(Працяг. Пачатак у №49 (10 289).
1.У чаканні каля Убарці.
Наша рубрыка «Векапомнае» працягваецца. Даведацца, як здабывалася вызваленне ў Вялікую Айчынную вайну і праз што давялося прайсці, каб дажыць да яго — дапамогуць непасрэдныя сведкі тых момантаў, родныя. Мы пачалі расказваць пра Анастасію Калесную (Канановіч), настаўніцу з Прыбалавічаў, узнагароджаную знакам «Выдатнік народнай асветы». У мінулы раз апісалі момант з яе жыцця, які датычыўся скразнога ранення каля ўкраінскіх Капішчаў, што побач з Прыбалавічамі. У працяг гісторыі пра Вялікую Айчынную вайну на Палессі аб тым, як лясы і балоты сталі заступнікамі людзей, у тым ліку і сям’і Калесных ад чорнай пачвары.
Як з’явіўся на свет Іван, успамінае ягоная дваюродная 87-гадовая сястра Галіна Акуліч, што зараз жыве ў Прыбалавічах. У 1942 годзе ёй споўнілася 8 гадоў і яна разам з астатнімі прыбалоўцамі знаходзілася ў лесе. Успамінае:
— Хаваліся ва ўрочышчы Нецеле, кіламетраў чатыры ад вёскі ў бок Букчы. Там Іван і нарадзіўся. Ужо пазней дзед Фядос збудаваў ва ўрочышчы невялічкую хату, дзе ўсе туліліся. Там бабуля Параска пякла хлеб, які разам усе елі. Нягледзячы на вайну і цяжкія часы, мы імкнуліся не крыўдзіць адзін аднаго. Іван возьмецца за кружку, вельмі малако любіў — і крочыць туды, дзе даілі кароў — яму налівалі.
Успамінае 95-гадовая сястра Хіма з Мінска, што знаходзілася з Настассяй разам у лесе:
— Пад соснамі ў палесскай глушы Насця і нарадзіла Івана. Там, дзе праталіна. Усёй сям’ёй яго даглядалі. Там, у лесе ён і рос.
Капішчы пасціг такі ж лёс, што і Прыбалавічы, Глушкавічы, Хатынь. Нездарма гэтыя вёскі так і называюць — сёстры Хатыні.
А тыя, хто пайшоў у лес — правільна зрабілі. Талакою было куды лепш выжываць. Па-сяброўску, хаця і бяда хадзіла побач, людзі стараліся ставіцца адзін да аднаго. І прадуктаў, хаця адна карова на некалькі сямей прыходзілася — не шкадавалі. Сям’я Фядоса Ільіча Калеснага перажыла нямецкую акупацыю. Лес быў заступнікам людзей ад чорнай пачвары.
Немцы ж Палесся не ведалі і для таго, каб зрабіць аблаву — ім патрэбны былі праваднікі. Іх выбіралі з мясцовых. Пазней іх пакаралі. Такія людзі зналі мясцовасць навокал, дарогі і сцяжынкі і паказвалі, як імі прайсці. І выдавалі сваіх. Немцы ішлі на адлегласці бачнасці суседа, з крыкамі і такім лямантам, што ўсё жывое навокал разбягалася.
Аляксандр Канановіч:
— Жылі ў зямлянках, хаваліся ў час нямецкай аблавы. Пачуўшы брэх гітлераўскіх аўчарак ці гул самалётаў — сыходзілі далей, у самую глуш лесу. Карацелі травілі людзей сабакамі, калі тыя бралі след уцекачоў і ад іх, здавалася, не было збаўлення…
Канстанцін КАВАЛЁЎ.kovalevkons@mail.ru
Канстанцін КАВАЛЁЎ. kovalevkons@mail.ru
Фота з сямейнага архіву.
*Пры выкарыстанні матэрыялу спасылка на першакрыніцу абавязковая.
*Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстоўваліся дадзеныя прадастаўленыя сведкамі падзей.
(Працяг будзе).