Развіццё гуманна-каштоўнага станаўлення выхаванцаў да малой радзімы, роднага краю, праз экалагічнае выхаванне — галоўная мэта мерапрыемства, якое прайшло ў дзяржаўнай установе адукацыі «Лельчыцкі яслі-сад №3».

Дасягненне гэтай мэты вырашалася праз такія задачы, як далучэнне выхаванцаў да нацыянальнай культуры, роднай мовы; фарміраванне ў дзяцей нацыянальнай самасвядомасці; развіццё музычных здольнасцей; фарміраванне цікавасці да тэатральных гульняў; выхаванне павагі і беражлівых адносін да прыроды, жадання спазнаць яе.

У ўпрыгожанай у нацыянальным стылi музычнай зале выхаванцаў сярэдняй групы чакала цётка Васіліна, якая прапанавала дзецям адправіцца ў падарожжа па Беларусі з дапамогай чароўнага клубочка.

«Клубочак чароўны, каціся, каціся, вядзі па краіне і не заблудзіся!» — такі загавор гаварылі выхаванцы кожны раз, калі жадалі апынуцца ў жывёльным ці раслінным свеце, падводным царстве ці свеце птушак.

На працягу ўсяго мерапрыемства гучала беларуская музыка, паэтычныя радкі пра хараство роднага краю, дзеці спявалі, танцавалі, гулялі ў народныя гульні.

Вядучая падвяла такі вынік забавы: «Дарагія дзеці, сёння чароўны клубочак паказаў нам шмат чаго, і гэта далёка не ўсё, чым багата наша беларуская зямля. Рэкі, азёры, насякомыя, кветкі, ягады, грыбы і шмат-шмат чаго яшчэ. Але, галоўнае багацце краіны — гэта людзі. Кампрамісныя, мірныя, вынаходлівыя, сардэчныя, талерантныя, патрыятычныя. Беларускі народ заўсёды застаецца верным высокім маральным каштоўнасцям і традыцыям».

Завяршылася мерапрыемства танцам-хараводам, дзе выхаванцы дружна падпявалі вядучаму радкі з песні пра Беларусь.

Святлана ХАМУТОЎСКАЯ,
музычны кіраўнік дзяржаўнай установы адукацыі «Лельчыцкі яслі-сад №3».

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: