(Працяг. Пачатак чытаць тут)
— Трэба меркаваць, што Юлія, як і яе маці, была адной з самых прыгожых дзяўчын у акрузе. Светлакосая, з прыгожай постаццю, мілавідным тварам. У сэрцы Палесся, на радзіме драўлян. Юлія — гэта вобраз прыгажосці, чысціні і света, які працягвае жыць у яе нашчадках. Так выглядае ўнучка Анастасія Канановіч і такая ж знешне ўжо яе ўнучка Анастасія, што зараз жыве ў Італіі, — расказвае сын Настассі-старэйшай Аляксандр Канановіч.
Прапраўнучка Юліі — Зінаіда Міхалевіч з Мінскага раёна дзеліцца:
— У адной з цэнтральных газет прачытала, што ў пана Флёрава ў сядзібе размяшчалася карціна звычайнай сялянскай дзяўчыны, таксама ў прыхожай была статуэтка гэтай простай жанчыны. Тыя, хто не ведаў гісторыю кахання, не разумелі, чаму памешчык так паважае прыгонных сялян…
У самой жа Юліі народзіцца адзіная дачка — Параска. Маці маёй бабулі Настассі Калеснай, што нарадзілася ў Прыбалавічах, усё жыццё працавала настаўніцай.
Эдуард Канановіч дапаўняе:
— Браты Параскі па бацьку гэта: Макар, Пятро (Крывы), Іван (Белы), Яўхіма, Настасся. Яўхіма выйшла замуж за Івана Акуліча і яны пераехалі ў Мазыр. У іх нарадзілася дачка Люба, у яе хаце доўгі час кватаравала мая бабуля Настасся Фядосаўна, калі вучылася на настаўніцу ў Мазыры. Ўсе астатнія пражылі доўгія гады ў Прыбалавічах, нарадзілі шмат дзетак, выхавалі ўнукаў.
Сын Настассі Аляксандр Канановіч успамінае, што Аўдоцця падаравала шмат прыгожай даматканай вопраткі Юлінай дачцэ Парасцы. Сярод усяго былі хусткі, паясы, палатно…
Эдуард Канановіч так каментуе асаблівасці тагачаснага ўкладу жыцця ў сем’ях:
— Была такая традыцыя ў вёсцы: клалі адзежу ў скрыню, так называлі куфар. Скрыня была поўная шмацця. «Няхай, як дзеўка вырасце, будзе насіць», думала Юлія. Але ж гэта вопратка да нашых дзён не захавалася, на жаль. У часы Вялікай Айчыннай вайны адзенне спарахнела ў падполлі, калі нацысцкія акупанты спалілі іх хату.
Юлія з роду Булгакавых-Флёравых пражыла вельмі цікавае і насычанае жыццё. Яна трымала гаспадарку, хадзіла ў лес па ягыды, грыбы. І вельмі кахала свайго мужа. Дарэчы, была самай што ні на ёсць паляшучкай. Дачка памешчыка была з пашанай пахавана ў Прыбалавічах. Ёсць меркаванне, што непадалёку ад царквы Пакрова Прачыстай Багародзіцы.
Былі ў Аўдоцці яшчэ дзеці. І ў кожнага склаўся свой лёс. Міхаіл пераехаў у Прыбалавічы, лінія Лозак у гэтай вёсцы ідзе ад яго. Любоў знайшла свой лёс. У Баравым, дзе стварыла сям’ю. Астатнія дзеці — Фёдар і Васіль засталіся ў Мілашавічах. Па сведчанні маёй стрыечнай бабулі Яўхіміі Жукавай імёны дзецям даваў асабіста сам пан і дзяцей прызнаваў, хаця афіцыйным мужам быў, як мы ведаем, Ілля Лозка.
Што датычыцца самога прозвішча, то Булгакі вядомыя як дваранскія роды ў Беларусі і Расіі. Род Флёраў-Булгакаў з праваслаўных дваран, уладарыў маёнткам Мілашэвічы з 1809 па 1917 гады. Булгакі лічыліся зямельнымі ўласнікамі ў ХІХ-ХХ стагоддзях у розных воласцях і паветах. Булгакі ў Расіі былі міністрамі, шахматыстамі чэмпіянату свету, лаўрэатамі прэмій.
Нямала сярод уладальнікаў прозвішчаў вядомых людзей. Ігнацій Іасафат Булгак (1758 год, Слонім пав. — 1838) — беларускі царкоўны дзеяч, епіскап Тураўскі (1790- 1795), яры прыхільнік уніяцтва, апошні мітрапаліт грэка-уніяцкай царквы ў Расіі. Тамаш Іосіфавіч Булгак. (1801, фальварак Міцкевічы Навагрудскай вол. — 1895) — беларускі рэвалюцыйны дзеяч, мемуарыст, філамат, філарэт, паўстанец (1830-31, 1863-64 гады). Ян Булгак (1876, Навагрудчына — 1950 год) — беларускі этнограф, фалькларыст, майстар мастацкай фатаграфіі.
Маёнтак панскі быў добра вядомы сялянам. І вось які лёс склаўся ў імення. У матэрыялах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі значыцца, што ў 1917 годзе маёнтак Мілашэвічы Тонежскай воласці падзелены на тры: Мілашэвічы-Ляхоўскае (Есчанскі Дз. Пятр.), Мілашэвічы-Застаўе (Ал. Ал. Фляроў-Булгак), ля Баравога (арандаваў банк). У сяле 171 двор, 964 жыхароў (489 мужчын і 475 жанчын).
Разам са старшынёй Мілашавіцкага сельвыканкама Галінай Гаўрылавец адшукалі, на якім магчымым месцы знаходзілася панская сядзіба. Апыталі шэраг жыхароў аграгарадку, якія маглі ведацаць гэта ад сваіх родзічаў. Таццяна Гаўрыленка 1926 года нараджэння кажа, што памятае, як займалася на школьных занятках менавіта ў былой панскай сядзібе.
Таццяна Гаўрыленка ўспамінае:
— У першы клас я пайшла ў школу, што знаходзілася побач з цяперашняй бальніцай. А ў другі клас нас адправілі займацца ў іншае памяшканне. Гэта былая панская сядзіба, знаходілася за сучасным цэнтральным магазінам, бліжэй да ракі. Велічэзнае памяшканне, уладкавалі там тры класы, і дзеці займаліся. Зараз на гэтым месцы дом. Там добрая зямля, пладародная.
Былы дырэктар школы Пятро Прыходзька кажа, што на тэрыторыі сядзібы рос вялікі сад. У ім высачэзныя дрэвы. Самыя апошнія толькі нядаўна спілавалі, калі праводзілі лініі электраперадачы. Таксама на тэрыторыі сядзібы знаходзіліся падвалы з віном, канюшні, склеп. Мясцовыя кажуць, што калі вялі камунікацыі па вёсцы, то знайшлі астанкі таго склепу…
Дарэчы, Мілашавічам у наступным годдзе спаўняецца 600 гадоў — з моманту першага ўпамінання ў летапісах. У сувязі з гэтым сельвыканкам паспрабуе ўзнавіць план мясцовасці даўняй вёскі яшчэ стогадовай даўніны. З дапамогай розных крыніц будзе вызначана, дзе раней знаходзіўся гаспадарскі дом, карчма, канюшні і іншыя пабудовы. Усё гэта будзе нанесена на паперу падрыхтоўкі панарамы Мілашавічаў. «СЖ» акажа гэтаму інфармацыйную падтрымку.
Завяршыць дадзены матэрыял хочацца гісторыяй пра пана. Тутэйшы выпадак паміж Булгак-Флёравым і Удоткай, ад якога нарадзілася цудоўнае дзіцё Юлія, можна назваць незвычайным паваротам лёсу. І падказкай. Такіх выпадкаў у жыцці бывае няшмат. Аднекульсці са сталіцы з’явіўся памешчык і літаральна закахаўся, захацеў звычайную дзяўчыну. Прыгожую, як «кветка каля Убарці». І яна адказала ўзаемнасцю. Хоць і не адразу.
Здавалася, пан і простая сялянка — несумяшчальныя, адзін аднаму не падыходзяць. Але ж, думаецца, што разуменне несумяшчальнасці — адноснае. Можна знайсці шмат прычын і розных адгаворак. Розны сацыяльны статус, характары, знешнасць. Але ж важней за ўсё простыя, чалавечыя адносіны. І павага адзін да аднаго. Іх можна наладжваць, было б жаданне. І яшчэ павінна быць родная душа. Нездарма кажуць: адзіная душа на дваіх.
Гісторыя адносін пана і сялянкі — пацвярджэнне таго, што каханне не мае межаў. Ні сацыяльных, ні геаграфічных. Кажуць, што памешчык адправіў сваю сям’ю ў Кіеў. А сам доўгі час заставаўся побач са сваёй каханай Удоццяй і яе дзіцём Юліяй у межах цяперашняга Лельчыцкага раёна. Разам з каханай атрымліваў асалоду ад маляўнічага лесу, пойменных дубраў і чыстага паветра. Рамантыка.
Канстанцін КАВАЛЁЎ.
kovalevkons@mail.ru