1. БАРАВІКІ

У мінулым годзе ў «СЖ» у рамках праекта «Векапомнае» мы распачалі новую рубрыку «Жыццё ў акупацыі» і прымеркавалі яе з’яўленне да дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

У першым раздзеле ішла размова аб тым, як жылі ў час нямецкай акупацыі палешукі Лельчыцкага раёна, а таксама пра незвычайны лёс выдатнай прыбалавіцкай настаўніцы, камсамолкі Настассі Канановіч, якая атрымала ў Вялікую Айчынную вайну сур’ёзнае раненне, але ж засталася жывая.


Наступны раздзел нашай рубрыкі пад нумарам два называецца «Баравікі». У ім мы працягнем расповед пра жыццё ў акупацыі палешукоў і раскажам пра лёс стрыечнай бабулі Настассі Калеснай — Настассі з Баравога, яе сям’і.

Увесь матэрыял будуецца на ўспамінах родзічаў Настассі. Дзеля гэтага мы сустракаліся з імі і вялі гутарку.
Настасся Калесная — родам з Мілашавічаў. Яе бабуля — эканомка кіеўскага пана Булгака-Флёрава, які меў сядзібу ў Мілашавічах. Нагадаем, што ад эканомкі пана Аўдоцці нарадзілася дзве дачкі ― Юлія і Любоў. Апошняя была матуляю Настассі Калеснай. Усю сваю далейшую дзейнасць, жыццё і працу Настасся звязала з вёскай Баравое. Там жа яна і стварыла сям’ю. Аб гэтым ніжэй.


У вёсцы кажуць, што Настассю называлі Настахай і ўсе да гэтага прывыклі. Муж Настассі — Іван Іосіфавіч Ашомка (1884-1986 гг.) — родам з Баравога. Калі быць дакладным, то яго агульная з Настассяй сям’я жыла каля Руднішча ў лесе, дзе пабудавалі разам хату, трымалі гаспадарку, а таксама зямельны надзел, які апрацоўвалі. Як і большасць палешукоў, сям’я Ашомкаў была працавітай і ад гэтага багацела. Кажуць, што гаспадарка ў іх была вялізная.


Былы кіраўнік аўтапарка №20 нашага райцэнтра Аляксандр Ашомка з’яўляецца сынам Івана Іосіфавіча, але ад другой жонкі ― Хрысціны. Аляксандр зараз пражывае ў райцэнтры і ён згадзіўся нам пасадзейнічаць і прадаставіць інфармацыю, якую ведае.


— Што датычыцца першай жонкі майго бацькі, Настассі, ― то з ёй пражыў ён шчаслівае, хаця і кароткае жыццё, — расказвае Аляксандр Ашомка. — Узяў замуж у 18-гадовым узросце, а сам быў на год малодшы.
Русакосая, бялюсенькая і, канешне, прыгожая, як і ўсе дзяўчаты на Палессі ў гэтай мясцовасці. Як і ўсе прыгажуні адрознівалася характарам. Але ж была гаспадыняй добрай і чулай матуляй. З Настассяй Іван нараджаў і выхоўваў дзетак. Сям’я атрымалася моцная, імкнуліся берагчы адзін аднога і ў бядзе не пакідалі. Разам трымаліся ад няшчасцяў і ліхалеццяў, якога ў першай палове мінулага стагоддзя хапіла.


Асабліва будуць не раз хлястаць сямейнае гняздо ваенныя падзеі. І ўсё яны вытрымаюць, перанясуць. У Аляксандра Ашомкі састаўлены сямейны радавод, які ён аформіў пісьмова, у тым ліку і ў камп’ютэрным варыянце. Гэта генеалагічнае дрэва, на яго аснове і будуецца далейшы наш матэрыял. Таксама ў дадзеным артыкуле выкарыстоўваюцца ўспаміны, якія Аляксандр Іванавіч занатаваў, калі размаўляў з бацькам.
Першай у Настассі з Іванам Іосіфавічам нарадзілася Аляксандра (1921-1943 гг.). Яна працавала ў Даманавіцкім раёне (зараз Калінкавіцкі) дырэктарам школы ў вёсцы Дубнякі. Была камуністкай і ў час Вялікай Айчыннай вайны ўвайшла ў склад падпольнай групы, дзе выконвала заданне. Але ёй здрадзілі. Папала пад абстрэл. Дзякуй Богу, удалося ўцячы.


Неўзабаве апынулася ў Лельчыцкім раёне, дзе працягвала працаваць на падполле. І тут, у Лельчыцкім раёне, таксама напаткала здрада, бо фашысцкая нечысць панавала паўсюль. Дзяўчына апынулася ў спісе на растрэл. Над Аляксандрай навісла смяротная пагроза. Але ж адзін з членаў групы не пабаяўся заступіцца і ўступіў у перамовы з фашыстамі. Ён добра валодаў нямецкай мовай і змог пераканаць, што Аляксандра не мае сувязі з партызанамі. Яе адпусцілі.


Аб гэтай гісторыі добра ведаюць пляменніцы Аляксандры — Наталля і Алёна, якія зараз жывуць у Баравым. Ім аб гэтым выпадку, у сваю чаргу, распавялі больш старэйшыя:
— Са слоў бацькоў, Аляксандру ў Баравым немцы паставілі да хлява і збіраліся расстраляць. У нашай мясцовасці быў ляснічы Бычкоўскі, які добра размаўляў на нямецкай мове. Ён змог пераканаць фашыстаў, што Аляксандра ні ў чым не вінаватая. І немцы паслухалі. Зняў з прыцэла цётку літаральна ў апошні момант.


Так у каторы раз выратавалася ад кулі Аляксандра. Але ж ад хваробы выратавацца ёй не ўдалося. Некаторы час знаходзілася побач з блізкімі і роднымі. Але ж вельмі перажывала, цяжкі стрэс — апынуцца два разы паміж жыццём і смерццю. Вельмі балюча ёй усё гэта было. Арганізм пачаў даваць збой. Хвароба на гэты раз аказалася мацней. Аляксандра цяжка захварэла і праз два тыдні памерла. Гэтая вайна, хаця і змагаліся нашы землякі на ёй
адважна, была бязлітасная.


Не адну смерць прынесла вайна сям’і Ашомкаў. Колькі слёз было выплакана і гора прынесена бацькам. Так адбылося з сынам Канстанцінам, які нарадзіўся ў 1923 годзе ў Баравым. Быў добры памочнік у сям’і, шмат чаго ўмеў рабіць. Добра атрымлівалася ў Канстанціна сталярнічаць, плотнічаць, сеяць. Але ж патрэбна было трымаць зброю, бо пазвала вайна. Канстанцін быў сапраўдны мужчына і не пабаяўся ворага. Біяграфічныя звесткі аб ім значацца ў кнізе «Памяць» Лельчыцкага раёна.


У 1942 годзе ён пайшоў у партызанскі атрад Сідара Арцёмавіча Каўпака. Але, на жаль, баявы шлях воіна быў нядоўгі. 1 красавіка таго ж года ён загінуў у раёне вёскі. Знаходзіўся на момант гібелі ў складзе Сумскага злучэння атрада Каўпака. Пахаваны ў брацкай магіле той жа вёскі. Памяць пра Канстанціна добра захоўваюць на малой радзіме ў Баравым.


Яго прозвішча і імя назаўсёды высечана белымі літарамі на гранітнай пліце ў Баравым каля помніка побач з сельскім клубам. Белымі літарамі ― таму, што гэты колер сімвалізуе мір, за які змагаліся нашы савецкія воіны, у тым ліку і Канстанцін. Кожнае свята ― 9 Мая ― тут заўсёды ўскладаюць жывыя кветкі. Бо памяць аддаўшых жыццё за наш мір і спакой жывая. Нават у будні тут ляжаць кветкі.


Што ж датычыцца бацькі Івана Іосіфавіча, то ён доўгі час быў на заробках у Чэлябінску. Трэба ж было шукаць грошай, каб пракарміць шматдзетную сям’ю. Адправіўся на заробкі разам з земляком Васілём. Працавалі ў каменным кар’еры. Там, на чужбіне, яго і сустрэла навіна пра вайну. Іван Іосіфавіч накіроўваецца дадому. Але па дарозе яго абкрадаюць і ён застаецца без грошай.


Непрыемнасць за непрыемнасцю наперабой здараюцца ў сям’і Ашомкаў. Цяжка даецца перажыць напатканае. Сын Аляксандр Ашомка з Лельчыц расказвае:
— Бацька ўспамінаў, як летам немцы праводзілі карныя аперацыі па знішчэнню насельніцтва, палілі вёскі. Нехта паведаміў, што будзе зачыстка леса. І тады ўся наша сям’я адправілася ў балота пад Руднішча. У гэтым раёне ў лесе пабудавалі хату яшчэ да вайны. Наша сям’я бачыла скрозь расліны, як гаспадарылі немцы ў той хаце. Але там не было чаго рабаваць. Але ж павялі з сабою каня і карову, якія пасвіліся побач на лузе.


Сама матуля і гаспадыня ― Настасся не змагла перажыць такі стан спраў. Згубіла дачку, затым прыйшла пахаванка на сына, муж дамоў вярнуўся, хаця і жывы, але ж ні з чым. У выніку яна моцна захварэла на сухоты і памерла ў 1944 годзе. Тады вельмі разлілася рака Убарць. Па ўспамінах бацькі Аляксандра Ашомкі, цела памерлай перапраўлялі на другі бок ракі на лодцы. Пахавалі Настассю ў Баравым.


Канстанцін КАВАЛЁЎ.
Фота аўтара і з сямейнага архiва.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: