
Амаль 44 гады назад у нашай раёнцы за 25 кастрычніка 1977 года выйшаў артыкул пазаштатнага карэспандэнта М. Пазоўскага пад назвай «Абаронцы Ленінграда». У ім аўтар піша пра нашых землякоў Фёдара Казачка і Сцяпана Ашарчука, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны, будучы падлеткамі, пажадалі абараняць Радзіму ад фашызму.
Каб нагадаць пра гэтую падзею, у рэдакцыю «Светлага жыцця» патэлефанаваў сын Фёдара Казачка — Уладзімір, які зараз жыве ў Слуцку.
«Вайна прыйшла нечакана. Гарэла зямля. Начныя выбухі авіяцыйных бомб, артылерыйскіх снарадаў асляпляльнай маланкай, пажарышчамі трывожна ахуталі нашу зямлю. Вераломны напад фашысцкай Германіі выклікаў небывалую хвалю патрыятызму савецкіх лю-дзей. З першых дзён ваеннага ліхалецця людзі розных узростаў ішлі ў ваенкаматы з просьбай накіраваць на фронт, каб хутчэй чым-небудзь дапамагчы ў выратаванні Айчыны. Арганізоўваліся народныя апалчэнні, шматлікія атрады па ўзвядзенню розных ваенных аб’ектаў, якія б аказвалі супраціўленне наступаючаму ворагу. З ліку вучняў старэйшых класаў фарміраваўся тапаграфічны атрад для будаўніцтва аэрадромаў у Маскве і Ленінградзе. Падаў заяву аб залічэнні ў яго і дзевяцікласнік Глушкавіцкай школы Фёдар Казачок.

Цяжкім быў пачатак вайны для нашага народа. Разумеючы важнасць своечасовага ўзвядзення аб’ектаў, былыя школьнікі пад праліўным дажджом працавалі па дзве, а іншы раз і па тры змены. На цяжкасці Фёдар не скардзіўся. У напружанай працы хутка прабягалі дні. Але думка аб фронце не пакідала яго. І вось доўгачаканы дзень надыйшоў. Калі нашаму земляку споўнілася васемнаццаць гадоў, яго прызвалі ў дзеючую армію. Як працавітага, накіравалі на кароткатэрміновыя курсы па падрыхтоўцы малодшага афіцэрскага саставу. Непрыкметна прабеглі дні ўпартай вучобы. Малады лейтэнант Фёдар Сідаравіч Казачок у якасці карэкціроўшчыка артылерыйскай батарэі быў залічаны ў 175 артылерыйскі полк 55 арміі, які вёў цяжкія баі ў раёне горада Калітка, пасёлка Рыбачы, Славянкі, Чырвоны Бор, на Пулкаўскіх вышынях. Тут, на подступах да горада Ленінграда, Фёдар быў паранены. Вопытныя ўрачы з медыцынскай акадэміі імя С. М. Кірава зрабілі ўсё, каб мужны воін зноў стаў у строй. Да самага прарыву блакады, знаходзячыся на розных участках, Ф. С. Казачок паказваў узоры бясстрашнага гераізму.
Праз колькі часу старшы лейтэнант Ф. С. Казачок быў пераведзены на Прыбалтыйскі фронт. Вызваляў Вялікія Лукі, Себеж, Выдрыцу, Пустошку, гарады і населеныя пункты Латвійскай і Літоўскай ССР.
Наступаў перадапошні ваенны год. Вайсковая часць, дзе служыў наш зямляк-афіцэр, была перададзена Першаму Беларускаму фронту. Памочнік начальніка штаба артылерыйскага дывізіёна Ф. С. Казачок у складзе 45 артылерыйскага палка 15 механізаванай дывізіі ўдзельнічаў у вызваленні Варшавы, вёў за сабой на пераправе праз Одэр. У ліку першых ён уварваўся ў логава фашыстаў — Берлін.
Праз два гады пасля заканчэння вайны Ф. С. Казачок быў дэмабілізаваны. Аднавяскоўцы выбралі яго старшынёй Глушкавіцкага сельскага Савета. Потым працаваў на іншых пасадах. Некалькі гадоў з’яўляўся загадчыкам мехустаноўкі Лельчыцкага лясгаса. Выкананне вытворчых планаў і прынятых абавязацельстваў стала законам для калектыву мехустаноўкі. Як камуніст, Фёдар Сідаравіч прымаў актыўны ўдзел у партыйнай і грамадскай дзейнасці прадпрыемства, вёў вялікую выхаваўчую работу сярод моладзі. Да шматлікіх баявых ордэнаў, медаляў і падзяк прыбавіліся ўзнагароды і падзякі за працоўную дзейнасць ужо на мірным фронце.

Удзельнікам абароны горада Леніна быў і Емяльян Сцяпанавіч Ашарчук. Яшчэ да пачатку вайны ў Ленінградзе ён закончыў школу малодшых камандзіраў. Старшы сяржант восьмага асобнага інжынернага батальёна абараняў горад Выбарг і магістралі, якія вялі да Ленінграда. Адважны разведчык-мінёр запісаў на свой рахунак сем «языкоў». Емяльяну Сцяпанавічу давялося ваяваць на «Неўскім пятачку», аб чым сведчыць нагрудны знак, у абароне Кіраўскага завода, на Пулкаўскіх вышынях і інш.
У саставе Другога Беларускага фронта актыўна ўдзельнічаў у вызваленні гарадоў і населеных пунктаў Эстоніі, Латвіі, на Варшаўскім плацдарме, у баях за востраў Махавіцкі…
Ордэны Чырвонай зоркі і Айчыннай вайны, медаль «За адвагу», 25 падзяк Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, таксама камандуючых франтоў і арміі — лепшыя ўзнагароды яго баявых подзвігаў.
Пасля вайны мужны абаронца Ленінграда працаваў інструктарам райкома партыі, доўгі час вадзіў трактар у саўгасе «Буйнавічы». Яму прысвоена званне «Выдатнік сельскай гаспадаркі СССР і БССР». Некалькі гадоў працаваў лесніком Буйнавіцкага лясніцтва. З’яўляўся партгрупоргам. Яго часта можна было бачыць сярод піянераў і школьнікаў. Тэма гутарак — разнастайная. Але больш за ўсё Е. С. Ашарчук расказваў аб тым, як цаной асабістага жыцця савецкія людзі абаранялі Ленінград, гарады і вёскі нашай любімай Радзімы».
Людміла Штарова.
Фота з сямейнага архіву Уладзіміра Казачка.