У сценах Лельчыцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці 9 ліпеня прайшоў юбілейны канцэрт з нагоды 30-годдзя народнага вакальнага ансамбля «Вербніца». Вось ужо 30 гадоў удзельнікі гэтага выдатнага калектыву не толькі нясуць у народ блізкую і родную нам беларускую песню, але і памнажаюць і перадаюць з пакалення ў пакаленне культурныя традыцыі нашых продкаў.
У гэты цудоўны ліпеньскі вечар канцэртная зала была поўная: кожны прысутны ад чыстага сэрца хацеў павіншаваць народны вакальны ансамбль «Вербніца» са святам – 30-гадовым юбілеем.
Свае шчырыя словы віншавання выказаў старшыня Лельчыцкага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Касінскі, які ад усяго сэрца падзякаваў юбілярам за непасільны ўклад у развіццё культурных традыцый нашай краіны:
– Народны вакальны ансамбль «Вербніца» радуе і стварае настрой не толькі жыхарам Лельчыцкага раёна, але і годна прадстаўляе нашу маленькую радзіму на розных пляцоўках абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. І, варта адзначыць, досыць паспяхова. Таму ўсе мерапрыемствы, якія мы праводзім у Лельчыцах, ніколі не абыходзяцца без актыўнага ўдзелу гэтага выдатнага калектыву. І пасля кожнага іх выступлення застаюцца толькі станоўчыя і цёплыя ўражанні. І нельга не сказаць: людзі, якія наведваюць нас з іншых рэгіёнаў, з велізарным задавальненнем і захапленнем прымаюць выступленні «Вербніцы». Таму вельмі прыемна, што ў нас, на Лельчыцкай зямлі, зарадзіўся і ўжо цэлых тры дзесяцігоддзі існуе такі цудоўны ансамбль.
Так як ні адзін дзень нараджэння не абыходзіцца без падарункаў, акрамя цёплых слоў падзякі і сардэчных віншаванняў Сяргей Міхайлавіч ад імя раённага выканаўчага камітэта падараваў народнаму вакальнаму ансамблю «Вербніца» грашовы сертыфікат для ўмацавання матэрыяльнай базы калектыву.
У гэты святочны вечар не абышлося і без узнагароджванняў: за вялікі ўклад у развіццё і папулярызацыю народнай творчасці, актыўны ўдзел у культурным жыцці раёна і ў сувязі з 30-годдзем з дня заснавання калектыву Ганаровай граматай Лельчыцкага раённага выканаўчага камітэта была ўзнагароджана мастацкі кіраўнік народнага вакальнага ансамбля «Вербніца» Аксана Шапарда. За асабісты ўклад у захаванні і развіцці самадзейнай творчасці і актыўны ўдзел у культурным жыцці раёна таксама была аб’яўлена падзяка Лельчыцкага раённага выканаўчага камітэта ўдзельнікам творчага калектыву «Вербніца»: Ірыне Шуканавай, Святлане Алешка, Таццяне Дваракоўскай.
Вялікая колькасць цёплых і ўдзячных слоў была выказана ўдзельнікам «Вербніцы» і старшынёю Лельчыцкага раённага Савета дэпутатаў Таццянай Бяспалай, якая нагадала ўсім прысутным вядомую народную мудрасць:
– Вогнішча, запаленае на вяршыні гары, не сагрэе тых, хто знаходзіцца ля яе падножжа. Наша шчасце, што ёсць сярод нас тыя, хто не проста гаворыць пра дабро, а творыць яго, хто разводзіць сваё вогнішча так, каб людзі маглі каля яго сагрэцца. Бо менавіта ўдзельнікі «Вербніцы» дараць людзям свята, радасць і душэўнае цяпло. А іх мастацтва выхоўвае лепшыя якасці чалавечай душы: прыгажосць, любоў і адданасць сваёй справе, – зазначыла Таццяна Адамаўна. – І таму я выказваю юбілярам сваю шчырую ўдзячнасць за іх майстэрства, папулярызацыю лепшых песенных традыцый і актыўную прафесійную дзейнасць. Ад усяго сэрца жадаю калектыву «Вербніца» творчага даўгалецця, невычэрпнай энергіі, поспехаў ва ўсіх справах і пачынаннях. І хай кожны дзень для іх будзе толькі шчаслівым.
Акрамя шчырых слоў віншавання і падарункаў Таццяна Бяспалая ўручыла Ганаровую грамату Лельчыцкага раённага Савета дэпутатаў за актыўную творчую дзейнасць і асабісты ўклад у развіццё самадзейнай творчасці раёна кіраўніку народнага вакальнага ансамбля «Вербніца» Аксане Шапардзе.
Працягнула «эстафету віншаванняў» і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справам моладзі Наталля Гаўрылавец.
– Юбілей ніколі не адзначаюць проста так: юбілей – гэта калі ёсць што ўспомніць, юбілей – гэта калі ёсць што расказаць, юбілей – гэта калі ёсць чым ганарыцца, – сказала Наталля Фёдараўна. – На працягу ўсяго творчага шляху змяняўся склад калектыву «Вербніца», мяняліся кіраўнікі. Але нязменнай заставалася любоў і адданасць удзельнікаў творчага саюза да народнай песеннай творчасці. 30 гадоў – немалы тэрмін. За гэты час шмат чаго змянілася. І сёння ў гэты святочны для ўсіх нас вечар я шчыра жадаю юбілярам калектыўных і творчых поспехаў, рэалізацыі самых смелых праектаў і планаў, — падкрэсліла Наталля Гаўрылавец.
Пасля такіх прыемных і цёплых слоў адбылося ўзнагароджванне салісткі народнага вакальнага ансамбля «Вербніца» Аляксандры Хамутоўскай Ганаровай граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справам моладзі за асабісты ўклад у захаванне і развіццё самадзейнай творчасці і актыўны ўдзел у культурным жыцці рэгіёна.
Але не толькі віншаваннямі абмежаваўся гэты радасны і святочны вечар. У адказ на ўсе добрыя і пачуццёвыя словы калектыў «Вербніца» падараваў гледачам самыя любімыя песні і падзяліўся сваёй любоўю да роднай культуры, бо ўсім вядома, што «песня – душа народа», а калі няма душы – няма чалавека.
Пад цудоўны і меладычны спеў «Вербніцы» слухачам, якія кожнае новае выступленне суправаджалі гучнымі воклічамі, было вельмі цяжка ўседзець на месцы: так і хацелася пачаць танцаваць. І ўсё гэта гаворыць аб тым, што на сцэне знаходзіліся не проста аматары, а сапраўдныя прафесіяналы, якія цалкам аддадзены любімай справе.
На працягу ўсяго мерапрыемства гледачоў радавалі не толькі мілагучныя і душэўныя песні ў выкананні «Вербніцы», але і маляўнічая прэзентацыя, якая адлюстравала самыя яркія і запамінальныя моманты творчай дзейнасці калектыву.
А пасля пад бурныя авацыі гледачоў на сцэну былі запрошаны першыя ўдзельнікі «Вербніцы»: Вера Васільева, Людміла Шруб, Ірына Шпакоўская, Людміла Штарова, Алена Тарасавец, Жанна Сальнікава, Ірына Ігнатоўская, Лілія Фіцнэр, Любоў Фіцнэр, Тамара Некрашэвіч, Вольга Тапчыенка, Вольга Біркоўская, Валенціна Яскавец, Ірына Гразнова і Святлана Дваракоўская, для якіх 30-годдзе ансамбля не проста яшчэ адна пройдзеная мяжа, а свята, якое глыбока кранае ўсе струны душы. Нягледзячы на тое, што некаторыя з запрошаных гасцей не змаглі папрысутнічаць на гэтым урачыстым мерапрыемстве, віншавальныя словы не сціхалі ні на імгненне.
Слова ўзяла стваральнік ансамбля «Вербніца» – Людміла Шруб, якая са слязамі на вачах павіншавала сваіх пераемнікаў з гэтым незабыўным вечарам.
– Гледзячы на вас, я адразу ўзгадала ўсе рэпетыцыі, успомніла абарону нашым калектывам звання «народны», – звярнулася да ўдзельнікаў «Вербніцы» Людміла Андрэеўна. – Многія песні, якія мы выконвалі раней, да гэтага часу жывуць у ансамблі. І гэта проста не можа не радаваць, бо песня, якая нараджаецца на сцэне – гэта велізарная праца, у якую трэба ўкласці шмат творчых сіл. Таму я хачу падзякаваць вам, дзяўчаты, за тое, што вы захоўваеце ансамбль і працягваеце захапляць нас сваімі творчымі здольнасцямі.
Вера Васільева таксама вельмі душэўна і хвалююча павіншавала юбіляраў, пажадала ім поспехаў і творчага даўгалецця.
– Калісьці заслужыць маю пахвалу было вельмі складана, але сёння я з гонарам кажу вам: Вы малайцы! Вельмі радасна бачыць змену пакаленняў. І мы ўсёй душой спадзяёмся, што на 50-годдзе тут будзе ўжо стаяць трэцяе пакаленне, – зазначыла Вера Валер’еўна.
Падзякавала спевакам таксама і вядучая салістка першага складу «Вербніцы» – Ірына Шпакоўская:
– Вашы песні заўжды кранаюць нашыя сэрцы, у вашых выступленнях адчуваецца прафесіяналізм. Моцнага вам здароўя і новых творчых праектаў.
У гэты цудоўны дзень не абышлося і без цёплых віншаванняў і музычных падарункаў ад блізкіх калег юбіляраў: народнага ансамбля народнай песні «Лагода» і народнага мужчынскага ансамбля «Лель». Гэтыя калектывы – блізкія сябры, якія заўсёды дапамагаюць і падтрымліваюць адзін аднаго ў цяжкую хвіліну, дзеляцца не толькі прафесійным, але і жыццёвым вопытам, з’яўляюцца вернымі спадарожнікамі на цярністым творчым шляху. І галоўнае, што іх аб’ядноўвае – бясконцая любоў да творчасці, якая знаходзіць сваё выяўленне ў народнай песні.
Напрыканцы святочнага канцэрта народны вакальны ансамбль «Вербніца» выказаў вялікую падзяку за добрыя і прыемныя словы, якія гучалі на працягу ўсяго вечара, за ўзнагароды і падарункі, атрыманыя ад лепшых сяброў, а таксама за шчырую любоў да іх песеннай творчасці.
Вынікам канцэртнай праграмы, падрыхтаванай удзельнікамі «Вербніцы», стала сапраўдная ўдзячнасць усіх прысутных, якія ў канцы святочнага вечара апладзіравалі стоячы, што магло азначаць толькі адно: бязмерную любоў і павагу. А гэта, як вядома, самая высокая ўзнагарода для артыстаў.
Ангеліна ШЧАРБАТАЯ
Фото Константина КОВАЛЁВА