У свой час, будучы ў горадзе Херсоне, мне мой дзед Самсон Карпавіч Кавалевіч, былы палітрук Глушкавіцкай партызанскай групы самаабароны Лельчыцкага атрада імя Кутузава, паведаміў пра гэтыя матэрыялы. Будучы палітруком ён асабіста падпарадкоўваўся камісару Лельчыцкага атрада (брыгады) сакратару падпольнага райкама партыі Раману Лук’янавічу Ліну.
Атрымліваючы газеты, часопісы і іншую літаратуру на партызанскім аэрадроме каля вёскі Дубніцкае, ён праводзіў палітмасавую работу не толькі сярод жыхароў лясных куранёў Глушкавічаў, але і іншых вёсак раёна. Акрамя матэрыялаў з Вялікай зямлі, Самсон Кавалевіч у штабе Лельчыцкага атрада імя Кутузава атрымліваў лістоўкі і газеты падпольных выданняў нашай Палескай вобласці.
Пра адну з лістовак ён у Херсоне тады паведаміў мне. Пройдзе час, і я, працуючы ў бібліятэках і архівах, знайшоў гэтую лістоўку. Зараз гэтая рэліквія яскрава паказвае зверства фашыстаў.
3 верасня 1943 года ў лістоўцы «Зверствы нямецкіх палачоў» Мазырскага падпольнага райкама КП(б)Б паведамлялася:
«Вёска Глушкавічы ў свой час — адна з культурнейшых вёсак Лельчыцкага раёна. Няпоўная сярэдняя школа, клуб, бальніца, пошта, сельмаг, чатыры харчовыя крамы, лясніцтва — усё было пастаўлена на службу народа. Прыйшоў немец-фашыст. У што ператварыў ён яе? Усё знішчыў, царкву і тую спаліў. А колькі такіх вёсак знішчана немцамі ў Лельчыцкім, Ельскім, Мазырскім раёнах? Адказ адзін — усе.
З уласцівым хладнакроўем прафесійных забойцаў фашысты звыш 400 жыхароў гэтай вёскі забілі сякерамі і нажамі. Многія з іх падвергліся нечувалым зверствам у гісторыі чалавечага грамадства. «Цывілізаваныя» фашысты не толькі ўбівалі людзей, а даследавалі ўсе віды катаванняў. Кроў стыне ў жылах ад жудасных злачынстваў забойцаў.
У вёсцы Глушкавічы Васілю Бурым спачатку адрэзалі вушы, потым нос, язык, рукі, абпалілі бараду, а калі Васіль згубіў прытомнасць, яго павесілі. Старому Астаповічу Фёдару з вёскі Мілашавічы выкруцілі рукі, павыкалвалі вочы, спалілі бараду і ў прадсмяротных пакутах наткнулі на кол. Такім жа катаванням падвергліся Акуліч Макар і Радзілавец Майсей. Акуліча Пятра з вёскі Прыбалавічы прывязалі да слупа і павольна палілі на агні. Сямідзесяцігадовай Анастасіі Ру-дзяковай адрэзалі вушы і грудзі, зламалі ногі, разбілі галаву.
Толькі гітлераўскае звяр’ё можа так зрабіць: згвалтаваць дваццацігадовых дзяўчын — Праскоўю і Тэклю Бурым, паўмёртвых наткнуць на калы. Дзевятнаццацігадовую Сафію Грушак з вёскі Лохніца немцы згвалтавалі, а потым адрэзалі грудзі, выкалалі вочы. Гэта яны, фашысцка-нямецкія бандыты, у прысутнасці хворай маці Марыі Лось у вёсцы Ліпляны згвалтавалі дачку Надзю і заадно расстралялі іх.
Фашысцкія дзікуны, названыя прыхільнікамі бога, наздзекваліся над нашай праваслаўнай царквой. У в. Старае Сяло царкву спалілі ра-зам са свяшчэннікам. яны адсеклі тапаром галаву чатырохгадовай Зіне Сіцюк з вёскі Ручное. Праскоўю Федаровіч з унучкай падверглі катаванням і кінулі ў агонь. З 200 дзяцей, бацькоў, якіх пагналі ў праклятую Нямеччыну, у г. Мазыры бралі кроў для раненых фашыстаў.
Усіх злачынстваў фашысцкіх палачоў не пералічыць. Толькі за гэтыя ці можна ім дараваць? Ніколі! Ім няма, не можа быць і не будзе ніякай літасці!
Партызаны! Да помсты кліча кроў замучаных бацькоў, матуль, братоў, сясцёр. Біце немцаў-акупантаў, адсякайце іх крывавыя лапы!
Вечнае пракляцце гітлераўскім палачам!».
У гэтым матэрыяле лістоўка паказана са скарачэннямі. Адзначым, што камісар Мазырскай партызанскай брыгады імя А. Неўскага сакратар Мазырскага падпольнага райкама кампартыі Міхаіл Кузьміч Ільінкоўскі з арганізатарскай групай Мазырскага атрада ўдзельнічаў у баях за Глушкавічы ў снежні 1942 года, а камандзір 1 атрада Мазырскай брыгады Андрэй Данілавіч Колас перад вайной працаваў у Глушкавіцкай школе настаўнікам. Невыпадкова, што яны цікавіліся ў той час Глушкавічамі і мелі сувязь з глушкаўчанамі.
Пра глушкавіцкую трагедыю ведала ўся партызанская Палеская вобласць. У нядзельным артыкуле «Крывавая трагедыя» газеты Палескага абкама і Мазырскага гаркама КП(б)Б «Бальшэвік Палесся» за 3 кастрычніка 1943 года (№67(2073)) паведамлялася:
«У страшэнную пустыню ператварылі нямецкія душагубы Лельчыцкі раён. Усюды, дзе толькі ступіла нага гітлераўскага бандыта, засталіся адны папялішчы і груды чалавечых касцей, сведкі адбыўшайся крывавай трагедыі.
Немцы спалілі ўвесь раён, не пакінуўшы ніводнага жывога месца. Насельніцтва раёна альбо знішчана, альбо пагнана на катаргу ў Германію. Тыя, якім удалося ўцячы ад арыйскіх крыважэраў, засталіся без прытулку, без усякіх сродкаў да існавання.
Неапісанаму катаванню падвергся Швед Рыгор. Яму адрэзалі вушы, выламалі пальцы, здзерлі скуру, а потым спалілі ў агні.
Асабліва па-зверску аднесліся канібалы да старых і дзяцей. 78-гадовай Хрысціне Варановіч з мястэчка Лельчыцы яны распаролі жывот, здзіралі на галаве скуру…
Працоўныя Лельчыцкага раёна ніколі не забудуць гэтай крывавай трагедыі. Кроў за кроў і смерць за смерць — вось чым яны адказваюць агалцелай гітлераўскай бандзе. Набліжаецца дзень канчатковай расплаты, і тады ніводнаму бандыту не мінаваць справядлівага пакарання».
Тут жа, над гэтым артыкулам, рэдакцыя падпольнай газеты пад рубрыкай «Азёры горкіх слёз, пакуты Беларусі завуць да помсты нас» памясціла верш Янкі Купалы:
Выразаў ён старцам вочы,
Рэзаў матак і дзяцей,
Дзікай зданню, патарочай
Засланяў дні чорнай ночай, —
Хай жа гіне ліхадзей!
Партызаны, партызаны,
Беларускія сыны!
За няволю, за кайданы
Рэжце гітлерцаў паганых,
Каб не ўскрэслі век яны.
У Глушкавічах у час вайны карнікі спалілі 375 жылых будынкаў з гаспадарчымі пабудовамі, а таксама 34 дзяржаўных, кааператыўных і калгасных пабудоў.
Вёска поўнасцю ў снежні 1942 года была зруйнавана. Застаўся адзін будынак з гаспадарчымі пабудовамі ў баку на ўскрайку вёскі і капліца на могілках па вуліцы Пагранічнай.
А колькі мірных жыхароў было знішчана гітлераўцамі? Іх было шмат.
праглядаючы акты аб зверствах фашыстаў, можна заўважыць, што ў склад прадстаўнікоў камісій амаль не ўваходзілі карэнныя глушкаўчане. Можна зразумець чаму многія загінуўшыя жыхары так і не былі запісаны ў актавыя спісы. Так, у акце за 1943 год камісія Лельчыцкага раёна налічыла ўсяго 358 загінуўшых жыхароў, і тых поўнасцю не ўключыла ў свой спіс. Крыху пазней, у 1944 годзе, некалькі жанчын-глушкаўчанак у другім акце ўказвалі на лічбу 400 жыхароў, але і там яны не былі ўсе запісаны. Свежыя ж партызанскія матэрыялы за 1943 год указвалі на лічбу звыш 400 мірных жыхароў.
Апрацоўваючы на працягу звыш 20 гадоў архіўныя спісы Расійскага дзяржаўнага, Мазырскага занальнага архіваў, некаторых кніг, а таксама спісы мясцовага сельсавета і мясцовай школы, настаўнікі і вучні якой на працягу 60-80 гадоў прошлага стагоддзя збіралі гэтыя дадзеныя, я налічыў 514 загінуўшых мірных жыхароў, з іх 42 яўрэя. Кожны трэці чалавек з глушкаўчан былі дзеці, нават больш. Адзначу, што ў свой час на працягу двух гадоў у апрацоўцы дадзеных дапамагалі мне і вучні мясцовай школы. Акрамя загінуўшых ад рук фашыстаў, шмат глушкаўчан, у тым ліку і дзяцей, памерла ад хвароб і эпідэмій у лясах сярод балот, хаваючыся ад карнікаў у 1943 годзе. Але гэтая праца патрабуе новых даследаванняў, апытанняў.
Па партызанскім дадзеным у Глушкавічах загінула ў гады вайны звыш 400 мірных жыхароў, а пасля апрацоўкі матэрыялаў — нават звыш 500. Чаму так? Прывяду прыклад: у кастрычніку 1943 года, калі партызанскае злучэнне С. А. Каўпака знаходзілася пасля Карпацкага рэйда побач з Глушкавічамі, каўпакаўцы з мясцовымі жыхарамі склалі акт па вёсцы Капішча, дзе налічылі 1 400 загінуўшых мірных жыхароў. Але ўжо ў пасляваенны час краяведы-даследчыкі ўстанавілі, што ў Капішчах было знішчана 2 887 мірных жыхароў, з іх 1 147 дзяцей.
Дарэчы, восенню 1943 года каўпакаўцы склалі акт і па Глушкавічах, але зараз у архівах Украіны яго немагчыма прагля-дзець. Магчыма яшчэ некалькі б глушкаўчан дабавілася ў агульны спіс загінуўшых мірных жыхароў. Сам жа спіс з 514 мірнымі загінуўшымі жыхарамі перададзены ў Глушкавіцкую школьную музейную комнату, а таксама такі ж спіс будзе перададзены і ў Лельчыцкі раённы краязнаўчы музей.
Уладзімір ЗУБРЭЙ.
(Працяг будзе).