Дарагія парафіяне! Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Аллелюя!
Мінуў Вялікі пост, мы перажылі боль Крыжовага шляху і ў чарговы раз зразумелі, наколькі Бог палюбіў нас, і ўжо не можам не абвяшчаць і не жыць перамогаю, у якой сам Збаўца дазволіў нам удзельнічаць.
Сёння кожны з нас павінен затрымацца і задумацца над пустой магілай Пана Езуса ў Ерузалеме… Калісьці ў ёй былі парэшткі Чалавека, але толькі на працягу трох дзён. На досвітку Велікоднай нядзелі гэта магіла сталася сведкаю вялікага цуду ў дзеях чалавецтва — Уваскрасення Хрыстовага.
Паміж жыццём і смерцю з самага пачатку ідзе змаганне. У свеце ідзе барацьба паміж дабром і злом. Сёння пераважылася шаля: Жыццё ўзяло верх! Дабро ўзяло верх! Укрыжаваны Хрыстус устаў з гробу. Пераважыў шалю ў бок жыцця. Хрыстус адкрыў вялікую надзею: надзею жыцця па-за мяжою смерці. Дык паўторым з моцным перакананнем: «Пане, веру! Веру і толькі паводле гэтай веры хачу будаваць сваё жыццё!».
Сёння нам патрэбна вера, каб з надзеяй глядзець у будучыню і каб з любоўю будаваць нашу сучаснасць. Менавіта з любоўю, бо толькі яна здольная навучаць чалавека размаўляць і прабачаць, быць спагадным і разумець патрэбы бліжніх, радавацца і спачуваць, як гэта рабіў Хрыстос. Ён перамог гэты свет, перамог праз свой Крыж і Уваскрасенне.
Паспрабуем ісці шляхам Хрыста — цярністым і вузкім, але пэўным і пераможным! Шляхам, напрыканцы якога ззяе хвала Уваскрослага Збаўцы. І няхай яна асвячае кожнае сэрца, кожны дом!
Жадаю вам, каб Велікодныя святы напоўнілі вашы сем’і спакоем, радасцю жыцця і шчодрымі ласкамі Уваскрослага Пана. Няхай Змёртвыхпаўсталы Езус, які перамог грэх і смерць, суправаджае вас і благаслаўляе на кожны дзень жыцця.
Пробашч Рымска-Каталіцкай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Маці Божай Фацімскай ксёндз Вінцэнты Віталіс МЫШОНА.