Нараджаецца дзіця… Бязмерная радасць у сям’і. Але ж бацькі пакуль што не задумваюцца наконт выхавання яго. Думаюць, што яшчэ рана, няхай падрасце. Вось тут і першая памылка.

Вядома, што адзін прафесар педагогікі на пытанне бацькоў, калі пачынаць выхаванне (іх дзіцяці было толькі тры дні) адказаў, што роўна на тры дні яны і спазніліся. А яшчэ варта прыгадаць народнае меркаванне, што дзіця трэба пачынаць выхоўваць, калі яно ляжыць на лаўцы ўпоперак, а не ўздоўж. Тады наша грамадства не так часта будзе сутыкацца з жорсткасцю, грубасцю, бескультур’ем, абыякавасцю ў адносінах да сваіх родных і блізкіх, а часам з крадзяжамі і нават забойствамі.

Так было і раней. Хаця гаворым, што за 30 гадоў нашых перамен  многае змянілася. Штосьці згубілі, а штосьці і набылі.

Крытыкі новых парадкаў гавораць, што аслабла вера ў магчымасць падняцца па сацыяльнай лесвіцы. Прапала пачуццё аптымізму. Змянілася ацэнка поспеху.  Галоўнай меркай сталі грошы, а не сам чалавек (я, канечне, не адмаўляю зусім каштоўнасць і неабходнасць грошай). Пахіснулася ўпэўненасць у тое, што жыццё можна пражыць сумленна. Грошы сталі мерай сумленнасці. Гэта няправільна.

Абаронцы новага ўкладу выстаўляюць свае аргументы: маўляў, змяніўся не толькі сам чалавек, але і аблічча нашых гарадоў і сёлаў.

У магазінах поўна тавараў. Аб часах чыстак і рэпрэсій успамінаюць як аб чымсьці страшным, далёкім. У самыя нізы насельніцтва сталі пранікаць расткі новага.

Але ці змог чалавек уладкавацца ў гэтым? Часам здаецца, што паміж савецкім чалавекам і цяперашнім «новай фармацыі» — бездань. Але гэта не так. Ёсць у нашым нованародным жыцці  нешта і такое, што аб’ядноўвае людзей. Гэта перш за ўсё культура, якая нягледзячы на ўсееўрапейскія здабыткі, у аснове сваёй застаецца савецкай.

Савецкую ўладу, канечне, крытыкуюць многія, бо ёсць для гэтага падставы: у выніку камуністычнага эксперыменту мы адсталі ад большасці еўрапейскіх краін, адсталі перш за ўсё ад якасці жыцця. І тым не менш у савецкі перыяд было шэраг таго, пра што нельга забываць. Размова ідзе перш за ўсё пра культурную палітыку. Менавіта яна зрабіла культуру здабыткам шырокіх мас насельніцтва.

Канечне, гэта палітыка была надта ідэалізаванай, падпарадкаванай класаваму падыходу, была жорстка прывязана да патрабаванняў палітычнага моманту.

Асаблівае значэнне надавалася кінематографу і шырокаму мастацтву як найбольш даступным для ўспрымання. Нязменным у культурнай палітыцы СССР заставалася імкненне далучыць да культуры як мага больш людзей, бо неабходна было з мільёнаў непісьменных сялян-беднякоў, якія хлынулі з вёсак у горад, зрабіць «савецкага чалавека».

З гэтай мэтай па ўсёй краіне была створана сетка народных клубаў, бібліятэк, кіназалаў, дамоў дзіцячай творчасці, дзіцячых культурных устаноў.

Амаль пры кожным прадпрыемстве, установе існавалі калектывы мастацкай самадзейнасці, гурткі па інтарэсах. Народнае мастацтва ўсюды мела падтрымку.

Вядома, што такая культура для народа пеклася з мукі самага грубага памолу. Але гэта быў духоўны хлеб. І ён даваў чалавеку магчымасць зрабіць першыя крокі ў мастацтве. Тут жа і закладвалася аснова маралі, таму што мастацтва пранікала ў народ, у яго шырокія масы. І з мільёнаў тых, хто пазнаваў гэтыя азы, тысячы станавіліся творцамі гісторыі савецкай культуры, сярод іх шмат імёнаў, якімі мы ганарыліся, якія выраслі на гэтым духоўным хлебе.

Такім быў і Уладзімір Журовіч, ураджэнец Лельчыц, кампазітар, харавы дырыжор, аранжыроўшчык народных песень.

Беларускае Палессе! Менавіта тут цякла невычэрпная крыніца яго натхнення, куды ён заўсёды спяшаўся ў вольныя хвіліны на працягу ўсяго жыцця (не стала яго на 41-м годзе жыцця). Засталася памяць аб ім і ў яго неўміручай музыцы.

Знаходкі спадарожнічаюць тым, хто ў пошуках. У творчых планах Уладзіміра Журовіча было стварэнне кантаты аб родным Палессі, балады пра легендарнага дзеда Талаша і, вядома, новых песень. З лёгкай рукі Журовіча ў раёне штогод пачалі праводзіць «Святы песні». А ў 1968 годзе разам з вядомым рэжысёрам кінастудыі «Беларусьфільм» Юрыем Цвятковым быў створаны дакументальны фільм «Песні Палесся». Уладзімір Журовіч з’яўляецца аўтарам музыкі да кінастужак «Спяшайся будаваць дом», «Беларусь сінявокая».

У народзе кажуць, што талент ад Бога. Гэта можна сказаць і пра Уладзіміра Журовіча і яшчэ адну нашу таленавітую спявачку Еўдакію Стасенка. У гэтай спявачкі талент напэўна, быў ад тутэйшага ляснога Леля. Бо столькі ў яе голасе фарбаў, тэмбравых адценняў, што, слухаючы яго, адразу ўяўляем непаўторную прыгажосць нашай зямлі. Бачым ізумрудныя, блакітныя «рукавы» ракі Убарць, бязмежныя крылы буслоў. Еўдакія Стасенка — гэта лёс, дараваны мастацтву, людзям.

Памятаюць ляльчане і Анастасію Жогла, якая быццам ніколі не развітвалася з баянам, бо ўсе агляды, конкурсы настаўнікаў і вучняў былі яе справай, дзе яна праяўляла незвычайны талент як кіраўнік.

Варта ў першую чаргу ўспомніць усесусветна вядомы беларускі Дзяржаўны хор пад кіраўніцтвам нашага земляка Міхаіла Дрынеўскага, народнага артыста Рэспублікі Беларусь, прафесара. Гэта наша нацыянальная гордасць і вартасць. Музыка стала яго прафесіяй, справай жыцця. Не хопіць ні месца, ні часу, каб успомніць пра ўсіх і ўсё ў нашым раёне. Але  станоўчае, лічу, абавязкова патрэбна выкарыстоўваць і ў наш час.

Дзеля гэтага спачатку бацькам (ужо з самага ранняга ўзросту), а потым настаўнікам неабходна ведаць, чым цікавяцца дзеці, дзе праяўляюць свае здольнасці, каб накіраваць іх на правільны шлях. А для гэтага ў нашай краіне створаны ўсе ўмовы, аб якіх кожны ведае.

Шкада, што часам жывое слова бацькоў замяняюць тэлевізары, тэлефоны і г. д. Кніга перастала мець каштоўнасць. Да яе ўсё радзей звяртаюцца, каб прачытаць казку дзіцяці ці яшчэ штосьці цікавае або выхаваўчае. А гэта, на мой погляд, няправільна.

Калі больш будзем ведаць сваіх дзяцей, дапамагаць ім пазнаць сябе, зацікавіць любімай справай, дык і праблем у паводзінах і маральным выхаванні будзе намнога менш. Я ўпэўнена ў гэтым.

А моладзі я раю варта наведваць многія мерапрыемствы і нават удзельнічаць у іх, каб узбагачацца духоўна.

Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: