Ці задумваліся мы з вамі калі-небудзь, чаму Новы год пачынаецца першага студзеня? Далёка не заўсёды і не ва ўсіх народаў было так. У старажытным Вавілоне, напрыклад, Новы год адзначалі ў сакавіку, ды і не толькі там.
Першага студзеня ў якасці пачатку года сталі святкаваць па ўказу Юлія Цэзара. Ён увёў у 45 годзе да нашай эры па егіпецкім узоры вельмі дакладны сонечны каляндар. Цэзару давялося вытрымаць моцнае супрацьдзеянне жрацоў, таму што да яго рымляне карысталіся месяцовым. Каб неяк захаваць пераемнасць, давялося першага студзеня 45 года да нашай эры падагнаць да першага маладзіка пасля зімовага сонцастаяння. Пасля гэтага рымляне пачалі сустракаць Новы год у дзень, які стаў звыклым і для нас.
Ад рымлян да нас прыйшла не толькі назва «каляндар», але і назва месяцаў. Рымляне ўдасканалілі грэчаскі каляндар, якім карысталіся напачатку. Першым новаўвядзеннем былі два дадатковыя месяцы: сту-дзень і люты. Хоць і былі старажытныя лаціняне ў параўнанні з егіпцянамі ці нават грэкамі менш дасведчанымі ў астраноміі, але і яны добра ведалі, што кожны год зімой некалькі дзён запар сонца знаходзіцца на небасхіле аднолькавую колькасць часу, і гэты — самы кароткі, пасля чаго ён пачынае павялічвацца з кожным днём. Гэтыя дні — з 21 па 25 снежня называюць «зімовым сонцастаяннем», а двухаблічны Янус з таго часу пачаў сімвалізаваць час, які вельмі хутка ідзе. Твар сталага мужчыны быў павернуты назад, а маладога — наперад. Менавіта ад гэтага Януса «утварыліся» нашы Дзед Мароз і юны Новы год.
Яшчэ нават у пачатку ХХ стагоддзя беларусы святкавалі прыход Новага года па старым стылі, дзень гэты выпадаў на 14 студзеня. Гэта адбывалася па той прычыне, што пасля Пятра І у Расійскай імперыі карысталіся юліянскім календаром — тым самым, які ў 45-м годзе да нашай эры ўвёў Юлій Цэзар. Але справа ў тым, што год у гэтым календары на 11 хвілін і 13,9 секунды даўжэйшы, чым у сапраўднасці. А за многія стагоддзі набралася больш трынаццаці сутак «хібнасці», як падлічылі ў свой час італьянскія вучоныя. І рымскі Папа Грыгорый ХVІІІ згадзіўся з гэтым і лік дзён перанёс. Усе краіны Заходняй Еўропы прынялі гэты каляндар, які і пачалі называць грыгарыянскім. А значна пазней, у 1918 годзе Савет народных камісараў прыняў Дэкрэт аб святкаванні Новага года 1 студзеня «з мэтай устанаўлення ў Расіі аднолькавага амаль з усімі культурнымі народамі падліку часу».
І ўсё ж у наш час не для ўсіх народаў 1 студзеня — свята з навагодняй ёлкай, добрым Дзедам Марозам, сюрпрызамі і падарункамі.
Думка пра тое, што ўпрыгожваць у нас на свята ёлку пачалі яшчэ пры Пятру І, няправільная. У знакамітым пятроўскім указе 1689 года сказана літаральна наступнае: «… По большим и проезжим знатным улицам, знатным людям и у домов нарочитых духовного и мирского чина перед воротами учинить некоторые украшения от древ и ветвей сосновых и можжевеловых…, а людям скудным каждому хотя по дереву или ветке на вороты или над храминой своей повесить».
Нягледзячы на мноства ўсяго, у кожнага народа існуюць свае традыцыі і правілы сустрэчы Новага года.
У Калумбіі, напрыклад, кожнаму, хто сустракае Новы год, даюць галінку вінаграду, на якой дванаццаць ягад — па колькасці месяцаў у гаду. Перад тым, як з’есці кожную ягаду, прынята загадаць жаданне на адпаведны месяц года.
У Японіі пад Новы год дзверы дамоў прынята ўпрыгожваць галінкамі сасны, што лічаць яны даўгалеццем, а любое жаданне дзіцяці споўніцца, калі яно ў гэтую ноч пакладзе пад падушку «адбітак» сваёй мары. А ядуць яны ў навагоднюю ноч толькі свае прыгатаваныя прадукты, якія «прыносяць шчасце»: марскую капусту, смажаны каштан, ікру селядца — будзе многа дзяцей, чорныя бабы і гарох.
У Францыі навагодні стол немагчымы без свежага індыка. А морква з мёдам павінны забяспечыць дому поўны дабрабыт на ўвесь будучы год. А кожны вінароб несумненна наведае сваю кладоўку і тройчы пастукае ў кожную бочку. Стукаючы, гаспадары віталі духаў, імкнуліся іх задобрыць.
У Інданезіі на востраве Балі за два тыдні да Новага года мясцовыя жыхары пачынаюць працаваць над стварэннем двухмятровых калон з падфарбаванага рысу. Гэтая манумянтальная гастраномія прызначана ў дар Богам. Калі заканчваецца свята, людзі разбіраюць гэтыя калоны па дамах і самі ласуюцца рысам.
У жыхароў Германіі нязменная страва на святочным стале — карп, які гатуюць па традыцыйных рацэптах. Згодна з народным вераваннем, луска карпа кладзецца ў кашалёк у навагоднюю ноч, што гарантуе дастатак, грошай і шчасце ў наступаючым годзе.
У Румыніі да Новага года пякуць пірагі з сюрпрызамі. Дзяўчына, якой дастаецца піражок з пярсцёнкам, можа разлічваць у надыходзячым годзе на шчаслівае замужжа, а той, каму трапіцца манетка, — разлічвае на павышэнне сваіх фінансавых спраў.
У В’етнаме да Новага года рыхтуюць традыцыйны пірог з клейкага рысу са шматлікімі прыправамі. Гэтай страве, як сцвярджаюць знаўцы, больш за дзве тысячы год.
У Англіі распаўсюджана прыкмета, згодна з якой ад чалавека, які ўвайшоў першым у дом пасля поўначы, залежыць увесь год. Увесь год будзе спадарожнічаць удача, калі прыйшоў шчаслівы і багаты чалавек. Але ж калі ў хату заявіцца бедны, няшчасны і злы чалавек — год будзе няўдалым і цяжкім.
А яшчэ лічаць англічане, што па першых літарах прозвішча і імя гэтага чалавека можна вызначыць многае.
Партугальцы і іспанцы лічаць, што па першым дні Новага года можна меркаваць пра тое, якім будзе год. Калі першага студзеня вецер дзьме з поўдня, год будзе спакойны, калі з захаду — будзе многа рыбы і малака, калі з усходу — будзе ўраджай фруктаў. А яшчэ, якім будзе надвор’е 1 студзеня, такім будзе і ўвесь месяц, другога студзеня — надвор’е лютага, 3 студзеня — надвор’е сакавіка і гэтак далей.
Ну, а мы, беларусы, таксама ва многае верым, захоўваем шматлікія традыцыі, рыхтуем смачныя навагоднія стравы, каб стол дрыжаў ад усяго ўсякага, каб на ім была як смачная шкварка, так і да шкваркі, каб выглядаў селядзец з-пад сваёй шубы ды пенілася ў шклянках шампанскае. І, канечне, сёння ўжо мала хто верыць у арэхавую ці капусную магію. Але захавалася традыцыя, старая добрая звычка, засталася казка, якую мы называем Новым годам.
Са святам вас, паважаныя чытачы нашай любімай раёнкі, зычу вам поспехаў ва ўсім, моцнага сібірскага здароўя, сямейнага дабрабыту.
Анатоль КАШЭВІЧ,
вёска Чырвонабярэжжа.