У глушкавіцкай сям’і Брылевічаў з даўніны займаюцца пчалярствам.

Справа гэта адказная, няпростая, але ж, вельмі цікавая і «салодкая». Бортніцтва, або пчалярства, якому на Палессі тысяча гадоў. Нават назва нашай мясцовай прыгажуні-рачулкі Убарці звязана з гэтым рамяством. Людзі рабілі і вешалі борці каля ракі, бліжэй да яе. Вось і атрымліваецца, што ў самай борці. Адсюль і Убарць. Ставіць борці каля ракі, а таксама ў лесе працягваюць людзі іх і па сённяшні дзень. У Глушкавічах такіх сем’яў шмат, адна з іх — 94-гадовага Івана Брылевіча і яго сына Рыгора. Пра мёд яны ведаюць амаль усё.

Сустрэліся мы ля ганку хаты Брылевічаў. Папрасіў Рыгора пазнаёміць з асаблівасцямі бортніцтва. Субяседнік перш-наперш паказаў, вынес з дому «жэнь» — самае галоўнае пад’ёмнае сваё прыстасаванне. Гэта доўгая вяроўка, з дапамогай якой ён лезе на дрэва. Справа бортніка на Палессі нагадвае альпінісцкую. Патрэбна ўмець знаходзіцца на дрэве і пры гэтым не зваліцца на зямлю. А такія выпадкі былі, і часам заканчваліся трагічна. Таму асцярожнасць бортніка корміць.

Пра «жэнь» і тэхніку бяспекі мой субяседнік падрабязна распавядае і паказвае:

— Перад тым, як узабрацца на дрэва, правяраю візуальна, ці яно не пашкоджана. Нават, за невялікі час пакуль «жэнь»  ляжала, мышы маглі яе сапсаваць. Каб гэтага не атрымалася, змазваю дзёгцем — і на захаванне. Але ж не заўседы гэта дапамагае, бо мышы ўсё-такі адчуваюць салодкае.

Сам Рыгор ведае пра мёд і асаблівасці яго здабывання шмат чаго. У гэтай справе ён — як рыба ў вадзе.

— З маленства пачаў хадзіць разам з бацькам у лес. Так і вучыўся ў яго справе, — тлумачыць свой шлях у бондарства субяседнік. — Мы здабываем чысты лясны мёд, без цукру і ўсялякіх дабавак. Але ж, каб усё прайшло бяспечна, патрэбна быць упэўненым у сабе, у дрэве, на якое ўзбіраешся. Патрэбны моцныя рукі і адносна невялікая вага. А калі чалавек больш за 100 кілаграмаў, то яму цяжка прыйдзецца.

Дарэчы, што датычыцца вышыні, на якую ставяцца борці, то яна каля 10 метраў. Бортнік стараецца не ўзбірацца ўжо занадта «пад нябёсы». З дрэў, якія выбірае — сосны, дубы. Практыкуюць ставіць вуллі нават на зямлю — такія ёсць у садку каля дома. І там таксама нядрэнныя пчолы, якія робяць якасны мёд.

Паказваць свае вуллі ў лесе Рыгор не стаў. Для экскурсіі да пчол зараз не самая лепшая пара года. Могуць напасці, пакусаць нядрэнна, бо вельмі раздражняе іх спёка. Спакайней за ўсё насякомыя будуць сябе паводзіць восенню і вясной. Менавіта тады мой субяседнік распачынае «паляванне» на мёд. У гэтую пару і збірае ўраджай. Залазіць на дрэва, паддае пчолам «дымку» — і наперад, за сотамі. Яму дапамагае малодшы брат, які жыве ў Мазыры і прыязджае дзеля гэтага занятку спецыяльна ў Глушкавічы.

Борці свае Рыгор ставіць у розных месцах. Ёсць каля дома, а ёсць і на адлегласці 17 кіламетраў. Выраб вулля тры дні. Аднавяскоўцы нярэдка просяць паказаць і навучыць як гэта робіцца. Такім чынам да традыцыі бортніцтва ў Глушкавічах ёсць цікавасць.

— Бортніцтва — гэта хобі, занятак для душы, які можа прыносіць яшчэ і прыбытак, — дзеліцца мой субяседнік. — На першым месцы, каб было жаданне займацца гэтай справай. І яно ў шматлікіх глушкоўцаў ёсць. Метадам спроб і памылак, канечне, атрымліваецца вынік. Я пераняў у бацькі вопыт, дзялюся ім з іншымі. Так карысная справа і жыве.

Усяго ж у Рыгора да 100 борцей. Дакладную колькасць ён папрасіў не называць. У вёсцы так ніхто не робіць. Такія традыцыі, мясцовыя звычкі — трымаць у тайне колькасць борцей. І, як зазначае субяседнік, ягоная колькасць вулляў — яшчэ не рэкорд, бо бывае звыш за сотню ў людзей.

Сваім палесскім мёдам Рыгор частуе родзічаў. А іх нямала.

Яго бацька з матуляй выхавалі 11 дзяцей — ягоных братоў і сясцёр. Усе яны раз’ехаліся. І калі збіраюцца — салодкая страва даспадобы. Пра свой натурпрадукт субяседнік распавядае з лагодаю і любоўю: там не тое, што ўсе травы — уся прырода.

Праходзім у сад, што за хатай Брылевіча, каб сфатаграфавацца. Добрая кампазіцыя. Стаяць чатыры борці. Прама на зямлі, пад імі камяні, цагляная абарона — кар’ернае каменне, каб не гнілі знізу. Не ва ўсіх калодах ёсць пчолы — у дзве засяліліся. У астатнія дзве, і яшчэ адной, што на ўскрайку ўчастка, — пакуль што жыць не пажадалі і зляцелі.

— У адной калодзе пчолы жывуць ужо 5 гадоў. У другой селі ў мінулым годзе. Пчолы, іх сем’і, кожная са сваім характарам. Утульнасць не спадабалася — зляцелі, — дзеліцца Рыгор, паказваючы на калоду, што бліжэй да дома.

Для таго, каб гэтых «салодкіх» насякомых заманіць да сябе, у субяседніка свае сакрэты. Адзін з іх — знутры ў калоду кладзе багон, націрае ім — пах стаіць прывабны ў акрузе. Вешае таксама соты. Перад святам Міколы абавязкова пчаліная сям’я «клюне». А не — то і магчыма пазней. Хаця не выключна, што і ўвогуле можа не ўсяліцца. Тады на наступны год.

Каля пустой борці, што ў садку, вырашаем сфатаграфавацца. Запрашаем бацьку Івана стаць побач у кадр. Дарэчы, 94-гадовы бортнік мала размаўляе. Для сына ён ужо хутчэй не столькі памочнік,  колькі назіральнік.

— Бацька мой 40 гадоў адпрацаваў трактарыстам у мясцовым калгасе «Перамога» («Зара Палесся» ― удакл. аўтара). Як кажуць усё жыццё прысвяціў. Яшчэ валы выкарыстоўвалі, калі ён уладкаваўся. Пазней ужо сеў на трактары ДТ-34, ДТ-74, працаваў на Т-16 «шасіку», — расказвае Рыгор.

Рыгор жа працаваў 19 гадоў на шчэбзаводзе,  а зараз аформлены па догляду за бацькам. Уладкаваўся ў самае няпростае месца — бурыў каменне ў кар’еры. Спецыяльна дзеля гэтага вучыўся ў Чарнаўцах ад прадпрыемства.

Вяртаючыся да тэмы мёду, пацікавіўся: які атрымліваецца сабраць ураджай. Субяседнік кажа, што да 50 кілаграмаў. Але ж, многае залежыць ад асяроддзя. У пчол шмат ворагаў і добра, калі не нападуць яны. Напрыклад, клешч, матыль. Ёсць прыхільнікі пачаставацца, напрыклад, куніца, якая можа ўсё ў вуллі знішчыць. Тады і ўраджай мёду  значна меншы, бо яна бязлітасная.

Мы стаялі і размаўлялі ў садку побач з вуллем, якому больш за 50 гадоў. І такія калоды таксама прадуктыўныя — прыносяць нямала мёду. І нават больш таго. Водар ад іх ідзе — незвычайны, не такі, як ад дрэва. Водар ад старой борці — праполіс, воск і мёд. Усё гэта разам, у адным ансамблі. Ніколі не ведаў, што борці пахнуць. А стоячы побач са старою борцю, гэта адчуў. Ды яшчэ ж які салодкі ў іх пах! Запамінальны! Незабыўны!

Дарэчы, як прызнаўся Рыгор, ёсць у яго яшчэ і больш старыя калоды. 120 гадоў вуллю прабабулі Кацярыны. І стан яго нядрэнны. Калода, якая перажыла рэвалюцыі, Вялікую Айчынную вайну — прыносіць мёд. Вось якая спадчына, а з ёй і багаты вопыт дастаўся Рыгору. Ён спадчынны бортнік, прытрымліваецца традыцый свайго дзеда і прадзеда.

Бортніцтва на Палессі — тэма, якая выклікае няспынную, перманентную ўвагу. Гэта багацце і традыцыі палешукоў, іх лад жыцця. Унікальны, які нідзе не пабачыш. Цікавы. І вельмі прыемна, што застаецца і па сённяшні дзень актуальным. Традыцыі, вопыт перадаецца з пакалення ў пакаленне. Бортнікі — асобы пласт носьбітаў культуры, якія сустракаюцца на Беларусі.

У Глушкавічах, Прыбалавічах, Мілашавічах, Баравым з’явіліся цэлыя сем’і, дзе займаюцца гэтым даволі старым промыслам. Ён эвалюцыянуе на сучасны лад, прычым без пашкоджання сувязі з мінулым. Дарэчы, дзякуючы бортнікам з Лельчыцкага раёна, старажытны промысел трапіў у Сусветны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. А яшчэ раней — у 2017 годзе, элемент «лясное бортніцтва» стаў часткай нематэрыяльнай спадчыны Беларусі.

Канстанцін КАВАЛЁЎ.
На здымку: Рыгор Брылевіч на сядзібе разам з бацькам Іванам.
Фота аўтара.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: