Калі глядзець у гістарычную рэтраспектыву (погляд у мінулае), дык беларускі народ упершыню выйшаў на цяперашнюю ступень існавання, стварыўшы і развіваючы суверэнную і незалежную дзяржаўнасць. У нас гэта атрымліваецца. Яркі доказ таму — усё тое, што зроблена за мінулыя 30 гадоў (па гістарычных мерках зусім кароткі адрэзак часу).

А першая ж палова 90-х гадоў адзначалася вельмі глыбокім сацыяльна-эканамічным крызісам, палітычная сістэма фактычна развалілася.

І калі ў 1994 годзе быў выбраны наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, сістэма ўлады ў Беларусі пачала наладжвацца ў інтарэсах большай часткі беларускага народа.

Час, у якім мы жывём, надта важны для нашай дзяржаўнасці, для беларускіх грамадзян. І мы павінны гэты перыяд усяляк падтрымліваць, развіваць, умацоўваць (не расхістваць), захоўваючы ўсё, чаго мы дасягнулі. Размова не аб тым, што ў нас створана ідэальнае грамадства, ідэальная дзяржава. Але нейкія недахопы — яшчэ не прычына ўсё разбурыць, сцерці і пачаць будаваць з самага пачатку.

Зараз мы развіваемся спакойна, мэтанакіравана, паступова, без ваенных і рэвалюцыйных сутыкненняў. У 2020 годзе была спроба кветкавай рэвалюцыі, у якой мы вытрымалі, дзякуючы нашаму лідэру і той здаровай частцы грамадства, якая згуртавалася вакол Прэзідэнта.

На мой погляд, ліміт ваенных канфліктаў, рэвалюцый для краіны даўно вычарпаны.

Так склалася, што Беларусь знаходзіцца на геапалітычным перакрыжаванні. І, на жаль, са старажытных часоў да XX стагоддзя наша тэрыторыя станавілася плошчай для вялікай колькасці ваенных дзеянняў.

Нягледзячы на найцяжэйшую гісторыю, нашы продкі захаваліся як народ, змаглі сфармаваць сваю дзяржаўнасць, рэалізаваць яе на розных гістарычных этапах і ў выніку прыйсці да суверэннай, незалежнай Беларусі. Гэта з’яўляецца важнейшай каштоўнасцю. Беларусь — фактычна пераемніца БССР. Менавіта на савецкай аснове сфармавалася беларуская нацыянальная дзяржаўнасць.

1 студзеня 1919 года было аб’яўлена аб стварэнні суверэннай незалежнай беларускай дзяржавы на савецкай аснове.

31 ліпеня 1920 года (час польска-савецкай вайны), калі ўся тэрыторыя Беларусі была вызвалена Чырвонай арміяй і было прынята рашэнне вярнуцца да фармату Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь.

Адбыліся другая аб’ява незалежнасці БССР і тэрытарыяльныя ўзбуйненні. Усходнія беларускія землі, якія знаходзіліся ў складзе РСФСР, былі вернутыя ў склад нашай рэспублікі. А акт гістарычнай справядлівасці адбыўся восенню 1939 года, калі заходняя частка Беларусі, якая па выніках Рыжскага мірнага дагавору апынулася ў складзе Польскай дзяржавы, уз’ядналася з БССР.

БССР была адной з рэспублік-заснавальніц Савецкага Саюза. Разам з РСФСР, Украінай, Закаўказскай Сацыялістычнай Федэратыўнай Савецкай Рэспублікай.

Што датычыцца Рыжскага міру, дык для нашага народа гэта стала нацыянальнай трагедыяй. Маю на ўвазе ўмовы, у якіх жылі беларусы ў Польшчы: нягледзячы на ўзятыя на сябе гарантыі, палякі фактычна не імкнуліся іх рэалізаваць.

Ішла сістэматычная, мэтанакіраваная палітыка паланізацыі беларусаў і грамадзян іншых нацыянальнасцяў (тых, хто не быў палякамі), якія жылі на тэрыторыі заходняй Беларусі.

Большая частка сучасных беларусаў хочуць жыць спакойна, паступальна развівацца. Гістарычны вопыт нашых продкаў сведчыць аб тым, што мы гатовы адстойваць сваю зямлю са зброяй у руках, але ж разумеем, наколькі важна цаніць мір, спакой і магчымасць развівацца ў інтарэсах большасці, дзеля дабрабыту сваёй краіны. Падзеі 2020 года паказалі: большая частка беларусаў цэняць тыя рэчы, якія з’явіліся пры суверэннай, незалежнай Беларусі, тую пераемнасць, якая вядзе адлік ад савецкага перыяду нашай гісторыі. У адрозненне ад іншых постсавецкіх дзяржаў мы не аблівалі брудам той час. У пачатку 90-х гадоў была спроба ачарніць усё савецкае, але наш народ гэта не падтрымаў.

На мой погляд, ні адзін перыяд гісторыі не з’яўляецца ідэальным. Але нельга кідацца ў іншае: поўнасцю замазваць усё чорнай фарбай. Усюды было тое, што карысна для нашага грамадства, і тое, што негатыўна ўплывала на яго развіццё. Калі мы возьмем савецкі перыяд, дык адмоўных момантаў там было намнога менш, чым станоўчых. Перш за ўсё, мы сфармавалі сваю нацыянальную беларускую дзяржаўнасць менавіта на савецкай аснове, на аснове сацыяльнай справядлівасці, якая па сённяшні дзень у рэспубліцы з’яўляецца самай галоўнай.

У нас агульныя гістарычныя і этнічныя карані з многімі славянскімі народамі. Адмаўляць гэта — значыць падрываць асновы нашага мінулага.

Народ, які не памятае, не ведае сваёй гісторыі, бачыць яе ў скажоным святле, не мае будучыні. Такім народам лягчэй кіраваць.

Фальсіфікацыі, скажэнні, як правіла, імкнуцца прыўнесці знешнія сілы, якія зацікаўлены ў аслабленні ці ліквідацыі гэтага народа ці дзяржавы. Калі мы, беларусы, не будзем глядзець на сваю гісторыю ўласнымі вачыма (ацэньваць са свайго погляду, што даў той ці іншы перыяд), не скажаючы фактаў і падзей, за нас гэта пастараюцца зрабіць іншыя. І мы атрымаем погляд на нашу гісторыю вачыма амерыканцаў, англічан, украінцаў, літоўцаў.

Лічу вельмі вялікім і важным крокам, што Дзень народнага адзінства беларускага народа звязаны з датай 17 верасня. Яна адносіць нас да рэальных гістарычных падзей уз’яднання беларускага народа. Гэта наймацнейшая зброя ў плане захавання гістарычнай памяці аб тым, што адбывалася восенню 1939 года.

У сучасны момант першачарговая задача — не дапусціць фармавання ў грамадстве так званай пятай калоны. Асабліва гэта важна для кіруючай эліты, якая прыходзіць да ўлады. Безумоўна, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце адыгрывае вялікую ролю ў сэнсе падбору і падрыхтоўкі сапраўдных кіраўнікоў — не толькі прафесіяналаў сваёй справы, але і патрыётаў сваёй Айчыны, якія адчуваюць адказнасць за лёс народа і дзяржавы.

Радуемся, што за 30 гадоў нашай незалежнасці змяніліся нашы дарогі, гарады і вёскі, наша жыццё. Усё, канечне, у лепшы бок.

А гарады як людзі: кожны па-свойму індывідуальны і непаўторны, у кожнага свой твар, свой стыль. І іх, нашы гарады, нельга пераблытаць адзін з другім.

Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: