У гэтым краі жыве прыгажосць. Як у Буйнавічах свята Ўраджаю спраўлялі

0
71

Так здаўна павялося, што на Палессі найбольшая колькасць святаў прыпадае менавіта на восень. На такі аргумент ёсць дакладны адказ: бо тут жывуць вельмі працавітыя людзі, якія абрабляюць зямлю, каб яна нараджала багатыя ўраджаі. Сяляне з ранняй вясны сеюць, усё лета даглядаюць пасевы, а затым у восень збіраюць вырашчанае.

У Буйнавічах вянцом сялянскай працы з’яўляецца дзень Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, які адзначаецца 21 верасня. Па старадаўняй традыцыі, у гэты ж дзень адбываецца і прыход у Буйнавічы. Вось і сёлета сюды прыйшлі і з’ехаліся госці са ўсёй акругі і суседніх вёсак, каб разам з мясцовымі жыхарамі адзначыць і свята Ўраджаю, і праваслаўнае вялікае свята.

З самага ранку ў мясцовай царкве адбылася святочная служба, а крыху пазней, у цэнтры аграгарадка, распачалоса яшчэ адно дзейства.

На мерапрыемстве прысутнічала старшыня Буйнавіцкага сельвыканкама Людміла Сарнаўская, якая адрасавала цёплыя словы віншаванняў прысутнічаючым на свяце.

Усім вядома, што сапраўдным упрыгожаннем любога населенага пункта — з’яўляюцца яго жыхары. Гэта яны — працавітыя, сціплыя, не прывыклыя да славы — сваім жыццём і штодзённай працай уносяць значны ўклад у развіццё сваёй малой радзімы. Сярод іх прадстаўнікі розных прафесій: сельскагаспадарчай, педагагічнай, медыцынскай, гандлёвай і іншых. У іх гонар гучыць музычнае прывітанне ў выкананні вакальнага ансамбля «Вечарніца».

Нездарма ў народзе кажуць: «ураджай сабраны — можна і песні паспяваць». Трэба адзначыць, што моцныя і прыгожыя галасы і вясёлыя песні сялян далёка было чуваць за межамі вёскі.

А тым часам да выступлення рыхтаваліся самыя маленькія артысты, якія прадэманстравалі сапраўдны парад у касцюмах ручной работы ў выглядзе разнастайнай гародніцы пад музычны сучасны хіт «Матухна Зямля».

Затым, пад заліхвацкую польку, на сцэну для ўдзелу ў конкурсе «частушачніц», выходзяць выканаўцы прыпевак, каб паміж сабой паспрачацца ў майстэрстве. Іх ацэньвала строгае журы і вылучыла пераможцаў.

На святкаванні, як і падабаецца, было весела, неяк па-дамашняму ўтульна і прыемна на душы ад таго, як нашыя людзі ўмеюць прыгожа адпачываць у адпаведнасці з мясцовымі традыцыямі. Гэта вельмі каштоўна.

Людзі з задавальннем удзельнічалі у гульнях «Гуляй, народ!», «Вясёлая полька», адгадвалі складаныя загадкі. Некаторым, нават, давялося папрацаваць, каб духмяны хлеб атрымаць.

Сваім вакальным майстэрствам радавалі гасцей свята Ўраджаю вакальны ансамбль «Снічаначка» філіяла «Сінпольскі сельскі клуб», народны тэатр песні «Вечарынка» з суседняга Ельскага раёна.

Конкурсы, падарункі, спевы, танцы, прысмакі на падворку, сустрэчы з землякамі, добры настрой і сонечнае надвор’е… Ці трэба яшчэ недзе далёка шукаць асяроддзе, каб быць шчаслівым?! Мабыць, не. Вось яно, толькі руку працягні сваёй малой радзіме.

А на развітанне ўсе частаваліся смачным караваем пад словы вядучых: «Калі ласка, каравай наш паспытайце, ды гэта свята добрым словам успамінайце».

Людміла ШТАРОВА.

Фота аўтара.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: