Са скарбніц роднай мовы

0
505

Што для вас значыць Дзень беларускага пісьменства? З гэтым пытаннем карэспандэнты газеты «СЖ» звярнуліся да жыхароў Лельчыц.

Іна Паграноўская:

— Пісьменнасць — адна са скарбніц, якой авалодала чалавецтва. Дзень пісьменства — гэта свята кожнага, хто шануе родную мову і культуру. Для мяне яшчэ гэта свята асветы, роднага слова, кнігі, літаратуры і роднай культуры. Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, яно адлюстроўвае гістарычны шлях пісьменства і друку краіны. Беларусам ёсць чым ганарыцца. У кнігах, друкаваных крыніцах шматвяковай памяці, адлюстроўваюцца гісторыя народа і яго слаўныя традыцыі. Памяць першых славянскіх асветнікаў братоў Кірыла і Мяфодзія ў славянскім свеце шануюць са старажытных часоў. Гэта і асветнікі беларускага народа сусветна прызнаныя асобы — Францыск Скарына, фрэска з выявай якога ўпрыгожвае сцяну Падуанскага ўніверсітэта разам з партрэтамі вялікіх людзей эпохі Адраджэння. Сімяон Полацкі, чыю творчасць навукоўцы лічаць не толькі адным з вытокаў беларускай літаратуры, але і пачаткам рускага вершаскладання і тэатра. Фігура гэтага манаха і вучонага значная для гісторыі. Творчыя намаганні прадстаўнікоў беларускай літаратуры аб’ядноўвае Саюз беларускіх пісьменнікаў, які з’яўляецца грамадскай арганізацыяй. Беларуская культура стала багацей і шматгранней менавіта дзякуючы ёй — кнізе.

Ніна Канопліч:

—  Традыцыя правядзення Дня беларускага пісьменства важная і патрэбная. Гэта нацыянальнае свята, якое заклікае ўспомніць пра тое, як з’явілася пісьменнасць на беларускіх землях, як развівалася і ў якім выглядзе ў выніку да нас прыйшла.

У рамках свята беларусы і госці з-за мяжы маюць магчымасць пазнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдавецтвамі, паслухаць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. У Дзень пісьменства штогод праходзіць узнагароджанне пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы года, навукова-практычныя канферэнцыі і шэраг іншых мерапрыемстваў. Праграма свята заўсёды цікавая і маштабная, ведаю гэта па водгуках калег, якія кожны год з выставамі і сваімі забаўляльнымі праграмамі прадстаўляюць наш раён.

Кацярына Варановіч:

— Для мяне Дзень беларускага пісьменства, у першую чаргу — гэта папулярызацыя лепшых традыцый нацыянальнай культуры, друкаванага слова, духоўнасці беларускага народа. Гэты дзень з’яўляецца нацыянальным святам, яго мы павінны памятаць, пранікацца душой і ўспамінаць таленавітых людзей, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё беларускага пісьменства і слова.

Мы ніколі не забудзем такія слаўныя імёны, як Францыск Скарына, Ефрасіння Полацкая, Васіль Цяпінскі і многія іншыя. Наш абавязак не толькі памятаць, але і перадаваць гэтую памяць падрастаючаму пакаленню, праслаўляць гэтыя значныя імёны, каб дзеці ведалі гісторыю станаўлення беларускага слова, ведалі свае карані, культуру.

Гэты год невыпадкова названы Годам гістарычнай памяці, і мы павінны ганарыцца сваёй гісторыяй, самабытнасцю і таленавітымі людзьмі нашай краіны.

Не магу не сказаць, што ў гэтым годзе Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў Добрушы — на радзіме класіка беларускай літаратуры Івана Шамякіна. Менавіта ён з’яўляецца маім любімым пісьменнікам. Усе яго творы напісаны з душой і велізарнай любоўю, і гэта адчуваецца ў кожным яго слове. Дзякуй вялікі за такі важны, значны дзень для кожнага беларуса.

Ганна ЮШКЕВІЧ, Юлія ХУК, Марыя БУЦЬКО.
Фота аўтараў.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: