Асоба Мяфодзія Шведа, іканапісца з Глушкавічаў, бадай, што адна з самых неардынарных у Лельчыцкім раёне. Прама скажам ― такіх людзей у нашым асяроддзі яшчэ трэба пашукаць. Але ж, знаёмства з такім чалавекам будзе на карысць. Тым больш, што дзверы яго хаты заўжды адчыненыя. Свой дом ён ператварыў у майстэрню, дзе працуе і начуе адначасова. Мяфодзій доўга запрашаў мяне да сябе. І вось урэшце-рэшт здейснілася. На адных з выхадных на свае вочы пабачыў, як жыве і працуе творца.
Хату Мяфодзія з Глушкавічаў у сяле ведае кожны. На «астраўку», як кажуць мясцовыя. Тым больш прыемна было прагуляцца пешшу па вёсцы. Знешне хата Мяфодзія не кідаецца ў вочы. Бо, як кажа сам творца, — ён не імкнецца да нейкай роскашы. Усё ж такі духоўнае ў яго на першым месцы. І сапраўды. Калі заходзіш унутр ― апынаешся быццам у іншым свеце. Колькі карцін, ікон, нібыта ў карціннай галерэі.
«У свёй хаце працую і сплю», ― гаварыў па тэлефоне мне Мяфодзій, калі мы размаўлялі яшчэ раней.
А зараз сэнс яго слоў адчуў сапраўды. Дзе толькі не давялося пабываць Мяфодзію за сваё жыццё. Былі розныя гарады, дзе працаваў, ― Віцебск, Расоны, Верхнядзвінск, Нароўля. Але ж бацькоўская хата стала даражэй за іншыя. У 2001 годзе Мяфодзій вярнуўся ў Глушкавічы — у той дом, дзе жыла яго маці.
Яшчэ паспеў даглядаць яе, бо была вельмі хворая. У гутарцы са мной прызнаецца, што для яго гэта былі лепшыя часы ў жыцці. Безумоўна, бо маці ― самы дарагі чалавек, бліжэй за якога ўжо нікога не будзе.
Мяфодзій жыве адзін, але ж не адзінокі. А ў жыцці як раз бывае наадварот. Часта пры мне, разы тры гэта было, чытаў малітвы, хрысціўся. Чалавек высокай веры і духоўнасці.
Мой суразмоўца ― мужчына з вялікім жыццёвым вопытам. Яму ўжо 74 гады.Жыццё яго патрапала. Але ж ён не здаўся. Хутчэй, наадварот.
А дзе, як ні тут, у бацькоўскай хаце, яму добра пішацца і марыцца. Гэта ж тут ён стаў рамеснікам, іканапісцам, мастаком. А яго хата ― музей, карцінная галерэя з асабістымі экспанатамі.
За час, што знаходзіўся ў яго дома, ― Мяфодзій быў са мной шчыры і ў словах не губляўся. І гэта адчулася. І гэта падкупіла. Можа, таму і захацелася напісаць гэты матэрыял. І, здаецца, што Мяфодзій такі заўжды ў жыцці. Просты. Адкрыты. Добры. Шчыры.
Нават пачаставаў сваёй стравай — бурачным баршчом з мясам. І паказаў матэрыялы ў газетах — самых розных узроўняў. Усюды паспявае творца. Нездарама яго прызналі чалавекам года ў Лельчыцкім раёне. Мяфодзій і зараз не сядзіць без справы. Узяўся за іканастас Мілашавіцкай царквы, і пакуль мы разам гутарылі, ён усё паказваў мне чарцяжы. А да гэтага маляваў яшчэ адну ікону…
Дарэчы, за сваё жыццё іх у Мяфодзія столькі намалёвана, што не злічыць. Адна з іх ― вялізная ікона Вялікамучаніцы Варвары ― знаходзіцца на шчэбзаводзе ў Глушкавічах. Увогуле вялізных грошай Мяфодзій не бярэ за сваю працу. Робіць, калі так можна сказаць, больш для душы. Можа, таму і атрымліваецца ў яго так прыгожа ўсё.
Акрамя хаты, дзе піша фарбамі іконы, ёсць у Мяфодзія і майстэрня. Яе зладзіў у былых сенцах. Паставіў такарны станок. Ёсць таксама невялічкі вярстак, дзе можна нешта падбіць, змайстраваць. А яшчэ ў Мяфодзія шмат іншых цікавых дробязей, як і жыццёвых гісторый, якія можна расказваць вялізную колькасць разоў. Бо свет глушкавіцкага творцы ― ён бясконцы.
Дзе бы ні быў, у якой бы сітуацыі не апынуўся — Мяфодзій заўсёды з Богам. Веру ён нясе па жыцці. Не мінае богаслужэнняў у мясцовай царкве. А калі запрашаюць — спявае ў царкоўных хорах па раёне. І лічыць — усё тое, што чалавек робіць, павінна ісці ад Бога, ад любві. Тады ў жыцці будзе толк.
Канстанцін КАВАЛЁЎ
Фота аўтара.