Шчодрая музычная адоранасць спалучалася ў ім з багаццем чалавечай натуры і гарачай, безагляднай захопленасцю мастацтвам, што да краёў запаўняла ягонае жыццё…

12 лютага Міхаілу Дрынеўскаму споўніўся б 81 год. Наш знакаміты зямляк — народны артыст Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага хору імя Генадзя Цітовіча, прафесар Міхаіл Дрынеўскі, — наша нацыянальная гордасць і вартасць.

Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі нарадзіўся ў1941 годзе ў вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна. Гэту вёску называлі салаўіным берагам.

Тонеж — глыбінка Палесся. Доўгі час яна была адрэзана ад цывілізаванага свету балотамі ды лясамі. Але ж, які там таленавіты, непаўторны люд! Колькі памятаў сябе Міхась Дрынеўскі, тонежцы заўсёды спявалі…  На працы, падчас адпачынку. Спявалі прывабна і хораша.

Спявала вёска, спявалі і бацькі Міхася — Павел Фёдаравіч і Ева Аляксандраўна. Ад іх і перадаліся будучаму музыку ў спадчыну гены, прыязнасць да народнай, музычнай і песеннай творчасці. Але ніхто не думаў, што музыка стане яго прафесіяй, справай яго жыцця.

«Самы кароткі шлях да Радзімы — праз песні народа. Што, калі не народная песня ці танец, здольны прывіць пяшчоту да крыштальнай чысціні возера, зялёнай шапкі лесу, залацістага поля?!» — гаварыў наш зямляк.

У тым юным узросце ён ужо быў цвёрда перакананы, што гэта яго прызванне. Гарачая закаханасць у народную творчасць, жаданне новага штурхнула Дрынеўскага на вывучэнне і збор песенна-музычнага фальклору.

Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г. Цітовіча апошнім часам усё часцей скарочана называюць  «Хорам Дрынеўскага». Яно і не дзіва — хор існуе шмат гадоў, і большую палову яго ўзначальваў народны артыст Беларусі, прафесар Міхась Дрынеўскі. Дый пераймаў ён кіраўніцтва ад самога Генадзя Цітовіча, які яго ў гэты калектыў і запрасіў у 1968 годзе. У 1975 годзе, выходзячы на пенсію, Г. Цітовіч прапанаваў кандыдатуру   М. П. Дрынеўскага на пасаду мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора.

«Г. Цітовіч перадаў мне Дзяржаўны хор, як народную спадчыну, — сцвярджаў Міхась Паўлавіч, — І гэтым я бязмерна даражу і ганаруся…».

Вялікую ўвагу Міхаіл Дрынеўскі ўдзяляў рэпертуару хору. Калектыў паспяхова выконваў беларускія народныя песні, песні сучасных кампазітараў, але галоўнай мэтай хору з’яўляецца збор усяго лепшага, што ёсць у скарбніцы беларускай нацыянальнай музычнай культуры і наданне яму новага сцэнічнага жыцця. «Апрацоўка Дрынеўскага»  — гэтыя словы часта гучаць на канцэртах хору. Шмат запісаў музычнага фальклору зрабіў Міхаіл Дрынеўскі ў розных кутках рэспублікі. Яго апрацоўкі народных песень і танцаў цікавыя, створаныя з вялікім густам, з любоўю да народнай асновы. Песня — гэта тэатр. У яе ёсць сюжэт, ёсць героі, яе не толькі спявае, але і  часта  іграе акцёр. І, як мы бачым, у народным хоры кожная песня становіцца музычнай карцінай, дзе кожны — выканаўца-акцёр.

Міхаіл Дрынеўскі з тых творчых працаўнікоў, якія жывуць не запазычаннем, а сваімі ўласнымі рашэннямі і адкрыццямі. Прыйшоўшы ў калектыў са сваімі поглядамі, прынцыпамі і перакананнямі ў пытаннях пастаноўкі харавой справы, ён разам з тым імкнуўся адлюстраваць і сённяшняе жыццё народнай песні ў яе натуральным руху і развіцці. Яго не збіла хваля модных плыняў — ён заўсёды быў верны прынцыпам мастака высокіх ідэалаў.Сваёй творчасцю, музычным нараджэннем Міхаіл Паўлавіч абавязаны беларускай народнай песні, якая стала яго першым каханнем і настаўніцай. Усё, чаго яму ўдалося дасягнуць у народным хоры, — гэта вынік працы, штодзённай, напружанай, упартай.

М. П. Дрынеўскі заўсёды быў у творчым пошуку. Сваёй працавітасцю, пасведчанасцю, тонкім густам ён спрыяў развіццю музычнага мастацтва Беларусі. Так, наўрад ці можа быць што-небудзь больш нацыянальным, чым  Дзяржаўны акадэмічны хор імя Г. Цітовіча… Хор, дзе гучыць беларускае слова, беларуская песня, беларуская музыка, дзе танцуюць беларускія танцы.

Праз усё жыццё пранёс ён у сэрцы замілаванасць да матчынай песні, абярэжліва ставіўся да народнай мелодыі і тэкста, імкнуўся захаваць іх аўтэнтычнасць, раскрыць першароднасць гучання, данесці да слухача глыбінны сэнс. У творчых задумах М. Дрынеўскага была мара перадаць галасны спеў Палесся.

«Любіце  добрую песню  — яна сапраўдны сябра чалавека. Яна робіць яго дабрэйшым, чысцейшым, справядлівейшым».

З нагоды дня нараджэння нашага славутага земляка Мiхаiла   Паўлавiча Дрынеўскага  ў Дзяржаўнай установе адукацыі «Дзiцячая школа мастацтваў                     г. п. Лельчыцы iмя М. П. Дрынеўскага» праходзiць тыдзень  мерапрыемстваў, прысвечаных яго памяцi.

Пачалося  ўсё з наведвання музея, якi знаходзiцца на малой радзiме песняра ў вёсцы Тонеж. Дзецi пазнаёмiлiся з маленствам, творчай дзейнасцю Мiхаiла Паўлавiча, арыгiналамi дакументаў i фотаздымкаў, паштоўкамi, якiя захавалiся  да сённяшняга часу.  Вучнi  паспрабавалi iграць на музычных iнструментах, якiя належалi Мiхаiлу Дрынеўскаму.

На працягу тыдня ў школе прайшлі вiдэаўрок «З глыбiнь жыватворных…», конкурс малюнкаў «Краявiды роднай зямлi». Завершыцца тыдзень  вакальным конкурсам «Я спяваю!».

Мiхаiл Паўлавiч Дрынеўскi быў чалавекам шчырай душы, тварыў з народам, для народа. Яе вялiкасць песня, гучыць не толькi ў роднай  Беларусi, але i за яе межамi, захоўваючы палескую самабытнасць.

Да друку падрыхтавала Людміла ШТАРОВА.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: