Чаму Лельчыцкі край так называецца? Дакладны адказ на гэтае пытанне ведаюць выхаванцы дзіцячага сада № 5 Лельчыц. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Паводле адной з легенд, раённы цэнтр атрымаў сваю назву ў гонар заступніка лясоў і балот Леля. І па гэты дзень яго «спадчына» ўражвае — каля 70 % тэрыторыі раёна займаюць лясы. Невыпадкова ў дзіцячым садзе рэалізоўваецца сумесны з Лельчыцкім лясгасам праект «Юныя сябры лесу». Падобная ініцыятыва з удзелам дашкольнікаў стала першай у Гомельскай вобласці і другой у рэспубліцы. Праграма дзейнасці запланавана на два гады (да 2024 г.).
— Мы стараемся прывіць выхаванцам пачуццё любові да Радзімы праз любоў да нашай прыроды. Хто, калі не мы, мясцовыя жыхары, абавязаны захаваць і прымножыць яе багацце. Як гаварыў вядомы пісьменнік Міхаіл Прышвін: «Любіць прыроду — значыць любіць Радзіму», — адзначае загадчыца дзіцячага сада № 5 Лельчыц Таццяна Сарнаўская.
У лістападзе мінулага года ў садзіку прайшло ўрачыстае мерапрыемства «Пасвячэнне ў юныя сябры лесу». Прагучаў гімн лясной гаспадаркі, 24 выхаванцы сярэдняй групы прамовілі клятву лесніка і апранулі спецыяльную форму, такую ж, як у сапраўдных ляснічых, што выклікала і ў дзяцей, і ў іх бацькоў асаблівую гордасць. З набыццём формы дапамаглі работнікі лясгаса, часткова яна была пашыта сіламі педагагічнага калектыву. Як жа прыемна было работнікам лясной гаспадаркі падчас урачыстасці глядзець на сваю копію ў паменшаным выглядзе!
Неўзабаве выхаванцы з экскурсіяй адправіліся ў Лельчыцкі лясгас, дзе кіраўнікі прадпрыемства азнаёмілі іх з гісторыяй лясной гаспадаркі і асноўнымі напрамкамі дзейнасці: захаваннем лесу і лесааднаўленнем, як вырошчваюцца сеянцы і ідзе пасадка лесу. Дзеці і педагогі таксама наведалі краязнаўчы музей, дзе з цікавасцю слухалі пра жывёльны і раслінны свет Лельчыцкага раёна.
Падчас заняткаў з педагогамі выхаванцы замацоўваюць уяўленні пра жывёл і расліны лесу, правілы паводзін на прыродзе, распазнаюць і называюць дзікіх жывёл і дрэвы, выконваюць заданні, чытаюць энцыклапедыі.
У дружбы з прыродай шмат розных шляхоў. І адзін з іх — гэта ўдзел дзяцей і дарослых у экалагічных праектах. Малышы праводзілі эксперыменты з лісцем, стваралі экалагічную карту ўчастка дзіцячага сада (у перспектыве яна стане інтэрактыўнай), вырошчвалі туі ў хатніх умовах. Падчас чарговай экскурсіі ў лясгас пасля займальнай размовы з ляснічым Васільевічам, які расказаў пра пасадку лясных культур, юныя сябры лесу атрымалі ў падарунак маленькія туі і ялінкі, узяўшыся іх даглядаць. Увесну разам з педагогамі яны высадзілі на тэрыторыі дзіцячага сада і ў дэндрапарку Лельчыцкага лясгаса памятную алею ў гонар Года міру і стварэння. А праз пэўны час у садзе з’явілася яшчэ і эксперыментальная алея туй розных парод.
Калі на базе Жмурнянскага лясніцтва ішоў агляд ацэнкі гатоўнасці дзяржаўнай лясной аховы Лельчыцкага лясгаса да пажаранебяспечнага перыяду, разам з работнікамі ў мерапрыемстве прымалі ўдзел і маленькія леснікі. Азнаёміліся з тэхнікай і сродкамі, што выкарыстоўваюцца лесаводамі пры тушэнні лясных пажараў.
Выхаванцы таксама праявілі сябе ў экалагічнай акцыі «Нашы дзеці — птушкам!». Змайстравалі разам з бацькамі кармушкі, размалявалі іх, арганізавалі «Птушыныя сталовыя», нарыхтавалі корм і падкормлівалі птушак на тэрыторыі дзіцячага сада. Прычым тут лес? Малышы ведаюць, што птушкі чысцяць яго ад шкодных насякомых.
Падчас рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу — 2023» юныя сябры лесу разам з супрацоўнікамі лясгаса, у тым ліку з ужо заслужанымі работнікамі, якія знаходзяцца на пенсіі, залажылі алею клёнаў каля адміністрацыйнага будынка ўстановы. Дзеці ўзялі лапаткі з вядзерцамі і актыўна дапамагалі дарослым.
— Нават самы малы ўдзел у высакароднай справе станоўча ўплывае на асобу дзіцяці, — гаворыць намеснік загадчыка дзіцячага сада Алена Вага. — Упэўнена, што нашы выхаванцы ў будучыні будуць шанаваць і прымнажаць багацці роднага краю. Мы плануем залажыць дэндрапарк на тэрыторыі дзіцячага сада. А ў перспектыве, спадзяемся, у рамках пераемнасці ў Лельчыцкай гімназіі, якая знаходзіцца побач з намі, будзе адкрыты профільны клас леснікоў.
Напярэдадні мінулага Новага года адміністрацыя лясгаса перадала ў сад галоўны сімвал свята — жывую ялінку і сертыфікат на куплю гульнявога абсталявання. Выхаванцы ў сваю чаргу парадавалі дарослых добрымі пажаданнямі і дэманстраваннем творчых здольнасцей.
Юныя сябры лесу прымалі ўдзел і ва ўрачыстым мерапрыемстве «Для нас шумяць яго дубровы», прысвечаным адкрыццю памятнай дошкі ў гонар заслужанага лесавода Рэспублікі Беларусь Івана Нілавіча Зубрэя. Сёлета лельчыцкі дзіцячы сад № 5 выступіў арганізатарам раённага фестывалю «Які цудоўны гэты свет!». Тэматыка свята была лясная: у госці да бога Леля і яго памочніцы Лясной Феі прыходзілі хлопчыкі і дзяўчынкі з канцэртнымі нумарамі.
— Сваім праектам мы паказваем дзецям, што экалагічны стан роднага краю залежыць толькі ад дзеянняў чалавека. Малышы, якія адчуваюць прыроду — сезонную прыгажосць дрэў, водар кветак, шолах траў, спевы птушак, ужо не змогуць знішчаць гэтую прыгажосць. Вучыць выхаванцаў любіць лясы і рэкі, дрэвы і кветкі нам дапамагаюць іх бацькі, — падкрэсліла А. Вага.