У Лельчыцкім раёне шмат вёсак, якія багаты сваёй гісторыяй. Грабяні — адна з іх, з’яўляецца цэнтрам Стадоліцкага сельсавета. Знаходзіцца за 19 кіламетраў ад  Лельчыц, 234 кіламетры ад Гомеля, 60 кіламетраў ад чыгуначнай станцыі «Ельск». На тэрыторыі вёскі размешчаны лясніцтва, СДК, бібліятэка, ФАП, адзяленне сувязі, два магазіны, пагранпост.

З гісторыі. Прыкладна 160 гадоў таму назад, як сведчаць старажылы, прыехалі на тое месца, дзе зараз знаходзіцца вёска Грабяні, тры вялікія сям’і із-пад Мінска: Івашкевічы, Некрашэвічы і Казлоўскія. Размясціліся яны па хутарах. Потым пан загадаў усім сем’ям пасяліцца ў адно месца. Так утварылася вёска. Назвалі яе Грабяні. Назва паходзіць ад слова «грэбень» — узвышша ці забалочаная мясцовасць узвышанай паласы.

Да рэвалюцыі вёска налічвала 28 двароў. Зямлю арэндавалі ў пана. Як было заведзена, адраблялі пан-шчыну за карыстанне зямлёй, плацілі аброк. Жылося сялянам вельмі дрэнна. Вучыць дзяцей магчымасці не было, бо наняць настаўніка не кожнаму было па кішэні. Толькі пасля звяржэння цара людзі ўбачылі свет. У вёсцы з панскага дома, які перавезлі з Запясочнага, пабудавалі невялікую школу. Дзеці беднякоў цяпер мелі магчымасць вучыцца грамаце. Працавалі чатыры класы, у якіх вучылася 50 вучняў. Загадчыкам школы быў Несцярчук, настаўнікамі — Латышкевіч, Пырко, Гудкоўскі.

У гады Грамадзянскай вайны (1918-1920 гг.)  вяскоўцы прымалі актыўны ўдзел у абароне заваёў рэвалюцыі. Знаёмы аднавяскоўцам імёны воінаў-землякоў Фамы Акімавіча, Піліпа Ігнатавіча і Паўла Піліпавіча Некрашэвічаў.

У 1929 годзе жыхары хутара Узлессе і вёскі Грабяні даведаліся, што ў краіне ідзе калектывізацыя і напісалі пісьмо ў Лельчыцкі райвыканкам наконт утварэння калгаса. Неўзабаве ўсе былі выкліканы ў сельсавет, дзе іх чакаў прадстаўнік з райвыканкама, які абвясціў аб утварэнні калгаса «Чырвоны партызан». Першым старшынёй калгаса быў выбраны адзін з дваццаціпяцітысячнікаў — Мамайка.

У 1932 годзе ў Грабянях пабудавалі сямігадовую школу. Жыць стала лягчэй, але мір парушыла вайна. Ужо ў верасні 1941 года вёску занялі гітлераўцы. Многія жыхары пайшлі жыць у лес. 10 сем’яў было вывезена ў Германію.

На тэрыторыі вёскі размяшчаўся партызанскі атрад А. М. Суворава. У яго радах змагаліся мясцовыя жыхары: Міхаіл Пятровіч Некрашэвіч, Фёдар Макаравіч Баўсуноўскі, Сяргей Мікалаевіч Неўмяржыцкі і іншыя. Наогул у барацьбе з фашыстамі супрацьстаялі 166 жыхароў вёскі, не звярнуліся з вайны 100 чалавек.

Пасля вайны тыя, хто застаўся ў жывых, пачалі ўзнаўляць родны калгас. Адчувальную дапамогу ў гэтым аказвалі сваёй шчырай працай тады яшчэ падлеткі Уладзімір Тушынскі, Рыгор Івашкевіч, яго сястра Алена, Фёдар Некрашэвіч. Усё сваё жыццё (як і іншыя) яны аддалі нялёгкай працы. У пасляваенны час да калгаса «Чырвоны партызан» далучыліся вёскі Альховая, Кавыжаў і Воранаў.

Ішлі гады. Разрастаўся калгас. У 1960 годзе да яго далучыліся вёскі Запясочнае, Усаў, Мехач і Вязавая. Калгас стаў насіць назву імя Мічурына. У 1964 годзе адбылося яго раздзяленне на 2 самастойныя гаспадаркі, праз шэсць гадоў калгас зноў аб’яднаўся ў адзін. Нямала старанняў прыкладвалі і прыкладваюць працаўнікі для таго, каб унесці ўклад у рэалізацыю харчовай праграмы саўгаса. У сучасны момант ён завецца «Шлях Ільіча».

Да 50-гадовага юбілею Савецкай Беларусі ў вёсцы быў закладзены парк, у якім устаноўлены помнік загінуўшым аднавяскоўцам у баях за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.

Сёння Грабяні не параўнаць з тымі, якімі яны былі да вайны. Разраслася і папрыгажэла вёска. Стала больш падобная на пасёлачак гарадскога тыпу.

А ўсё гэта вынік добрасумленай працы вяскоўцаў. Наперадзе — новыя рубяжы, новыя здзяйсненні.

І. Леўкавец, ветэран педагагічнай працы, в. Грабяні.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: