Успаміны каўпакаўца пра знакаміты бой, што завязаўся ў райцэнтры каля былога ДАКа, дзе зараз помнік Леніну.
У гэтым годзе спаўняецца 80 гадоў з моманту, калі на тэрыторыю раёна ўступіла партызанскае злучэнне пад камандаваннем С. А. Каўпака. У выніку каўпакаўцы акружылі і знішчылі Лельчыцкі нямецкі гарнізон (1942 год). Сідар Арцемьевіч Каўпак — легендарны камандзір, ён стварыў атрад, што аказваў моцнае супраціўленне немцам на Палессі. Дзякуючы атраду Каўпака наш Лельчыцкі раён пераўтварыўся ў край партызанскага руху. Многія нашы землякі пераходзілі ў атрад і здабывалі там свае першыя вайсковыя перамогі. У Лельчыцах адна з вуліц носіць імя Сідара Арцемьевіча. Даўно ўжо няма ў жывых самога легендарнага камандзіра. Але памяць аб ім і яго атрадзе будзе жыць вечна. Аб тым, як знішчалі нямецкі гарнізон, у Лельчыцкім раённым краязнаўчым музеі ў пісьмовых крыніцах захаваліся цікавыя ўспаміны каўпакаўцаў. Прапануем чытачам расповед аднаго з іх — Андрэя Штукара.
Гістарычная даведка: Андрэй Штукар нарадзіўся ў 1921 годзе. Быў мінёрам у атрадзе С. А. Каўпака. Памёр ў 1984 годзе. Пахаваны на могілках у Буйнавічах.
— У пачатку другога года вайны злучэнне ўкраінскіх партызан Сумскай вобласці пад камандаваннем С. А. Каўпака і С. В. Руднева, робячы рэйд з бранскіх лясоў на правабярэжную Украіну, уступіла з баямі на тэрыторыю Гомельскай вобласці ў раёне Лоева, — успамінае Андрэй Штукар. — Гэта было напярэдадні святкавання 25-й гадавіны Вялікага Кастрычніка. У невялікім пасёлку Лоеве каўпакаўцы знаходзіліся два дні: правялі мітынгі і парад у гонар свята.
Затым разграмілі падышоўшых немцаў, а ў сяле Новыя Барсукі — буйны паліцэйскі гарнізон. 14 і 15 лістапада, у выніку смелых аперацый, была выведзена са строю чыгуначная станцыя ў Дземяхах (зараз Рэчыцкі раён), узарваны завод. 18 лістапада партызаны фарсіравалі Прыпяць, а праз два дні спыніліся на кароткі адпачынак у Буда-Сафіеўцы, Заходах, Сін. Полі.
Далейшы шлях ляжаў праз вёску Буйнавічы. Разведка паведаміла, што ў вёсцы дыслацыруецца буйная жандармерыя. Камандаванне, як заўжды, прыняло адзінае правільнае рашэнне — разграміць яе. Збожжа, што назапасілі немцы, партызаны раздалі насельніцтву навакольных вёсак. Праз два дні злучэнне перабазіравалася ў вёску Стадолічы нашага раёна і Карму Ельскага раёна.
Тут і рыхтаваўся план аперацыі па разгрому гебітскамісарыята ў гарпасёлку Лельчыцы. Ад знішчэння лельчыцкага гарнізона вырашаўся лёс партызанскага краю, якому наканавана было потым адыграць асноўную ролю ў развіцці партызанскага руху ў Жытомірскай, Ровенскай, Каменец-Падольскай абласцях Украіны, а таксама Малдавіі.
Нямецкія ўлады да гэтага часу паспелі ўжо раздзяліць адміністрацыйна частку Палесся. Ракітнянскі, Славячанскі (Украіна), Лельчыцкі і Столінскі раёны ўвайшлі ў склад адной акругі «Гебітс». Вярхушка ўлады — гебітскамісар выбраў сабе рэзідэнцыяй пасёлак Лельчыцы і знаходзіўся пад аховай буйной камендатуры жандармерыі і батальёна паліцыі. Такую групоўку было няпроста ліквідаваць.
У ноч з 26 на 27 лістапада партызаны падышлі да Лельчыц. З групай разведчыкаў В. Лазуном, М. Браташ, Л. Букіным, М. Беражным і камандзірам разведкі трэцяга батальёна Шалыгінскага атрада У. Л. Вераб’ёвым і іншымі мы к двум гадзінам ночы выйшлі на паўночную ўскрайку гарпасёлка і разам з першай ротай І. У. Манжоса прыблізіліся да цэнтра Лельчыц.
Немцы ўмацаваліся ў парку, дзе зараз будынак РК КПБ, а п’едэстал помніка У. І. Леніну ператварылі ў імправізаваны дот. Па ўмоўленаму сігналу пачаўся бой. Камандзір аддзялення Пётр Мароз у чырвонаармейскай плашчпалатцы стаяў горда ва ўвесь рост і кароткімі чэргамі касіў выскакваючых з вокнаў фашыстаў. Побач з ім вялі агонь смелыя дзяўчаты Любоў Таран і Анастасія Старчанка.
27 лістапада да двух гадзін дня 12-гадзінны бой быў скончаны. Не прайшло і некалькі хвілін, як у небе закружылі варожыя знішчальнікі. А з боку Стадоліч падышла варожая падмога: дзве бронемашыны і каля 300 пехацінцаў на аўтамашыне. Сідар Арцёмавіч прыняў рашэнне разграміць гэтыя сілы. Машыны былі спалены, мост узарваны.
— Каля 500 фашыстаў засталіся ляжаць на зямлі, пакінуўшы нам зброю і абмундзіраванне, — успамінае Андрэй Штукар. — Забягаючы наперад, скажу, што Сідар Каўпак на беразе возера Чырвонае Жыткавіцкага раёна ў гутарцы з карэспандэнтам «Праўды» Л. Корабавым сказаў: «Лельчыцкая аперацыя цікавая тым, што мы там змагаліся як звычайная рэгулярная часць Чырвонай Арміі».
У гэты ж час партызанскае злучэнне Сабурава разграміла немцаў у Славечна. Такім чынам, вялікая тэрыторыя правабярэжнага басейна Прыпяці, ад Мазыра да Пінска, аказалася вызваленай ад нямецкіх гарнізонаў.
З Лельчыц каўпакаўцы ўзялі напрамак на Баравое. Стаянку зрабілі ў Мілашавічах, Прыбалавічах і Глушкавічах. На невялікім возеры каля Прыбалавічаў разлічвалі абсталяваць партызанскі аэрадром для адпраўкі раненых. Асабліва мы перажывалі за семнаццацігадовую аўтаматчыцу Ніну Созін, якая была цяжка паранена ў баях за Лельчыцы. Неабходна было таксама папоўніць боепрыпасы.
У гэты час немцы ў Корасцені, Алеўску, Ракітным пачалі сканцэнтроўваць сілы. Наш трэці батальён з Мілашавічаў перабазіраваўся ў вёску Капішча Алеўскага раёна і заняў абарону. Каб адцягнуць увагу ворага ад невялікіх груп, якія вярталіся з дыверсій, вырашылі даць бой. Батальён разам з Ельскім партызанскім атрадам пад камандаваннем А. С. Мішчанкі павінен быў разграміць немцаў у Майдане.
Сутычка была кароткай, немцы кінуліся ў бок Глушкавічаў, дзе на подступах да вёскі іх сустрэлі партызаны першага батальёна кулямётным агнём.
Канстанцін КАВАЛЁЎ.