Аб незвычайным выпадку расказвае адна з сямейных легенд. 

Вывучаючы гісторыю роднага краю знайшоў цікавыя звесткі ў сваім радаводзе і вырашыў падзяліцца імі з шаноўнымі землякамі, чытачамі нашай газеты.

Адбылася гэта гісторыя яшчэ да рэвалюцыі ў вёсцы Мілашавічы. Аграгарадок — старажытны, непадалёку ва ўрочышчы Мельніца выяўлена ажно 20 курганных могільнікаў. Гэта сведчыць аб тым, што насялялі дадзеную тэрыторыю не менш як тысячагоддзе таму назад. Больш таго, нават мясцовае паданне сведчыць аб тым, што падчас паходу кіеўскай княгіні Вольгі на драўлян, у 946 годзе, жыхары гэтай вёскі хаваліся на Лавуні, а тых, хто загінуў, пахавалі ва ўрочышчы Курганы. (Хроніка Убарцкага Палесся//Аўтар-уклад. А.І. Атнагулаў.  Мн.: Тэхналогія, 2001).

Па словах маёй бабулі Настассі Фядосаўны Калеснай і яе сястры Яўфіміі наш род паходзіць не толькі ад сялян, але ж цячэ ў ім і панская кроў. Пра гэтую даўнейшую гісторыю больш глыбока мне дапамог даведацца дваюрадны брат, гісторык і краязнаўца з Мінску Эдуард Канановіч. Ён не адзін год аналізаваў і вывучыў шэраг архіўных дакументаў. Літаральна па крупінках узнавіў роднасныя лініі.

Былі выкарыстаны сучасныя тэхналогіі. З дапамогай не толькі ўспамінаў родных, а таксама і камп’ютэрнай праграмы, давялося структураваць імёны і прозвішчы. Знайшлося шмат ліній родзічаў у Прыбалавічах і Мілашавічах. У выніку выкарыстання камп’ютэрнай тэхналогіі ўдалося ўсталяваць у радаводзе ажно пакаленні з XVII стагоддзя. Генеалагічнае дрэва дапаўнялася з іншых крыніц.

Інфармацыю аб імёнах і прозвішчах шукалі таксама ў «рэвізскіх казках». Зараз яны захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве. У ХIX  стагоддзі гэта быў асноўны дакумент, а яшчэ метрычныя кнігі, па якіх можна было прасачыць насельніцтва вёсак. «Рэвізская казка» існавала для перапісу менавіта сялян дзеля падаткаабкладання і была афіцыйным дакументам Дзяржаўнага казначэйства, аналаг сучаснага Міністэрства па падатках і зборах. Таксама былі люстрацыйныя акты і вопісы.

 Вось якія цікавыя звесткі Эдуард распавёў у адным са сваіх лістоў:

— Сямейная легенда гаворыць пра тое, што пачаў заляцацца да маёй прапрапрабабулі Аўдоцці Гаўрыленкі, ці, як казалі на вёсцы, Удоткі, мясцовы памешчык Мікалай Флёраў-Булгак, сядзіба якога знаходзілася ў Мілашавічах. Маці Удоткі Агапа Гаўрыленка была катэгарычна супраць такой сувязі, бо, вядома, браць замуж яе 21-гадовую дачку прыгажуню пан не збіраўся, а гэта ганебна сярод аднавяскоўцаў.

Зразумела, што такая рэакцыя маці не спадабалася памешчыку Мікалаю Маркавічу Флёраву-Булгаку.

— Ён пакарыстаўся «службовым становішчам» альбо сваім уплывам у мясцовай акрузе, — працягвае расповед Эдуард Канановіч. — І тады ён адсылае брата Аўдоцці Івана, сына Фадзея ў рэкруты на 25 год. І вось Агапа, (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Фонд  333. Вопіс 9. А.з. 380) маці Удоткі, гэтая няшчасная прыгонная сялянка разумее, што выбару ў іх няма і бласлаўляе дачку зрабіцца палюбоўніцай пана. І адразу памешчык Мікалай робіцца больш лагодным, вяртае брата Удоткі з-пад Кіева дахаты.

Пан не адракаецца ад каханай. Ён паступае па-гаспадарску, не парушаючы традыцый. Робіць так, каб дзяўчына засталася пры сялянах, і пры гэтым была побач з самім памешчыкам. 

Эдуард Канановіч працягвае: 

— Мікалай Флёраў-Булгак сваю каханую аддае замуж за селяніна з Прыбалавіч Іллю Іванавіча Лозку. Гэта, каб мясцовыя людзі яе не абгаворвалі. І нават больш таго ― каб у іх было ўсё добра з фінансавым становішчам, Флёраў-Булгак робіць Іллю Лозку старэйшым млынаром. У Мілашавічах шмат сялян з прозвішчам Лозка. Невыключна, што гэта даўнія ягоныя родзічы.

І, як не дзіўна, гэта сямейнае паданне пацвердзілася архіўнымі дакументамі. Пасля падзелу ў 1808 годзе Убарцкага маёнтка на часткі адну з іх ― маёнтак Мілашэвічы купіў Флёр Булгак. У 1814 годзе Марк Булгак (верагодна, сын Флёра ― Э. Канановіч) будуе ў с. Мілашавічы царкву. А з 1847 па 1875 гады як спадчынны ўладальнік згадваецца ўжо Мікалай Флёраў-Булгак у сувязі з тым, што за пазыкі Сенат выстаўляў маёнтак Мілашэвічы на публічны продаж. (НГАБ. Ф. 299. Воп. 2. А.з. 3869, тамсама НГАБ. Ф. 299. Воп. 2. А.з. 5342).

Непадалёку ад панскага двара знаходзілася сажалка, дзе вадзілася шмат рознай рыбы. Сам памешчык жыў у Кіеве, а летам прыязджаў сюды адпачываць. Нішто ўжо не нагадвае аб тых часінах. Хіба што магутныя дубы ды празрыстая крыніца могуць маўкліва расказаць гэтую легенду. (Шаршнёва Т. На маляўнічым беразе ракі// «Светлае жыццё». 1983, 7 ліп.).   

Як і многія паны Флёраў-Булгак трымаў вялізную гаспадарку: коней, птушак, кароў, парасят, ды і іншае. І каб яе даглядаць патрэбен быў вялізны штат людзей. Эканомкай пан назначыў Аўдоццю Гаўрыленку, з якой працягваў асабістыя зносіны. У паслядоўнасці гэтага незвычайнага кахання пана з простай сялянкай народзіцца асляпляльнай прыгажосці дзіця.

Дзяўчынка, якую назавуць — Юлія. Яе жыццё працякала сярод простых сялян, і займалася яна звычайнымі гаспадарчымі справамі. Не захацела да пана ў двор, жыць сярод багаццяў. Далейшы свой лёс палеская прыгажуня Юлія знайшла ў Прыбалавічах, куды пераехала і выйшла замуж. Гаспадаром яе хаты і мужыком стаў мясцовы парабак Змітро Акуліч.  Як не дзіўна — звычайны хлопец.

(Працяг будзе).

Канстанцін КАВАЛЁЎ.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: