Настаўнікам лёс нарадзіцца

0
553

У кожнага з нас пры згадванні пра настаўніка перад вачыма ўсплываюць самыя цёплыя ўспаміны i выявы з дзяцінства аб тым таленавiтым чалавеку, які здолеў не толькі перадаць неабходныя веды, але і прывіць такія важныя чалавечыя якасці, як прыстойнасць, сумленнасць, дабрыня.

У кожнага быў свой любімы настаўнік, які стаў прыкладам для пераймання, правёў літаральна за руку да сваёй мары і выдаў пуцёўку ў жыццё. Наўрад цi можна забыцца аб такім чалавеку. У гэтую прафесію не прыходзяць выпадкова: сюды прыводзіць вялікае пакліканне i шчырая любоў да дзяцей. Так сталася і са Святланай Акуліч, якая працуе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Прыбалавіцкай сярэдняй школе вось ужо дваццаты год запар.

Нарадзілася Святлана Міхайлаўна ў вёсцы Прыбалавічы Лельчыцкага раёна. Яна расла ў дружнай вясковай шматдзетнай сям’і, дзе, апроч яе, выхоўвалася яшчэ шасцёра сясцёр і братоў. У школьныя гады яе любiмым заняткам было чытанне. Яшчэ маленькай дзяўчынкай яна вельмі часта бегала ў мясцовую бібліятэку і кожны раз вярталася дадому ўжо з цэлым стосам кніг. Ужо тады яе выбар упаў на творы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў.  Такую непадробную цікавасць да роднай мовы не магла не заўважыць яе настаўніца беларускай мовы і літаратуры, Любоў Пятроўна. Менавіта яна прадракала маленькай чытачцы педагагічную кар’еру, гледзячы на тое, з якiм захапленнем яе вучаніца знаёміцца з кожным беларускiм творам.

Але ж нельга сказаць, што Святлана праводзіла ўвесь свой вольны час за кнігамі. Яе дзяцінства лёгкім і бесклапотным не назавеш. Бацька Святланы, працуючы ў калгасе, прывіў сваім дзецям працавітасць, любоў да роднай зямлі, да хатніх жывёл, навучыў за імі даглядаць. Нажаль, пражыў ён усяго 46 гадоў. Маці рана заўдавела: у сям’і яшчэ было чатыры шкаляры. Нягледзячы на складаныя выпрабаванні, якія леглі на кволыя плечы жанчыны, яна выгадавала ўсіх семярых дзяцей сапраўднымі людзьмі, патрыётамі сваёй Радзімы. 

Дзіцячая прыхільнасць да кніг адыграла сваю ролю ў жыцці Святланы. Пасля заканчэння школы яна паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Але ж, адвучыўшыся там, яна зразумела, што такой моцнай любоўю да кніг, да роднай мовы неабходна дзяліцца. Яна вырашыла пайсці па шляху сваёй любімай настаўніцы і паступіла ў Мазырскі ўніверсітэт імя Крупскай.

Усім сэрцам прырасла Cвятлана Міхайлаўна да сваёй вёскі, да школы свайго дзяцінства. Таму, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, вярнулася сюды ў 2004 годзе ўжо ў якасці настаўніка. З першага дня працы ў школе да яе прыйшло дакладнае разуменне, што яна на сваім месцы, і яе выбар быў правільным і своечасовым. Ступаючы на парог роднай школы, Святлана кожнага разу адчувае сябе як дома. Таму што тут усё роднае, знаёмае. Тут усё яшчэ працуюць настаўнікі, якія ў свой час выкладалі ў яе школьныя гады.

Упэўненасць, мэтанакіраванасць і адданасць любімай працы вось ужо шмат гадоў даюць свой плён. Вучні Святланы Міхайлаўны — перадавікі алімпіяднага руху, удзельнікі шматлікіх конкурсаў, юныя даследчыкі. Нават увесь свой вольны час Святлана прысвячае дзецям. Асабліва зараз, калі 11 клас узмоцнена рыхтуецца да паступлення, яна выкарыстоўвае любую магчымасць, каб дапамагчы ім. Прыемна назіраць, як пасля школы, адпачыўшы i падсiлкаваўшыся, яны вечарамi iзноў спяшаюцца ў клас да яе на заняткі, каб яшчэ раз замацаваць атрыманыя веды і зразумець усе тонкасці пявучай роднай мовы. Ужо зацямна яны нават не хочуць разыходзіцца па хатах. І гэта не дзіўна: гледзячы на шчырую ўсмешку і пяшчотныя вочы Святланы Міхайлаўны, ні на імгненне не сумняваешся — у гэтай прафесіі яна знайшла сябе.

Настаўніца прывівае сваім вучням стараннасць, адданасць сваёй мэце і, безмоўна, любоў да мовы продкаў. Святлана Міхайлаўна ўпэўнена, што павінна не толькі даваць веды сваім вучням, не толькі выхоўваць іх, але ж і развіваць у кожным з іх творцу. Тым больш, як адзначае Святлана Акуліч, на сённяшні дзень існуе столькі сродкаў для рэалізацыі самых цікавых задумак. І нават яе праца, як настаўніка, стала больш лёгкай і пры гэтым напоўненнай, дзякуючы з’яўленню ў школе камп’ютэрных тэхналогій. Мульціборд захапляе вучняў, прынтэр эканоміць час. Работа стала больш эфектыўнай увогуле. У свой час патрэбна было ўсё пісаць ад рукі, самой шукаць ці майстраваць нейкія наглядныя матэрыялы. Канешне, Святлана справілася, але ж сучасныя тэхналогіі і інтэрнэт-рэсурсы разгрузілі паўсядзённасць настаўніка.

У народзе кажуць: «Век жыві — век вучыся». Настаўнікі таксама вучацца разам са сваімі вучнямі. Так, у гэтым годзе Святлана атрымала вышэйшую катэгорыю. Прызнаецца, што магла ўжо даўно перайсці на гэтую ступень, але ж хацелася ўвесь свой час прысвячаць вучням. Канешне, як у любой творчай прафесіі, працуючы настаўнікам, Святлане Міхайлаўне прыходзіцца мірыцца з недахопам часу. Вельмі яркая рыса характару Святланы — мэтанакіраванасць. Таму паступова, крок за крокам яна ідзе да кожнай сваёй новай мэты. Бо трэба ж столькі паспець, столькі ідэй рэалізаваць, хочацца ўсюды прыняць удзел. Акрамя сваёй асноўнай дзейнасці, Святлана Акуліч арганізуе экскурсіі са сваімі вучнямі да гістарычных месцаў: у Тураў, да цар-дуба, у музей пры Палацы Румянцавых-Паскевічаў.

Не змагла застацца Святлана Міхайлаўна ўбаку і ад прышкольнага гісторыка-этнаграфічнага музея, які беражліва захоўвае звесткi, фотаздымкi i рэдкія каштоўныя экспанаты роднага краю. На сённяшні дзень яна — яго кіраўнік. Разам з вучнямі Святлана праводзіць даследчыя працы па роднай мясцовасці, гісторыі вёскі, тапанімічным назвам краю. Ужо 4 такія працы  адзначаны дыпломамі на раённай канферэнцыі ў рамках конкурсу «Залатыя россыпы».

Вельмi блiзкая да сялянскай душы Святланы родная беларуская мова з яе вершамi, апавяданнямi, песнямi. Калі ў школе праходзяць тыдні роднай мовы і іншыя мерапрыемствы, Святлана Міхайлаўна абавязкова ўключае ў іх праграму беларускі фальклор, песні знакамітых беларускіх ансамбляў: «Бяседа», «Сябры», «Песняры». Настаўніца пераканана: маладое пакаленне павінна ведаць сваіх выканаўцаў. Калі моладзь будзе слухаць беларускамоўныя песні пра наш край, нашую мову, нашу Беларусь, то будзе іх і любіць, i шанаваць. І тады наша культурная скарбніца не разгубіцца.

Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Святлана Акуліч і сама спявае ў школьным хоры. Кожнае свята, кожная асаблівая дата ў календары суправаджаюцца музычным канцэртам школьнага калектыву ў мясцовым клубе. На Радаўніцу штогод у вёску з’язджаецца шмат людзей і клуб напаўняецца шчырымі слухачамі і неверагоднай падтрымкай аднавяскоўцаў.

Вельмі падабаецца Святлане Міхайлаўне займацца кветкаводствам. Захапленне каляровымі кветкамі перайшло ёй ад маці, якой на сённяшні дзень ужо 78 гадоў, але яна і зараз гатова падтрымаць і дапамагчы ва ўсім. Маці Светы, Марыя Пятроўна, была так ці іначай таксама звязана са школаю. Спачатку яна працавала ў бібліятэцы, а потым у школьнай сталоўцы. Адсюль яна і пайшла на пенсію. Так сталася, что Святлана паўтарыла і цяжкі лёс сваёй матулі — выхоўвала сваіх дзвюх дачок, Алену і Алесю, сама. Была ім і за маці, і за бацьку. Сёння яе дачкі ўжо дарослыя. Яны выраслі добрасумленнымі, працавітымі. Адна з іх скончыла БДУ і таксама працуе настаўніцай у мясцовай школе. Другая — жыве і працуе ў Гомелі медыкам. Абедзве ўжо падаравалі Святлане трох унучак — як працяг моцнай жаночай любові. Яны — галоўнае натхненне маладой бабулі на ўсе справы. Ёсць у гэтай дзіўнай жанчыны яшчэ адна аддушына — лес і яго багацце. Ахвотна ходзіць яна сюды ў грыбы, у ягады. Гэта прыносіць ёй і задавальненне, і невялічкі даход.

На жыццёвым шляху Святланы Акуліч было шмат цяжкіх выпрабаванняў і перашкод, але ж вера дапамагла ўсё перемагчы. У вольны час Святлана наведвае мясцовую Пакроўскую царкву, якая, дарэчы, з’яўляецца адзіным у раёне помнікам драўлянага дойлідства XVIII стагоддзя. Гэта асаблівае намоленае месца — храм спакою і цішыні. Сюды кожную нядзелю прыходзяць і калегі Святланы Міхайлаўны, і яе вучні.

На сённяшні дзень у Святланы Міхайлаўны ўжо ёсць усё: утульная хата, клапатлівыя дзеці, унукі, дарагая сэрцу праца. Яна марыць толькі аб адным: каб быў мір на зямлі, каб наша Беларусь квітнела і багацела.

Хочацца абавязкова ўзгадаць радкі Уладзіміра Караткевіча, якія сталі для Святланы Акуліч дэвізам па жыцці: «Любіце гэту святую зямлю, бо іншай нам не дадзена, ды не патрэбна».

Наталля ПЕРЖАНІЦА.
Фота аўтара.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry
1

Добавить комментарий

Войти с помощью: