1 студзеня 2019 года споўніцца 100 гадоў з моманту абвяшчэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Наогул жа БССР разглядаецца сёння як першая спроба рэалізаваць праект нацыянальнай беларускай дзяржавы, які выражаў памкненні працоўных мас Беларусі да сацыяльнай справядлівасці і нацыянальнага самавызначэння. Беларуская Савецкая Рэспубліка была створана на вольнай зямлі і валодала суверэнітэтам над ўсёй сваёй тэрыторыяй, — у адрозненне ад Беларускай Народнай Рэспублікі, якую беларускія нацыяналісты прапануюць лічыць «пунктам адліку» беларускай незалежнасці. Стварэнне ж БССР — паслядоўны крок беларусаў да самавызначэння і здабыцця ўласнай дзяржаўнасці. Перагортваючы старонкі навуковых і літаратурных крыніц, успомнім, як гэта было.
Нараджалася маладая рэспубліка ва ўмовах жорсткіх палітычных супярэчнасцей. Да таго ж, пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1917 годзе Расія знаходзілася ў стане вайны з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй. Англія, Францыя і ЗША былі зацікаўлены ў працягу вайны ў надзеі на тое, што Расія пацерпіць паражэнне і ў ёй адновіцца ўлада буржуазіі і памешчыкаў. Ва ўмовах гаспадарчай разрухі і адсутнасці рэгулярнай арміі Савецкі ўрад на чале з Уладзімірам Леніным імкнуўся да фактычнага ажыццяўлення Дэкрэта аб міру, лічыў неабходным любымі сродкамі дабіцца спынення вайны, каб выратаваць маладую Савецкую Рэспубліку. А паколькі краіны Антанты (Расія, Англія і Францыя) адмовіліся ад мірных перагавораў, то было вырашана пачаць сепаратныя перагаворы з Германіяй. Але яны былі сарваны, і 18 лютага 1918 года кайзераўская Германія аднавіла ваенныя дзеянні на савецка-германскім фронце. У выніку вострай палітычнай барацьбы ЦК партыі прыняў прапанову У. І. Леніна аб неадкладным падпісанні мірнага дагавора з Германіяй. Адбылося гэта 3 сакавіка таго ж 1918 года ў Брэсце. Хоць Брэсцкі мірны дагавор быў яўна несправядлівым і рабаўніцкім, затое ён не закранаў асноў Савецкай улады на неакупіраванай тэрыторыі, і Савецкая краіна атрымала неабходную ёй перадышку.
Але да моманту падпісання мірнага дагавора значная частка тэрыторыі Беларусі апынулася ў руках нямецкіх акупантаў. На акупіраванай тэрыторыі нямецкая ваеншчына ўстанавіла рэжым рабаўніцтва і жорсткіх рэпрэсій. Актывізавалі сваю дзейнасць лідары беларускіх палітычных партый і арганізацый. За два дні да ўступлення ў Мінск нямецкіх войск яны ад імя Усебеларускага з’езда стварылі урад – “Народны сакратарыят Беларусі”. Аднак нямецкія акупанты не збіраліся дзяліцца ўладай на захопленай тэрыторыі і не лічылі неабходным існаванне марыянетачнага “беларускага ўрада”. Скарыстаўшы сітуацыю, Выканкам Усебеларускага з’езда 9 сакавіка 1918 года апублікаваў так званую ўстаўную грамату, дзе было аб’яўлена аб стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). У хуткім часе з’явілася і наступная “устаўная грамата”, прынятая ўжо на пасяджэнні Рады БНР (рэарганізаваная з былога Выканкама Усебеларускага з’езда) у ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года, у якой новаспечаная рэспубліка акрамя ўсяго іншага абвяшчалася “свабоднай і незалежнай дзяржавай”. Гэта азначала разрыў ўсіх сувязей з Савецкай Расіяй. Дзеячы Рады добра разумелі, што азначае абвяшчэнне “незалежнасці” Беларусі, якімі моцнымі вузамі звязаны беларускі і рускі народы. І тым не менш пайшлі на такі крок. Яны не хацелі прызнаваць, што Савецкая Расія ўсімі сродкамі – ваеннымі, дыпламатычнымі і іншымі, як толькі магла, абараняла Беларусь і вымушана была пайсці на часовыя тэрытарыяльныя ўступкі толькі ў выніку склаўшыхся абставін. На самой справе члены Рады БНР імкнуліся адарваць Беларусь ад рэвалюцыйнай Расіі, хутчэй паказаць Германіі сваю гатоўнасць у імя звяржэння Савецкай улады, на любых умовах уступіць з ёй у “дзяржаўны саюз”. Але дабіцца прызнання БНР ад кайзераўскай Германіі лідарам беларускіх буржуазных і дробнабуржуазных палітычных партый не ўдалося.
Пасля вызвалення Мінска ад нямецкіх акупантаў ідэю самавызначэння Беларусі падтрымаў Мінскі губернскі рэвалюцыйны камітэт, які неаднаразова настойваў на ўключэнні гэтага пытання ў парадак дня VI Паўночна-Заходняй канферэнцыі РКП(б). Так, пад уплывам канкрэтнага ажыццяўлення ленінскай нацыянальнай палітыкі (ужо была створана Украінская ССР, абвяшчаны суверэнітэт прыбалтыйскіх савецкіх рэспублік), пад уздзеяннем знешніх фактараў (імкненне нямецкіх і польскіх інтэрвентаў заваяваць беларускія землі), інртрыг і падкопаў Рады БНР, накіраваных на звяржэнне Савецкай улады і стварэнне буржуазнай дзяржаўнасці, у працоўных Беларусі наспела ідэя неабходнасці стварэння нацыянальнай дзяржаўнасці на савецкай аснове. Адлюстроўваючы настроі большасці насельніцтва Беларусі, кіраўнікі беларускіх секцый РКП(б) і Беларускага нацыянальнага камітэта ў верасні 1918 года на ІІІ з’ездзе Саветаў Заходняй вобласці прапанавалі перайменаваць яе ў Літоўска-Беларускую камуну або ў аўтаномную рэспубліку ў складзе РСФСР. Ідэю самавызначэння Беларусі падтрымала таксама канферэнцыя беларускіх секцый РКП(б), якая праходзіла ў Маскве 21-23 снежня 1918 года. Быў выбраны выканаўчы орган – Цэнтральнае бюро беларускіх камуністычных секцый на чале са Зміцерам Жылуновічам (пісьменнік Цішка Гартны). У сувязі з вызваленнем Беларусі ад нямецкіх акупантаў канферэнцыя прызнала неабходным стварэнне беларускага савецкага ўрада.
Мелі месца і іншыя пазіцыі па праблеме нацыянальна-дзяржаунага будаўніцтва. Былі сярод іх і памылковыя. Кропкі над “і” расставіў ЦК РКП(б). 24 снежня 1918 года, ідучы насустрач пажаданням канферэнцыі беларускіх камуністычных секцый і ўлічваючы пажаданні беларускага народа, ён прыняў рашэнне аб стварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі (ССРБ), пазней названай БССР. Прычым не аўтаномнай, а незалежнай суверэннай рэспублікі. Пытанне аб абвяшчэнні ССРБ было вынесена на абмеркаванне VI Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі РКП(б), якая праходзіла ў Смаленску 30-31 снежня 1918 года. Тут жа адобрылі прапанову аб стварэнні Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, а сама Паўночна-Заходняя канферэнцыя была перайменавана ў І з’езд КП(б)Б.
1 студзеня 1919 года быў сфарміраваны Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі на чале з З. Жылуновічам. Апошні распрацаваў Маніфест аб абвяшчэнні ССРБ, які пасля абмеркавання і адабрэння быў неадкладна абнародаваны. Адбылося гэта ў ноч з 1 на 2 студзеня 1919 года. 5 студзеня 1919 года урад ССРБ і ЦБ КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск, які з гэтага часу стаў сталіцай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі.
Маніфест, падпісаны старшынёй урада З. Жылуновічам, наркомам асветы А. Чарвяковым і наркомам унутраных спраў С. Івановым, стаў першым палітычным і юрыдычным актам БССР. Маніфест заключаў у сабе шэраг важных палажэнняў. Абвяшчаючы рэспубліку ад імя народа, Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі заяўляў аб тым, што ўся ўлада ў краіне прыналежыць Саветам рабочых, салдацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Усе распараджэнні і загады акупантаў адмяняліся, а Беларуская Рада аб’яўлялася незаконнай. Зямля памешчыкаў, манастыроў, царквы і касцёлаў, чыгункі, сродкі сувязі, фабрыкі і заводы аб’яўляліся набыткам народа. Уводзіўся 8-гадзінны рабочы дзень. Абвяшчалася таксама аб раўнапраўі працоўных усіх нацыянальнасцей, ідэі дружбы і супрацоўніцтва народаў, аб цесным адзінстве працоўных Беларусі і Расіі.
Аднак з-за пагрозы польскай інтэрвенцыі савецкае кіраўніцтва вымушана было аб’яднаць ССРБ з Літоўскай ССР. Але праіснавала новаўтварэнне нядоўга: ужо ў жніўні 1919 года тэрыторыя толькі што аб’яднанай дзяржавы была захоплена палякамі ў ходзе савецка-польскай вайны. Юрыдычна яна прыпыніла сваё існаванне 31 ліпеня 1920 года, калі ў Мінску была адноўлена ССРБ.
Афіцыйная назва “Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка” (БССР) замацавалася за нашай рэспублікай у самым пачатку 20-х гадоў ХХ стагоддзя. Калі і ў якім дакуменце гэта было канчаткова зацверджана, у навуковай і вучэбнай літаратуры дакладна не тлумачыцца.
Па сваёй сутнасці і наступствах стагоддзе беларускай савецкай дзяржаўнасці, якое мела месца на працягу амаль усяго ХХ стагоддзя, не мае аналагаў. Таму што менавіта за дадзены адрэзак часу ўзніклі і развіліся тыя набыткі нацыянальнай дзяржаўнасці, якія “працуюць” і ў нашы дні – нацыянальныя граніцы, грошы, культура, свая Акадэмія навук, прафесура, універсітэты, свая інжынерная, тэхнічная інтэлігенцыя і г.д.. Словам, перад намі беспрэцэдэнтная падзея, якая адыграла важнейшую ролю у гісторыі Беларусі.
Ігар Жогла.