Калі на ўсё паглядзець матулінымі вачыма,
Дык нішто не пройдзе міма:
Ні рэчка, ні лес, ні нават узгор’е,
Ни маляўнічае, вабнае гэта прыволле.
Цудоўна, што Год малой радзімы працягваецца. Хачу сказаць, што з малой радзімай мне не пашанцавала. Нарадзілася ў вёсцы Тульгавічы Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Ранняе дзяцінства прайшло ў вёсцы Варацец гэтага ж раёна, куды маці з намі (я і малодшы брат) пераехала пасля вайны, бо бацька як падпольшчык быў жорстка пакараны фашыстамі.
Вёска Варацец — гэта малая радзіма маёй маці, дзе жылі яе бацькі. У хуткім часе мы з братам апынуліся ў Хойніцкім дзіцячым доме ў сувязі з тым. што пакутлівая хвароба прыкавала да ложка маці на цэлых 6 гадоў (перанесенае ў час вайны ўсё-такі пакінула свой адбітак).
За гэты час я закончыла 7 класаў і Гомельскае педвучылішча. Па накіраванні трапіла ў Лельчыцкі раён — спачатку ў вёску Баравое, потым — Стадолічы, а затым — Лельчыцы.
Увесь час (з 17 гадоў) жыла і працавала да выхаду на пенсію тут. Ды і цяпер не магу развітацца з гэтымі такімі блізкімі і роднымі мне мясцінамі.
Да апошніх дзён са мной жыла мая маці, інвалід першай групы. Тут нарадзіліся і выхоўваліся двое маіх сыноў, а таму Лельчыцы — іх малая радзіма.
Сваёй малой радзімай і я лічу Лельчыцкую зямлю, тым больш што вёска Варацец, дзе прайшло маё ранняе дзяцінства, у сувязі з Чарнобыльскай трагедыяй, не існуе. Лельчыцкая зямля (вёска Асянское) — гэта малая радзіма майго любімага мужа.
Хачу закончыць свой аповед такімі вось прачулымі радкамі сваёй малой радзіме, родным Лельчыцам:
Малая радзіма, куточай мой родны,
Які ты прывабны, які ж ты лагодны!
Красу нашых слаўных мясцін
Нельга параўнаць ні з чым:
Кранаюць да глыбіні душы
Магутныя старасвецкія дубы,
А палеткі, крыніцы і лугі
Ну проста незвычайнае красы!
Прыгожы гарадок наш любой парою,
Але ж асабліва ранняй вясною,
Калі адчуваецца ва ўсім яна:
У першай зелені садоў,
У свяце сонца і цяпла,
У подыху вятроў,
Калі лес са сваімі таямніцамі,
Шукаючы вясенняга прастору,
Упарта рвецца ўжо на волю.
Прыгажосць вакол такая,
Што ўсю істоту закранае.
А людзі ў нас таленавітыя, выдатныя,
Да любой справы здатныя,
Умеюць дзяцей расціць, і будаваць,
І на зямельцы працаваць.
З году ў год прыгажэюць нашы Лельчыцы,
Бо тут жа сэрцы лечацца!..
Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА,
Лельчыцы.