У мінулы раз мы друкавалі ўспаміны сведкі падзей таго часу, каўпакаўца  А. Штукара пра разгром нямецкага камандавання ў Лельчыцах. У сённяшняй, заключнай частцы ўспаміны Андрэя Штукара пра баі і дзейнасць каўпакаўцаў у вёсках Лельчыцкага раёна.  Прапануем чытачам далейшы расповед. 

У першую ноч пасля бою 21 снежня поздна ў цемры злучэнне падышло да Букчы, але яго абагналі немцы. Яны размясціліся ў школе ў цагляных і драўляных будынках вакол яе. Шлях злучэнню быў перакрыты.

Група разведчыкаў падышла да школы, але зняць часавога не ўдалося — ён узняў трывогу. Разведчыкі заляглі і расстрэльвалі выбягаючых са школы немцаў, пакуль хапіла патронаў, а потым адступілі. Гітлераўцы апамяталіся, занялі абарону. Каўпак загадаў адкрыць агонь з гармат. Але снарады не разбівалі цагляных сцен.

Школа загарэлася. Даляталі страшэнныя крыкі варожых салдат. Яны кідалі сігнальныя ракеты, выклікаючы дапамогу. Каўпак улічыў, што падмацаванне можа падысці хутчэй за ўсё з боку Дзяржынска. Туды быў пасланы чацвёрты батальён.

Бой усё зацягваўся. У сутычку ўключыўся чацвёрты батальён. З боку немцаў запрацавала артылерыя, білі мінамёты, разрываліся гранаты. Агнявым шквалам адказвалі партызанскія аўтаматы. К вечару разведчыкі знайшлі дарогу праз балота ў абход Букчы на Тонеж, куды і адышло злучэнне.

— Бой у Букчы нам каштаваў вельмі дорага, — ўспамінае каўпакавец Андрэй Штукар. —  У Тонежы і Іванавай Слабадзе каўпакаўцы зрабілі перадышку дзён на восем, каб аднавіць ранейшыя сілы. Але ж і тут не абышлося без сутычак. Пад вечар 30 снежня 1942 года па дарозе паміж Іванавай Слабадой і Тонежам рухаўся абоз немцаў. Заўважыў яго штабны сувязны, які вёз данясенне з цэнтральнага штаба батальёнам у Тонеж.

Каўпак вылучыў адну роту з Іванавай Слабады, а другую паслаў на тракт Тураў ― Тонеж з тым разлікам, каб перахапіць немцаў і не даць падысці новым сілам. Гітлераўцы ехалі галоўнай калонай прама ў размяшчэнне партызан у вёсцы Тонеж. Дзесятая рота падышла да гэтай часткі Тонежа якраз у той час, калі на вуліцах разгараўся бой, а абоз спыніўся ў лесе і стаў разварачвацца.

Рота ўдарыла па ім. Сярод немцаў паднялася паніка, яны разбегліся па лесе. Усю ноч ішла перастрэлка. На досвітку трэцяя рота Карпенкі пайшла па нямецкіх слядах. Нікога акрамя коней, фурманак, зброі не знайшлі.

Далейшы шлях ляжаў на поўнач. На новы год фарсіравалі Прыпяць. На возеры Чырвоным абсталявалі пасадачную пляцоўку. Хутка пачалі прыбываць самалёты з боепрыпасамі, поштай. Адправілі раненых. К канцу студзеня 1943 года немцы знайшлі партызанскі аэрадром і пачалі падцягваць буйныя сілы.

Неўзабаве яны бамбілі і вёскі, дзе базіраваліся народныя мсціўцы. Тут жа з намі быў і Ельскі атрад. Ельчане атрымалі радыёстанцыю, боепрыпасы і ўзялі кірунак у свой раён, а мы адправіліся далей на захад. За гадзіну рэйда ад Лоева да возера Чырвонае злучэнне папоўнілася мясцовым насельніцтвам, а таксама байцамі і камандзірамі Чырвонай Арміі.

Разам з украінцамі, рускімі, армянамі і іншымі грамадзянамі Савецкага Саюза ў злучэнні было каля 400 ураджэнцаў нашай вобласці. З Буйнавіч былі Я. Р. Малец з сынам Макеем і дачкой Яўгеніяй, М. А. Дубініч. Буда-Сафіеўкі — М. Р.  Жогла, Мілашавіч — С. Д. Лозка, К. Гаўрылавец, П. Гаўрылавец, К. Ашарчук, Крупкі — пятнаццацігадовы Якаў Абыход і многія іншыя.

С. А. Каўпак пазней пісаў: «У маім партызанскім злучэнні было нямала байцоў-беларусаў. Гэта смелыя і адважныя людзі, я іх успамінаю з гордасцю. І ніколі не забуду».

Зрабіўшы рэйд па правабярэжнай Украіне, зімою трэцяга года вайны, каўпакаўцы к вясне зноў падышлі да Прыпяці ў раёне Нароўлі і ў чацвёрты раз фарсіравалі яе. Народныя мсціўцы не толькі білі ворага. Яны вялі вялікую тлумачальную работу сярод насельніцтва, дапамагалі аднаўляць партызанскія атрады.

Дастаткова сказаць, што іх арганізавалі дзесяць. Сярод іх аднавіў сваю дзейнасць і Лельчыцкі, якім камандаваў І. А. Колас. К лету 1943 года Лельчыцкі партызанскі атрад ператварыўся ў брыгаду, якой кіраваў падпольны райком партыі на чале з Раманам Лук’янавічам Лінам.

Прайшлі гады. Вайна ўсё далей і далей адыходзіць ад нас. Вырасла і стала актыўным будаўніком новае пакаленне людзей. У Лельчыцах, у шэрагу вёсак, дзе стаяў Каўпак, з’явіліся новые жылыя раёны, стварыліся новыя сем’і. Ды толькі час не мае літасці: ён забірае з сабою тых, хто каваў Вялікую Перамогу.

Але памяць жыве. У знак удзячнасці кожны год на 9 мая і 3 ліпеня мы, маладое пакаленне і больш дарослыя, ускладаем кветкі да помнікаў, абеліскаў у раёне. І памінаем хвілінай маўчання, аказваем знак пашаны тым, хто не вярнуўся з вайны, каго лёс забраў ад нас. На жаль, нікога з каўпакаўцаў у Лельчыцкім раёне няма ўжо зараз у жывых.

А колькі б яны змаглі яшчэ расказаць! Як адстаялі і набліжалі вясну 1945 года. Нам прыемна бачыць, як над планетай ласкава свеціць сонца, смяюцца дзеці. Вось і ў мяне, памятаючы жывым свайго дзеда ― удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, ёсць пляменнік Сямён. Яму ўжо споўніўся шосты год.

Як ён радуецца навакольнаму асяроддзю, сонейку, нябёсам, як маленькае птушанё шчабеча, размаўляючы са мною, калі мы катаемся на веласіпедзе: «Глядзі, як прыгожа навокал. Якія прыгожыя вуліцы! Рэчка!». Дык няхай жа на нашай планеце, у нашай краіне дзеці і надалей радуюцца мірнаму небу, павольным рэкам, прыродзе.

Падрыхтаваў Канстанцін КАВАЛЁЎ.

Фота з архіву Лельчыцкага краязнаўчага музея.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: