Мая малая радзіма… Вядомыя землякі… Асобы…Постаці…

З пакалення ў пакаленне перадаюцца расказы пра важныя падзеі, знакамітых людзей, іх подзвігі, вялікія справы. Таму, думаючы пра радзіму, мы думаем пра іх, пра вядомых людзей свайго краю.

Так склалася, што і ў маім жыцці ёсць вельмі блізкі чалавек, які ўсё сваё жыццё аддаў справе на карысць малой радзімы. Гэта мая прабабуля Нэлі Мікалаеўна Цішкевіч.

Яна карэнная жыхарка Лельчыц. Тое месца, дзе стаіць яе дом, можна назваць спадчынным, радавым гняздом. Тут пабудаваўся некалі яе дзед.

Дзяцінства прабабулі Нэлі Мікалаеўны было нялёгкім. Калі ёй было чатыры гады, пачалася Вялікая Айчынная вайна. Нягледзячы на тое, што прабабуля была яшчэ зусім маленькая, некаторыя яскравыя ўспаміны засталіся на ўсё жыццё. Вось малеча бяжыць насустрач бацьку ў міліцэйскай форме, які вяртаецца са службы. Бамбёжка, пажары, выбухі… Бацькі няма дома: ён пайшоў на фронт. Вобыскі. Шукаюць бацькаву форму, пісталет… Па вуліцы ідзе абоз з параненымі салдатамі, акрываўленыя бінты, чырвоны снег…

Сям’я без мужчыны не магла схавацца ў лесе. Іх разам з іншымі жыхарамі Лельчыц сагналі на аэрадром, пагналі пешшу прасёлкавымі дарогамі. Буйнавічы, Астражанка, Глінная Слабада, Мазыр. За калючым дротам знаходзіліся тыдзень. Потым павезлі некуды ў таварных вагонах. Пазней пачула слова Азарычы… Маці і старэйшыя сёстры хадзілі на працу, а яна, малая, заставалася ў бараках…(Тут бабуля не можа стрымаць слёз. І я, якая ўжо чула гэты яе аповед, таксама плачу).

Лёс быў літасцівы да іх. Яны ўсе вярнуліся дадому жывыя. Часткі Савецкай Арміі вызвалілі зняволеных. Ехалі разам з салдатамі, з салдацкай кухняй. Так даехалі да Ельска. Далей ішлі пешшу. Калі трапілі ў родныя мясціны, падалі на калені, цалавалі родную зямлю.

Бабуля расла патрыёткай. Гэта пачуццё з самага дзяцінства выхоўвала ў дзяцей іх маці, мая прапрабабуля Еўдакія Васільеўна. Калі іх вызвалілі з канцлагера, маёй прапрабабулі Еўдакіі Васільеўне прапанавалі паехаць ў Аўстрыю. Але яна адмовілася і сказала, што вернецца толькі ў Лельчыцы.

Ужо ў 1945 годзе адкрылі школу. Першакласнікі вучыліся на пагорку: лежачы на жываце, пісалі на абрыўках газет. Так вучыліся да халадоў. К зіме людзі крыху адбудаваліся і малыя прадоўжылі навучанне ў прыватных хатах.

На працягу школьных гадоў была вельмі актыўнай: добра вучылася, узяла шэфства над акцябратамі, потым і над піянерскім атрадам.

Самым запамінальным для прабабулі было яе першае выступленне на «вялікай» сцэне. Выступленне праходзіла ў Гомелі, тады яна вучылася ў дзявятым класе. Гэта быў гімнастычны эцюд, пастаўлены разам з настаўнікам фізкультуры Барысам Уладзіміравічам Гаўрылавым. Пасля гэтага бабулі патэлефанавала сястра, якая жыла ў Гомелі, і паведаміла нечаканую для яе навіну: фота з гэтага выступлення вывесілі ў Палацы культуры чыгуначнікаў.

Па заканчэнні школы не змагла паехаць на вучобу: у сям’і не было грошай нават на дарогу.

Пасля школы пайшла працаваць кіраўніком танцавальнага гуртка ў Дом піянераў. Нечакана трапіла на абласныя курсы піянерважатых. А потым стала працаваць у сваёй школе старшай піянерважатай. Дырэктар школы, Сямён Ігнатавіч Мялешка, ведаючы актыўную выпускніцу, быў вельмі рады. Хор, танцы, фізкультурны гурток… У піянерскім пакоі заўсёды было мнагалюдна. Арганізоўвала сустрэчы, хадзіла разам са школьнікамі ў паходы. Завязалася сяброўства са школьнікамі са Славечна. (Вочы прабабулі свецяцца тым самым піянерскім задорам. Так яна расказвае пра сваю работу). Дзеці вельмі любілі хадзіць у такія паходы. Там праводзіліся займальныя конкурсы, а таксама танцаў, піянерскіх песень, на лепшага чытальніка. Але самы любімы конкурс быў «Вяровачка». На вяровачку прывязвалі які-небудзь прыз (гэта магла быць знойдзеная тут жа ў лесе шышка, галінка, кветка). Удзельніку завязвалі вочы, давалі ў рукі нажніцы, якімі трэба было гэты прыз зрэзаць. Самы праворны выйграваў, станавіўся пераможцам.

У 1957 годзе перайшла працаваць у райкам камсамола. Цяжка было пераходзіць ад працы з дзецьмі на кабінетную. Сумавала. Але засталася старшынёй раённага савета піянерскай арганізцыі.

У 1961 годзе ліквідавалі Лельчыцкі раён, далучылі да Мазыра. Прапаноўвалі ехаць у Мазыр на такую ж пасаду. Але ўжо была сям’я і маці ў сталым узросце. Маці не захацела пакідаць свае мясціны.

Прапанавалі пасаду дырэктара Дома піянераў. Так і засталася на ёй на 38 гадоў. Мноства самых розных гурткоў месціліся ў двух пакойчыках: спевы, вышыванне, кройка і шыццё, фізкультурны гурток. Пазней тэатральны гурток, разьба па дрэве, турыстычны, гурток па пашыве мяккай цацкі. Арганізавалі нават духавы аркестр. З інструментамі дапамагло раённае кіраўніцтва.

Агляды мастацкай самадзейнасці, абласныя піянерскія злёты, турыстычныя злёты, рамантыка піянерскіх кастроў…

Трымаю ў руках ганаровыя граматы прабабулі. Іх многа, пачынаючы з першых гадоў працы. І самая пачэсная з іх, лічу, званне Выдатніка народнай асветы Беларускай ССР, якое яна атрымала ў 1982 годзе.

Постаць у гісторыі маёй малой радзімы.

Асоба ў гісторыі маёй сям’і.

Мая мілая прабабуля. Ганаруся табой.

Мілана КОРКУЦЬ,
вучаніца 8 “А” класа Лельчыцкай раённай гімназіі.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: