На гадзінніку поўнач, а мне пакуль што не спіцца. Заплюшчваю вочы, а вушы чуюць шум ветру за акном. Падыходжу да акна, каб палюбавацца высокімі, статнымі дрэвамі ды начным небам.
Ужо зіма, а таму на двары, упэўнена, адчуваецца начная прахалода, нават з марозцам.
А ў маёй кватэры цёпла і ўтульна. За акном выгляд цудоўны! Ён адкрывае мне не толькі розныя далягляды, але і мноства дарог, зусім розных, па многіх з якіх я ўжо прайшла. Надта радуе тое, што яны былі мірнымі і спакойнымі, хаця часам нялёгкімі — з цяжкасцямі і нават выпрабаваннямі.
Радуе і тое, што наша агульная Радзіма — безумоўна, вольная, незалежная і міралюбівая Беларусь. Ды і наогул мяне радуе ўсё, што звязана з гэтым паняццем «Радзіма». І перш за ўсё прырода роднага краю, як частка яе.
А ўсё прыгожае ў чалавеку здольна выхаваць прырода. У яе мы вучымся дабру і чалавечнасці, справядлівасці і спагадзе. Чалавек заўсёды звязаны з лясамі, палямі, рэкамі і азёрамі, раслінамі, птушкамі і жывёламі. Без іх ён не можа існаваць, бо сам ён — частка прыроды. Людзі ўплываюць на яе, яна (прырода) уплывае на іх жыццё, здароўе, настрой.
Я вельмі люблю расліны і дрэвы. Уявіце наваколле без дрэваў, кустоў, травы, кветак. Гэта нішто, пустата.
Я, ручай, рака, расліны, дрэвы — адзінае цэлае. Гэта прырода, жыццё. Подых ветру акрыляе мяне, шум ракі, ручая ўзбуджае мае пачуцці, сустрэча з дубам надае сілу, робіць разважлівай, упэўненай.
А кветкі! Ах, гэтыя кветкі! Што за цуд! Як яны вабяць да сябе непаўторным пахам і прыгажосцю. Падмігнуць табе — і заплюшчаць свае блакітныя вочы на ноч, а на досвітку адкрыюць іх, весела ўсміхаючыся. Кветкі радуюць мяне, падымаюць настрой, робяць жыццё прыгажэйшым.
Людзі, любіце кветкі, любіце прыроду! Дарыце кветкі адзін аднаму — дарыце шчасце. Няхай ваша жыццё, жыццё кожнага чалавека будзе падобным на чароўную кветку.
Але сёння мне больш хочацца гаварыць пра самае каштоўнае — пра нашу Бацькаўшчыну.
Рака нараджаецца з ручаін, дрэва расце з каранёў, чалавечая годнасць і вартасць нараджаецца з глыбокай адданасці сваёй Радзіме, з ведання яе гісторыі, з пашаны да спадчыны, з любві да свайго народа, роднай мовы.
Радзіма наша — Беларусь вядома ўсяму свету. Зірніце на карту. Прыгожым кляновым лістом раскінуліся яе абсягі. Карта расквечана гарадамі і вёскамі, рэкамі і азёрамі, зялёнымі дыванамі лясоў, лугоў і багатых палеткаў.
Пройдземся ж па нашай зямлі, зазірнём у мінулае і ўгледзімся ў будучыню. Край азёраў і легендаў!
Колькі цудоўных паданняў складзена аб рэках, азёрах, паселішчах. І ў кожным — жыццярадасная дабрыня і мудрасць, перададзеныя для нас, нашчадкаў.
Нашы продкі ў 9 стагоддзі называліся крывічамі, радзімічамі, дрыгавічамі. Былі яны рослыя і моцныя, са светлымі валасамі і з шэрымі вачыма. Адзенне насілі белага колеру. Адсюль адна з версій паходжання сучаснай назвы — беларусы.
Ад спрадвечных часоў займаліся беларусы земляробствам. Зямлю яны любілі, працавалі на ёй з ахвотай, дзяцей з малых гадоў прывучалі да працы.
Адна з самых трагічных старонак мінулага маёй Радзімы — Вялікая Айчынная вайна, якая пакінула надзвычай цяжкі адбітак. Кожным трэцім разлічылася мая Радзіма за жаданую волю і незалежнасць. Вайна забрала і майго 22-гадовага бацьку — патрыёта— падпольшчыка, які да глыбіні душы любіў сваю Радзіму і свой народ. А сённяшнія падзеі не зусім часам радуюць.
Лічу, што менавіта мы, беларусы, павінны адыгрываць вырашальную ролю ў лёсе нашай Радзімы. А тое, якой яна будзе, залежыць у асноўным ад маладых, многія з якіх у сучасны перыяд павінны прызадумацца і прыпыніцца.
Кажуць: «Радзіма — месца, дзе ты нарадзіўся». Але гэтыя словы ў некаторай ступені банальныя. Усё больш людзей вырашаюць прамяняць сваю Радзіму на іншую, багатую і паспяховую. Я так зрабіць ніколі б не змагла. Сэрца, улюбёнае ў Беларусь, не дазволіла б…
Сваю думку хачу пацвердзіць надзвычай шчырымі радкамі з верша «Родныя вобразы» Міколы Хведаровіча:
З прыродай зліўшыся душою,
Мы едзем далёка за мора
Чужыя глядзець гарады,
Шукаем скалістыя горы,
Азёры крыштальнай вады.
І часта, так часта бывае,
Што мы ў сумятлівым жыцці
Мінаем і не заўважаем
Красу сваіх родных мясцін.
Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА.