама і менш значныя мясціны, але такія ж цудоўныя і прывабныя кропкі на карце нашага раёна…
Вёска Чырвонабярэжжа, якая раней называлася Злодзін, адносіцца да такіх месцаў. Тут і прыроднае хараство, і рака Убарць, і мост-прыгажун, і цудоўныя раскідзістыя дубы.
Знаходзішся пад адным з іх і ўяўляешь пад такім (не ў літаратурным сэнсе, а падобным) сядзеў калісьці вядомы пісьменнік. Так-так, тутэйшая прырода — гэта месца, дзе неабходна пісаць вялікія творы.
І калі пісьменніцтва — гэта рамяство, то мясцовая прырода — кландайк (сакровішча, скарб) для творцы. І, мабыць, пад дубком, шырокім, вялікім, сярод яшчэ зялёненькіх жалудкоў, у росквіце лета — пісалі творы, якія мы вывучаем у школе, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч…
Тут, у Чырвонабярэжжы, ды і ўвогуле на Палессі, вельмі добра ўяўляеш, якой была прырода, што апісвалі нашы класікі.
Вось некалькі прыкладаў:
Калісьці, наведваўшы Лельчыцкі раён, Уладзімір Караткевіч апісаў Цар-дуб пад Данілевічамі (дуб Крывашапкі).
Ян Баршчэўскі ад палешукоў браў гісторыі і складаў казкі.
А Янка Маўр у «Палескіх рабінзонах» апісваў прыгоды дзяцей на Палессі.
Вось якая крыніца для палёту фантазіі і натхнення!
Нядаўна мне давялося пабываць у незвычайнай вёсцы Чырвонабярэжжа, і я хачу падзяліцца сваімі ўражаннямі.
Адзначу, што тут ёсць усё неабходнае для адпачынку: заўсёды працуе магазін, дзе можна набыць шэраг самых розных тавараў, побач знаходзіцца добраўпарадкаваны аўтобусны прыпынак з выявамі буслоў і малой радзімы, ёсць клуб, дзе заўсёды можна знайсці заняткі па інтарэсах.
Але мой шлях прабягае ад магазіна да ракі Убарць.
Крочу па вуліцы Маставой, якая раней была цэнтральнай, і праз яе праходзіла дарога на Мазыр, вельмі-вельмі значная і важная. Надта даўно тут было іншае пакрыццё, і дарэвалюцыйнае жыццё кіпела.
Калі ісці да ракі, дык злева, далей за дамамі, будуць надзвычай даўнія могілкі, якія зараз добраўпарадкаваныя. Тут пахаваны і многія тыя жыхары вёскі, што загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Я іду прама і бачу пасярод вуліцы невялікае скрыжаванне. Тут быў вясковы пятачок, стаяла царква, размяшчаліся могілкі, калі вёска яшчэ называлася Злодзін.
Іду па вуліцы і ўяўляю самае старое жыццё, калі не было мабільных тэлефонаў, камп’ютараў, калі рытм жыцця быў іншым.
Тут, на гэтай ціхай вуліцы, асабліва добра ўяўляеш мінулае. Думаеш, якімі былі нашы продкі, аб чым марылі і чым займаліся. Іду далей, і да ракі застаецца 100 метраў. Дамы на вуліцы добраўпарадкаваныя, пакошана трава, і гэта радуе вока. Дзесьці на дубе заўважаю борць.
І вось ужо спыняюся каля маста праз Убарць. Памятаю, калі яшчэ ён быў драўляны, па якім на грузатаксі я дабіралася да Лельчыц, каб трапіць на сваё першае месца працы пасля заканчэння Гомельскага педвучылішча ў вёску Баравое. Гэта быў пачатак шасцідзесятых. Палюбавалася, ужо ў каторы раз, прыгажуном і веліканам.
Цяпер тут надта ажыўлены рух. Нават седзячы на беразе ракі, чуеш гул машын, якія снуюцца туды-сюды, і здаецца, канца–краю гэтаму руху няма.
Цывілізацыя дабралася нарэшце, і да Палесся. Толькі невядома радавацца гэтаму ці паспачуваць, бо парушана цішыня.
Тут на беразе Убарці, у Чырвонабярэжжы, вельмі салодка і прыемна адпачываць. Павольна і ўрачыста цячэ рака, ведаючы свой кірунак, ціха шапацяць дрэвы, у тым ліку і многавяковыя дубы, нібы размаўляюць адзін з адным.
На такі з вельмі даўніх дубоў у час прагулкі я таксама натрапіла. Знаходзіцца ён на вуліцы Новай на падворку Левінай Марыі Дзмітрыеўны, якая і даглядае яго (абгарадзіла, прыбірае смецце). Таму дрэва выглядае надта свежа і ўпісваецца ў вясковы каларыт.
Я ўпершыню ўбачыла дрэва ясным летнім днём. Яно вялізнае з густымі і незвычайнымі лістамі. Дуб чарэшчаты захаваўся з пачатку IХХ стагоддзя. Агульная вышыня яго — 26,6 метраў, а плошча густой зялёнай кроны — 328 кв.метраў. Трэба толькі ўявіць, што дуб памятае часы Адама Міцкевіча, Францыска Багушэвіча, Алаізы Цёткі і іншых. І яшчэ адна дэталь: контуры карты Беларусі і дуба надта супадаюць, быццам адно і тое ж (гэта мне паказала Марыя Дзмітрыеўна). Дуб уяўляе батанічную, навуковую, эстэтычную і гісторыка-культурную каштоўнасць і мае эколага-асветнае значэнне. Аб гэтым сведчыць і таблічка, якая знаходзіцца на ім. Марыя Дзмітрыеўна расказала цікавыя гісторыі пра дуб:
— Аднойчы прыпыніўся каля дуба прыезжы мужчына, і заплакаў. Як высветлілася, што ў час вайны ён схаваўся ад немцаў на гэтым дубе і застаўся жывым. І праз многа гадоў вырашыў высветліць, ці жывы яшчэ дуб, які выратаваў яго ад смерці.
Другая гісторыя расказвае аб тым, як мясцовая жыхарка ноччу пачула дзіцячы плач, што ішоў з верхавіны дуба, і ішоў у зямлю. Многа гадоў таму назад на гэтым месцы смяротна пацярпеў яе сын. Верыць ці не гэтаму, але галоўнае — дуб асаблівы.
Марыя Дзмітрыеўна расказала, што прыехала ў Лельчыцкі раён у 1992 годзе, больш 30 гадоў таму назад, раней жыла ў Эстоніі, там цяпер жыве яе сястра. Родам яна з Чырвонабярэжжа.
Хаця дрэву 210 гадоў, але дуб вельмі моцны, сапраўдны волат. Дзякуй людзям вёскі, што змаглі захаваць і зберагчы гэтага ляснога патрыярха.
60 гадоў назад, 30 ліпеня 1964 года, Злодзін перайменаваны ў Чырвонабярэжжа. У гэтым годзе вёска адзначыць дзень нараджэння — 375-годдзе…
Думаецца, што жыццё тут панавала і раней. З нагоды юбілею, які неадступна набліжаецца, хочацца ўзгадаць, што вёска — адна з найпрыгажэйшых у Лельчыцкім раёне. Таму па суседству з мясцовымі жыхарамі тут жывуць і прыезджыя, нават з Мазыра. Вёска палюбілася і тым, хто нарадзіўся нават за яе межамі.
Вось такая незвычайная і пазнавальная вандроўка.
І не толькі былы Злодзін, а ўвесь Лельчыцкі раён багаты на прыгожыя пейзажы, тут унікальная прырода, за якой так прыемна назіраць.
У самай глыбінцы Палесся — цёплыя ўтульныя вёсачкі з цікавай гісторыяй і разнастайнай сучаснасцю, з добрымі, ветлівымі і чулымі людзьмі, якіх,канечне, стала ўжо значна меней.
Вандроўніцтва па населеных пунктах Палесся пашырае кругагляд і паляпшае эрудыцыю. Калі будзе час і магчымасць, то завітаю ў іншую вёску і вам, паважаныя чытачы, раскажу.
Святлана Мядзведзева.