Ускрай вёскі Тонеж
Стаяла хаціна,
У ёй пражывала
Карась Кацярына.
Яе муж быў як волат,
А яна — што былінка.
Таму сваю Кацю
Зваў «мая Кацярынка».
Сваіх дзетак сям’я
Аляксея не мала,
Аб чым гаспадыня
Штодня гаравала…
І была Кацярына
Сяла першай
шаптухай
І на ўсю акругу
Была павітухай.
За гэта жанчыну
У сяле паважалі,
І на радасць, і на гора
Яе запрашалі.
Так сялом і жылі:
Удзень працавалі,
А вечарамі —
Ткалі і пралі.
Мірна і ціха
Жыццё працякала,
Ды нечакана краіну
Бяда напаткала:
Вайна пачалася.
Каця мала надзею,
Што Тонеж мінуе
Гэта гора-падзея.
Ды цуда такога
Не адбылося.
Тонежцам у лесе
Зімаваць давялося.
Там ад
фашыстаў хаваліся,
Выжыць хацелі.
На зямельцы і спалі,
На зямельцы і елі…
У 43-м вярнуліся
У свае хаты.
Як сяла вызваленню
Усе былі рады!..
Быў летні дзень.
У Каціну хату
Ярмоліч Антон
Увайшоў за парадай:
— На дарозе
ў Хізішчах
(урочышча)
Ляжаць
людзі забіты…
Ішлі з боку Букчы…
Пахаваеш мо іх ты?..
Кацярына ў адказ:
— Як не пахаваць?..
Не будуць жа людзі
На дарозе ляжаць…
Яна хутка сабралася
І з Антонам пайшлі,
А праз тры кіламетры
Тых ахвяраў знайшлі:
Дзве жанчыны ляжалі
Збоку ад дарогі.
Да бялізны
распрануты,
Босыя ногі…
Побач з жанчынамі
Ляжаў падлетак.
Далей — немаўлятка…
— Хто ж змог
страляць
у дзетак? —
Падумала Каця
і прашаптала:
— Каб гэтага нелюдзя
Смерць напаткала!
У немаўляткі ў роце
Нават соска была…
— Як шкада,
што жанчыны
Не дайшлі да сяла!
Антон узяў лапату,
Магілу капае,
А Кацярына
Лапкі хвоі ламае…
Тую ямку-магілу
Галінкамі ўслалі
І людзей невядомых
Так і пахавалі.
На другі дзень Каця
Жаць жыта пайшла.
Бачыць, скача коннік
З цэнтра сяла.
Каця ўвагнулася:
— Можа, не ўбачыць?..
Чаго ён да мяне?..
Што гэта значыць?..
А ваенны пад’ехаў
І ў жанчыны пытае:
— Вы
Карась Кацярына
Гаўрылаўна?
— Адкуль
ён мяне знае? —
Падумала Каця
І ёй страшна стала,
Бо таго чалавека
Жанчына не знала.
— Гэта вы ўчора
Людзей пахавалі?
— Я, — Каця ў адказ.
— Можа б,
мне паказалі…
— Не, я лепш раскажу.
І яна расказала,
Месца то пахавання
Яму ўказала…
У вечары той
Ваенны вярнуўся.
І да Кацярынкі
Так ён звярнуўся:
— Я іх знайшоў…
Гэта мая сям’я…
Шчаслівую старасць
Абяцаю вам я.
Да вас я прыеду,
Калі жывы буду,
Дзякуй за ўсё.
Я вас не забуду…
Даўно вайна мінавала,
А Кацярынка чакала
І часта сама сабе
Ціха шаптала:
— Той чалавек
Мабыць, загінуў…
Гаварыў жа тады:
— Я вас не пакіну…
Ішоў 1980 год.
Лета было.
Матацыкал «ІЖ»
Прыехаў у сяло
У двор да Каці
Жанчына зайшла.
Не наша. Чужая:
— Вось вас і знайшла!
(на парозе бабуля
сядзела якраз)
У Тонежы вашым
Я ў першы раз.
У час вайны вы сястру
Маю пахавалі.
Мне ў вас у сельсавеце
Аб гэтым сказалі.
Я прыехала сёння,
Каб «дзякуй» сказаць
І ў дар хусцінку
Вам завязаць.
Кацярына госці
Ўсё расказала.
А пры развітанні
У яе запытала:
— А што гэта
за людзі,
Якіх я пахавала?
— Адна
— Бондар Вольга,—
Та адказала…
— Вера Веранічэнка —
Жанчына другая…
А падлетка таго
Звалі мы Мікалаем…
У партызанскі атрад
Яны шлях трымалі:
А ў Тонежы іх
Сувязныя чакалі.
Атрад той ішоў міма,
Не прыпыняўся:
Да Тонежскай Рудні
На балоты спяшаўся…
І калі на прывал
Атрад там спыніўся,
Адзін з камандзіраў
У Тонеж вярнуўся:
Каб у атрад
Сваі сем’і забраць.
Ды не наканавана,
Знаць, было
таму стаць…
Сёння ў Хізішчах
Помнік стаіць.
Пад ім з Украіны
Дзве сям’і спіць.
Мірныя людзі
У зямлі нашай заснулі,
Каб гісторыі ўрокаў
Мы не забылі.
Каб нарытых вайной
Магіл больш не зналі.
Каб у дружбе жылі.
Каб мір шанавалі.
Валянціна САКАЛОЎСКАЯ, аг. Тонеж.