Было гэта не так і даўно. У тыя часы, калі мы жылі ў Савецкім Саюзе.

Многія настаўнікі, пэўна, памятаюць, пад якім кантролем была наша народная адукацыя, як у раённага начальства, так і самага высокага. Часта нам, настаўнікам, навязвалі ўсё новыя і новыя ідэі. І вось адна з іх — шырокае выкарыстанне мясцовага матэрыялу на ўроках. Гэта складанне сказаў, задач, рэфератаў і гэтак далей. Карацей, праслаўляць дасягненні ў калгасах, саўгасах, прадпрыемствах у першую чаргу. І мы стараліся, асабліва, калі на ўроках прысутнічалі раённыя інспектары ці правяраючыя з вобласці, міністэрства.

А цяпер да самой гісторыі, што адбылася ў адной са школ нашага раёна.

Па гаспадарчай мне спатрэбілася наведаць адзін з магазінаў нашага пасёлка. Выйшаўшы з кватэры на вуліцу, накіравалася па знаёмай дарозе. І тут убачыла, што насустрач, ледзь перастаўляючы ногі, нейкая разгубленая і ўстрывожаная, ідзе знаёмая мне настаўніца пачатковых класаў школы №1, надта маладая, жыццярадасная і энергічная (такой я яе ведала). — Што здарылася? Чаму ў яе такі выгляд? Пэўна, нейкая хвароба альбо гора так змянілі, — падумала я.

Хуценька не падышла, а падбегла і прапанавала сваю дапамогу. Настаўніца падзякавала, сказаўшы, што з гэтым усё ў парадку. І ледзь стрымліваючы слёзы, паведала сваю гісторыю:

— Я іду з урока матэматыкі, на якім прысутнічаў інспектар з раённага аддзелу адукацыі. Напомніўшы дзецям, што нядаўна ў час экскурсіі наведалі калгасную свінаферму, папрасіла скласці задачку ў два дзеянні.

— Гляджу, — працягвае настаўніца, — ужо праз хвіліну руку падняў лепшы вучань Колька, якому з радасцю дала слова. І ён, кінуўшы позірк у бок інспектара, пачаў:

— Калгасная свіння апарасіла 10 парасят, двое адразу здохлі.

— А што ж ты гаворыш, дзіцятка? Каб Бог табе даў доўгае і шчаслівае жыццё. У калгасе ж нічога не павінна прапасці, а тым больш здохнуць. Спалохаўшыся, што ж будзе ў другім дзеянні, я папрасіла Кольку сесці. Але ён ні ў якім разе не пагаджаўся, бо, маўляў, не сказаў жа яшчэ другое дзеянне. І выпаліў:

— А двое другіх, самых тлустых  і тоўстых, старшыня калгаса сабе забраў.

— Пасля гэтага з гонарам сеў, — сказала настаўніца. — А я не магла супакоіцца. Усё думала, у каго ж ён такі настойлівы ды ўпарты. У каго? Канечне, у бацьку, які трактарыстам працуе ў калгасе. Ды ад яго вока ніхто і нішто не схаваецца. Усе заганы і недахопы калгаснага кіраўніцтва на сходах наверх павыцягвае. Раней за ўсіх падхопіцца і так дакажа і раскрытыкуе, што тыя спачатку чырванеюць, а потым бялеюць, нібы першы зімовы снег.

Вось і сынок такім расце. Дый і пра парасят, пэўна, ад бацькі пачуў. Я нават і рада, што такія людзі ёсць. Толькі ж што будзе са мной, калі аб гэтым даведаюцца вышэйшыя чыноўнікі. Пазбавяць працы, здымуць. Вось жа дзіцятка! Каб хоць як-небудзь не дала яму магчымасці сказаць тое другое дзеянне… Ды хіба ж такому забароніш, калі ўжо на што наважыўся.

Праўда, нейкая надзея ў мяне яшчэ ёсць. Бо на развітанне інспектар параіў быць больш уважлівай, прадбачлівай і асцярожнай, — закончыла сваю сумную гісторыю настаўніца.

Я, як магла, яе супакойвала, гаварыла. што наперадзе ўсё жыццё, што інспектар не павінен ёй нашкодзіць.

Праз некалькі дзён даведалася, што так і было. Інспектар аказаўся чалавекам справядлівым і мудрым.

А таму ўсяму гэтаму не даў ходу. Не стаў, як кажуць, тапіць маладую настаўніцу. Дарэчы, свет не без добрых людзей.

Настаўніца з радасцю і задавальненнем дапрацавала да самай пенсіі. Атрымала нават за сумленную працу многа падзяк і ўзнагарод.

Жыццё працягвалася, у ім многае мянялася ў лепшы бок.

А разумны і сумленны Колька стаў Мікалаем Іванавічам, кандыдатам медыцынскіх навук, прафесарам.

Як бачыце, гісторыя закончылася добра, хоць і пачыналася сумнавата і нават жартоўна.

Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА,
Лельчыцы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: