(Працяг. Пачатак у №№ 49,50)

  1. У чаканні каля Убарці

Наша рубрыка «Векапомнае», прысвечаная Году народнага адзінства, працягваецца. Даведацца, як здабывалася вызваленне ў Вялікую Айчынную вайну і праз што давялося прайсці жыхарам Палесся, каб дажыць да яго — дапамогуць непасрэдныя сведкі тых момантаў, родныя. Мы пачалі расказваць пра Анастасію Калесную (Канановіч), настаўніцу з Прыбалавічаў, узнагароджаную знакам «Выдатнік народнай асветы», медалём Мацярынства за выхаванне пяцярых дзяцей. У двух урыўках апісвалі, як Настассю паранілі каля ўкраінскіх Капішчаў, што побач з Прыбалавічамі, як сям’і Калесных даводзілася ратавацца ў лесе ад нямецкіх акупантаў.  У трэцім урыўку ― далейшы расповед пра жыццё Настассі Калеснай і акупацыю.

Як зазначае Аляксандр Канановіч, а яму аб гэтым расказвалі прыбалавіцкія родзічы, — тактыка карнікаў была бязлітасная:

― Брэх сабак пачуць было самае страшнае. Гэта азначала, што немцы ішлі з паліцаямі ланцугом ― як сецівам лавілі сялян і дастаўлялі ў камендатуру. Там ужо рабілі допыт і здзекваліся.

Немцы таксама звярнулі ўвагу на яшчэ цяжарную Настассю Фядосаўну. «Ты носіш дзіцё партызана, калі родзіш ― прынясеш нам у камендатуру», ― прыкладна такая была размова з настаўніцай. Але ж яна не падпарадкавалася катам. Збегла ў лес. Быў і такі выпадак, што Настассю запрашалі ў Алеўск па лініі камсамолу. Але ж і тут яна не падпарадкавалася. Добра, што родзіч, які валодаў інфармацыяй, папярэдзіў: не ідзі ― будзе растрэл….

Часта над палескімі балотамі, дзе хаваліся нашы дзяды і прадзеды, праляталі варожыя самалёты. Гэта была яшчэ адна з напасцяў.

Аляксандр Канановіч:

― Стралялі з самалётных кулямётаў ― кідалі бомбы зверху. І гэтаму ёсць жывыя сведкі. Напрыклад, мужыку Галіны Акуліч Якаву, калі хаваліся ад нямецкіх атак з неба, было 7 гадоў. Ён прытуліўся  да бярозы, утыкнуўся тварам у дрэва, а вакол яго толькі кулі «тух-тух-тух». Распавядаў аб гэтым з жахам у вачах нават у мірны час.

Пляменніца Настассі Фядосаўны 87-гадовая Галіна Акуліч з Прыбалавічаў:

― За час вайны шмат па лесе, па балоце перамяшчаліся, у розныя месцы. Востраў, Мядзведзеў астровок… Аднойчы па нам з неба страляў самалёт ― заўважыў, што гарэў касцёр, які распаліла Настасся, якая сушыла аддзенне. Маці тады забрала мяне і брата Юрыя да вострава сярод балота ― да Язвіна. Там і тавар наш знаходзіўся, таксама схаваўся. І акопа была. Каля гэтага астраўка паселі і прасядзелі да ночы. А самалёт ускрозь, паласою ўсё страчыў… Забіў тады жонку і дзіцятка на другім канцы балота.

(Усе вышэйназваныя астравы знаходзіліся ў тапілаўскіх балатах, зараз заказнік мясцовага значэння).

Так мы жылі ў лесе не адзін год. Страшна было нам. Дзед і акопу выкапаў, і дакументы нашы схаваў. На жаль, дакументы зніклі, калі нас не было побач. І зрабіў курані, там распальваў агонь, грэліся зімою.  Маці карову падоіць, нас напоіць ― у гладышцы несла. Багата чаго перажылі… Калі вайна скончылася, адзін чалавек у сяле так крычаў — вельмі радаваўся. І я стаяла побач, гэта запомніла.

23 студзеня 1944 года тэрыторыя Лельчыцкага раёна была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў часткамі 61-й арміі Беларускага фронту ва ўзаемадзеянні з Лельчыцкай партызанскай брыгадай. З лясоў і балотаў пачало выходзіць мірнае насельніцтва.

На жаль, не ўсе родныя з сям’і Калесных дажылі да гэтай шчаслівай даты. Некаторым ужо было не наканавана павярнуцца дадому. Брат майго прадзеда Фядоса Ефім загінуў у канцлагеры пад Мінскам. Яшчэ адзін брат Мікіта вярнуўся з фронту нягожы, вельмі яго вайна пакалечыла. А яго пяць непаўналетніх дзетак фашысты расстралялі ў Прыбалавічах.

Гэты факт па дакладных архіўных дадзеных знайшоў гісторык-экскурсавод Эдуард Канановіч, сын Аляксандра Канановіча:

― Сям’ю Мікіты Ільіча пасцігла гора. Пяцярых дзетак фашысты пастралялі ў хляве. Мабыць, каб не чуліся вакол іх крыкі і плач, калі палілі збудаванне. Жонка Фаня была параненая ў шыю і знайшла сілы выпаўзці з полымя. Калі ачуняла ― убачыла сваіх мёртвых, абгарэўшых дзетак.  Прастакосая, без хусткі, з растрапанымі валасамі, уся ў крыві, не пазнаючы нікога і нічога, ішла па вогненнай вуліцы.

 

Канстанцін КАВАЛЁЎ.
kovalevkons@mail.ru
Фота з сямейнага архіву.

*Пры выкарыстанні матэрыялу спасылка на першакрыніцу абавязковая
*Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстоўваліся дадзеныя прадастаўленыя сведкамі падзей.  

(Працяг будзе).

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: