У гэтым годзе ўсе, хто мае дачыненне да ідэі міласэрнасці, адзначаюць надзвычай важную дату — стагоддзе Беларускага Грамадства Чырвонага Крыжа, старэйшай гуманітарнай арганізацыі краіны. Не застаюцца ў баку і жыхары нашага раёна.

Гісторыя Чырвонага Крыжа пачалася з канца ХІХ стагоддзя. Тады, у 1872 годзе было створана Мінскае мясцовае кіраванне Расійскага грамадства клопату аб раненых і хворых воінах.

Верасень 1921 года вядомы прыняццем Статута Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Тут рыхтавалі персанал для догляду за хворымі і раненымі, дапамагалі тым, хто пацярпеў ад вайны, неўраджаю і іншых бедстваў, аказвалі дапамогу палонным і зняволеным бежанцам, а таксама ўсім, хто меў у гэтым патрэбу.

Для гэтага ствараліся спецыяльныя лазарэты, сталовыя, выдаваліся адзенне і абутак, аказвалася неабходная медыцынская дапамога.

Бясспрэчна, цяжкае выпрабаванне выпала на долю ўдзельнікаў Чырвонага Крыжа ў час Вялікай Айчыннай вайны. Падрыхтоўка медсясцёр і санітарак дазволіла выратаваць тысячы жыццяў у той складаны час.

Так, вядомая на ўвесь свет Зінаіда Тусналобава-Марчанка, якая закончыла кароткатэрміновыя курсы медсясцёр пры Чырвоным Крыжы і добраахвотна ўступіла ў армію, змагла вынесці з поля бою 120 параненых. У адным з баёў яна ледзь не загінула сама. Згубіўшы прытомнасць, абмарозіла ногі, таму ўрачы павінны былі іх ампутаваць.

Яе пісьмо першаму Прыбалтыйскаму фронту, прасякнутае болем за сваю пакалечаную маладосць, заклікала да мужнасці, гераізму ў барацьбе з ворагам. «За Зіну Тусналобаву!» — пісалі на бартах самалётаў, на брані танкаў і зброі, што з яе іменем ішла ў бой. Пасля вайны ад Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа гераіня атрымала медаль Флорэнс Найцінгейл — вышэйшую ўзнагароду за сапраўдную міласэрнасць і клопат аб людзях.

І такіх жанчын было нямала.

Усяго, за подзвіг і выключную адданасць сваёй справе ў ваенны час і мірныя гады, дванаццаць медыцынскіх сясцёр Беларусі атрымалі такую ж узнагароду.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны ствараліся супрацьэпідэмічныя атрады, дзіцячыя дамы, над якімі наладжвалася шэфства, развівалася донарства, праводзілася навучанне аказанню першай дапамогі.

Медыцынскія сёстры міласэрнасці даглядалі цяжкахворых, аказвалі дапамогу ветэранам. Не заставаўся Чырвоны Крыж у баку і пры аварыі на Чарнобыльскай АЭС, аказваў дапамогу тым, хто панёс страты ад гэтай катастрофы. Літаральна нядаўна, у Міжнародны дзень медыцынскай сястры, зноў былі вызначаны лаўрэаты гэтага прэстыжнага медаля.

З 25 медсясцёр з усяго свету, атрымаўшых узнагароды, дзве — з Беларусі, і гэта вельмі ганарова.

На сённяшні дзень  Чырвоны Крыж — самая буйная і вядомая гуманітарная арганізацыя ў нашай краіне. Яна заўсёды была і застаецца надзейным партнёрам дзяржавы пры вырашэнні гуманітарных задач у сферы аховы здароўя, адукацыі і сацыяльнай падтрымкі некаторых слаёў насельніцтва. Члены Чырвонага Крыжа дапамагаюць у складаных і крызісных сітуацыях, аказваюць медыцынскія і сацыяльныя паслугі, у тым ліку і па навядзенні парадку ў дамах, кватэрах, знаходзяць тых, хто прапаў, высвятляюць звесткі аб родных, сувязь з якімі была згублена ў выніку войнаў, бедстваў, міграцый. Яны дапамагаюць людзям з цяжкімі захворваннямі і інваліднасцю, адзінокім пажылым грамадзянам, вымушаным перасяленцам, сем’ям, якім патрэбна дапамога і падтрымка, усім, хто трапіў у складаную сітуацыю.

Мы вельмі рады, што членаў Чырвонага Крыжа становіцца ўсё больш і больш. І апора — гэта, бясспрэчна, юныя члены валанцёрскіх атрадаў, якія прымаюць удзел літаральна ва ўсім. Вялікі дзякуй хочацца яшчэ сказаць дарослым валанцёрам, а таксама спонсарам — без іх многія добрыя справы нельга было б ажыццявіць.

Нашы валанцёры прымалі актыўны ўдзел у раённых мерапрыемствах, прысвечаных Дню Перамогі, ускладанні кветак у гісторыка-культурных комплексах, уборцы месцаў пахавання, а ў пандэмію яны дапамагалі з лекамі і прадуктамі харчавання.

У апошнія гады старшынёй Лельчыцкай раённай арганізацыі Беларускага Грамадства Чырвонага Крыжа з’яўляецца Ірына Рыгораўна Ляхавец, чалавек добрага сэрца і чулай душы.

Ірына Рыгораўна адзначала, што Лельчыцкая раённая арганізацыя штогод папаўняецца адной «пярвічкай», а на сённяшні дзень іх — 13. Вялікую дапамогу аказваюць малазабяспечаным сем’ям і сем’ям інвалідаў, а шматдзетным выдаюць сертыфікаты, дапамагаюць вызваленым з месцаў заключэння. А да стогадовага юбілею раённая арганізацыя рыхтуе ўрачыстае мерапрыемства.

Я не перастаю паўтараць: кожны з нас можа прыняць удзел, унесці пасільны ўклад у справу міласэрнасці і дабра. Далучайцеся!

Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: