Паэзія — душа народа. Да 115-годдзя нараджэння Пятра Глебкі

0
883

Нарадзіўся будучы паэт 6 ліпеня 1905 года ў вёсцы Вялікая Уса Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння ў 1923 годзе сямігодкі вырашыў паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, але спроба была няўдалай, і пасля нядоўгага роздуму ён падаў дакументы ў Беларускі педагагічны тэхнікум, дзе выкладаў у той час Якуб Колас.

Тут Глебка блізка сышоўся з Паўлюком Трусам і Максімам Лужаніным, актыўна супрацоўнічаў з імі ў насценнай газеце. У 1925 годзе Пётр Глебка стаў членам літаратурна-мастацкага аб’яднання «Маладняк», а праз год — «Узвышша».

З 1927 года ён працягваў навучанне на педагагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У гады студэнцтва ў Пятра Фёдаравіча любоў да свайго роднага, беларускага яшчэ больш умацавалася. І спрыяла гэтаму атмасфера, якая панавала ў асяроддзі юнакоў і дзяўчат, якія прыехалі ў вялікі горад з вёсак, каб атрымаць неабходныя веды і марылі аб свабоднай, адроджанай Беларусі.

Рэчаіснасць бачылася маладому паэту ў рамантычным святле, а будучыня Беларусі — светлым. Беларускія інтанацыі паэта часам набываюць ясенінскія адценні, аб чым Пятро Глебка сам прызнаваўся пазней у аўтабіяграфіі.

Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1930 годзе ён працаваў у рэдакцыях газеты «Калгаснік Беларусі» і часопіса «Полымя рэвалюцыі», быў літаратурным кансультантам у Саюзе пісьменнікаў БССР. Аднак асноўным заняткам Пятра Глебкі заставалася літаратурная творчасць. Першыя вершы з’явіліся ў 1924 годзе ў газетах «Беларуская вёска», «Савецкая Беларусь», часопісах «Работніца і сялянка», «Беларускі піянер» і іншых выданнях. У 1927 годзе выйшаў першы паэтычны зборнік «Шыпшына» — красамоўны ўзор лірычнай паэзіі, сведчанне яго самабытнага таленту. Вершы прысвечаны роднаму краю, у якім адбываліся істотныя змены. Тэма кахання стала адным з важных сродкаў самавыяўлення Пятра Глебкі. Ранняя лірыка паэта сведчыць аб несумненным таленце, яго актыўным дачыненні да жыцця.

Плённа працаваў Пётр Глебка ў 30-я гады мінулага стагоддзя. Выйшлі яго зборнікі «Урачыстыя дні», «Хада па-дзей», «Чатыры ветры», «Мужнасць» і іншыя. Глебка стаў адным з вядомых і прызнаных беларускіх паэтаў. Стылю паэта ўласцівы публіцыстычнасць і грамадзянская страснасць, героіка-рамантычны пафас, лірызм і баявітасць. Услед за Янкам Купалам ён развіў у беларускай літаратуры жанр драматычнай паэзіі.

Глебка пісаў таксама і сюжэтна-апавядальныя творы, звязаныя з гісторыка-гераічнай тэматыкай. Гэта «Герой і партызанка», «На сустрэчы гадоў», «Эма», а таксама драматычная паэма «Над Бярозай-ракой».

У час Вялікай Айчыннай вайны паэт працаваў у рэдакцыях франтавых газет «За Савецкую Беларусь» і «За свабодную Беларусь». Пад псеўданімам Язэп Касіла змяшчаў вершы і куплеты ў сатырычных выданнях «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка». Разам з Іллёй Гурскім, Піменам Панчанкам, Алесем Кучаром пісаў артыкулы, лозунгі, нататкі. Выступленні ў франтавым друку прасякнуты пачуццём любові да Радзімы, верай у перамогу над ворагам (вершы «Райкам», «Родны хлеб», «Партызаны», «Мы вернемся» і іншыя).

Свой след пакінуў Пётр Глебка і ў пасляваеннай беларускай паэзіі. Вызначальнымі рысамі пасляваеннай творчасці былі публіцыстычнасць, душэўны лірызм, палемічная завостранасць. Лепшыя рысы яго творчасці раскрыліся ў вершах «Рака», «Агні», у цыкле «З вершаў аб замежжы». Паэт радаваўся перамозе над ворагам, пісаў аб аднаўленні роднага краю, узнёсла і натхнёна выказваў сваю любоў да Радзімы.

У прадмове да кнігі яго выбраных крытычных артыкулаў «Паэзія барацьбы і перамогі» акадэмік Акадэміі навук Беларусі Іван Навуменка пісаў: «Без перабольшання можна сказаць, што па выступах, працах, артыкулах Глебкі можна вывучаць гісторыю беларускай літаратуры савецкага перыяду».

Пасляваенная дзейнасць Пятра Глебкі цесна звязана з Акадэміяй навук Беларусі. Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры, мовы і мастацтва, кіраваў сектарам лексікаграфіі, а з 1956 года быў дырэктарам Інстытута мовазнаўства. Галоўным напрамкам навуковых работ Пятра Фёдаравіча былі даследаванні творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа, сувязяў беларускай літаратуры з сучаснасцю, літаратурных узаемасувязяў. Яшчэ ў гады вайны яму было даручана скласці руска-беларускі слоўнік. Гэтай справе ён прысвяціў дзесяць гадоў настойлівай працы.

За час, калі ён быў дырэктарам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Глебка апублікаваў дзесяткі навуковых прац і артыкулаў па праблемах беларускай лексікаграфіі, мастацтвазнаўства і фалькларыстыкі. Ён быў ініцыятарам выдання шматтомнага «Збору беларускага фальклору». У 1950 годзе Пятро Глебка быў абраны членам-карэспандэнтам, а ў 1957 годзе стаў акадэмікам Акадэміі навук Беларусі. У 1968-1969 гадах выконваў абавязкі акадэміка-сакратара Аддзялення грамадскіх навук.

Вядомы Пятро Глебка і як перакладчык. Дзякуючы яму ўбачылі свет на беларускай мове творы Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Лермантава, Максіма Горкага, Уладзіміра Маякоўскага, Тараса Шаўчэнкі. Творы Глебкі перакла-дзены на многія мовы народаў былога Савецкага Саюза і замежжа.

Пятро Глебка прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны. Ён абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі. Як член дэлегацыі БССР неаднаразова ўдзельнічаў у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН. Ён не раз уздымаў свой голас у абарону міру.

За плённую навуковую працу Пётр Фёдаравіч Глебка быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, «Знакам Пашаны», многімі медалямі.

Памёр Пятро Глебка ў 1969 годзе. Імя паэта прысвоена Літвянскай школе ў Уздзенскім раёне, яго імем названа вуліца ў Мінску. На доме, дзе жыў Пятро Глебка, устаноўлена мемарыяльная дошка.

Алёна Янкавец, бібліёграф  аддзела камплектавання і апрацоўкі літаратуры ДУ «Лельчыцкая РЦБС».

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: