Старажытны Полацк… Менавіта тут 6 сакавіка 1486 года ў сям’і праваслаўнага купца Лукі Скарыны нарадзіўся сын, якому лёс наканаваў стаць першадрукаром для ўсяго ўсходняга славянства.
Невыпадкова, абмыўшы дзіця, бабка-павітуха прыклала да яго пяткі кавалачак паперы. Барадаты Лука, убачыўшы, толькі заківаў галавою: «Дзе ж гэта раздабыла старая?» (папера была тут яшчэ ў навіну і дорага каштавала). А бабка, схіліўшыся, тым часам прыгаворвала над папераю: «Хай будзе вельмі вучаным малайцом». І як у ваду глядзела. Паслужаць кнігі, «выложеныя докторам Франциском Скориною из славного града Полоцька… людем посполитым к доброму научению», а нашаму народу — на ўсхвалу.
Так яно і здарылася. Думаю. што многія яшчэ са школы памятаюць дату 6 жніўня 1517 года — дзень нараджэння нашага кнігадруку. І адбылося гэта ў чэшскай Празе, дзе была створана друкарня Францыскі Скарыны.
Недзе каля 1520 года Скарына пераязджае ў Вільню — сталіцу Вялікага княства Літоўскага, дзе беларуская мова была дзяржаўнай. Бязмежная любоў да роднага краю, прага быць тым, каго Беларусі не стае, паклікала Францыску на радзіму. Прыкладна ў гэтым жа годзе і з’явілася першая друкаваная кніга на тэрыторыі нашай краіны.
Цудоўны помнік узняўся першадрукару на прыгожай плошчы ў родным Полацку. Задуменна натхнёны стаіць Скарына. як бы вярнуўшыся з далёкіх дарог чужыны на бацькаўшчыну. Трымае ў руках кнігу, з якой ён прыйшоў да кожнага з нас…
А штогод, калі з дрэў злятае першы восеньскі ліст, на радзіме асветніка праводзіцца Скарынінскае свята, свята кнігі.
Улічваючы яшчэ і іншыя дасягненні культуры, навукі і асветы старажытнага горада, і было вырашана першае дзяржаўнае свята — Дзень беларускага пісьменства, якое адзначаецца з 1994 года ў першую нядзелю верасня, правесці ў Полацку (у розныя гады тут яно праходзіла тройчы).
Традыцыяй стала праводзіць свята ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, асветы і кнігадруку. Гэта свята — урачыстасць у гонар слынных асветнікаў, дзяржаўных і релігійных дзеячаў, якія заклалі падмурак беларускай адукацыі і пісьменнасці. Пасля Полацку (тройчы) месцам яго правядзення сталі: Тураў (два разы), Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўль (два разы), Мсціслаўль, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава.
1 верасня 2019 года ў горадзе Слоніме Гродзенскай вобласці пройдзе свята — Дзень беларускага пісьменства. Гэта рашэнне нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і паравядзенні свята пісьменнасці. І сталіцай 26-га па ліку свята ў гэтым годзе і вызначаны горад Слонім, адзін з самых старажытных на беларускай зямлі. Асноўныя мерапрыемствы пройдуць на пляцоўках горада.
Добраўпарадкоўваецца наберажная канала Агінскага — папулярнае месца адпачынку.
Коласаўскія чытанні, прысвечаныя Дню беларускай пісьменнасці, адбудуцца 31 жніўня 2019 года.
На працягу дня тут таксама пройдуць: эстафета перадачы вымпела Слоніму — сталіцы беларускай пісьменнасці ў гэтым годзе, літаратурна-мастацкае прадстаўленне «Бачу Беларусь такой».
У гістарычным цэнтры горада ўжо ўстаноўлены помнік дыпламату і палітыку Вялікага княства Літоўскага Льву Сапегу, які будзе ўрачыста адкрыты на Дні беларускага пісьменства.
Аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні ХХVІ Дня беларускай пісьменнасці ў Слоніме зацвердзіў талісман свята. Мясцовае выданне «Слонімскі веснік» паведамляе, што ім стала львяня з сакавітым і прыгожым беларускім імем Лявон. Фаварытаў было двое — львяня і слон, перамог першы.
Прадстаўлены таксама праект праграмы свята з 28 жніўня па 1 верасня 2019 года — ХХVІ Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў» з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга. Адной з галоўных падзей свята стане ўзнагароджанне пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміяй, пройдуць цікавыя мерапрыемствы і сустрэчы, фестывалі кнігі і прэсы; выніковы этап рэспубліканскага конкурсу чытальнікаў «Жывая класіка». Пісьменнікі абмяркуюць за круглым сталом праблему сучаснай творчасці, прадставяць свае самыя яркія адметнасці.
Свята будзе для ўсіх нас надзвычай цікавым і карысным. Канцэпцыя яго прадугледжвае паказ адзінства друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа.
Таму я горача і сардэчна віншую ўсіх з гэтай цудоўнай падзеяй з жыцця нашай краіны. Будзем спадзявацца, што, магчыма, гэта свята завітае калі-небудзь і ў нашы Лельчыцы — жыватворны вугалок палескага краю.
Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА,
Лельчыцы.