У Новым Палессі па сённяшні дзень захаваўся ўнікальны, прыгожы абрад «Грамніцы», альбо «Стрэчанне», які праводзіцца 15 лютага на мяжы вясны і зімы. У гэтым годзе мне пашчасціла пабываць у Каросціне (старая назва вёскі) і ўбачыць усё сваімі вачамі. Да свята далучылася і старшыня Ударнянскага сельскага Савета дэпутатаў Алена Сярдзюк.
Сонечны, ясны дзянёк выдаўся падчас правядзення абраду, і спрыяў ён добраму настрою і агульнай радасці. Каля клуба нас сустрэлі мясцовыя жанчыны, якія былі святочна апрануты ў вышытае сваімі рукамі адзенне, а на галаву яны павязалі яркія, у прыгожыя кветкі, хусткі. Гэта самыя актыўныя ўдзельніцы мастацкай самадзейнасці, сапраўдныя носьбіты фальклору. У свяце заўсёды прымае ўдзел моладзь, бо ў вёсцы ў асноўным засталіся жыхары сталага ўзросту. Яны і перадаюць дзецям і падлеткам нашу духоўную скарбніцу, каб жылі і перадаваліся з пакалення ў пакаленне традыцыі і абрады беларускага народа. У гэты дзень у абрадавых дзеяннях прымалі ўдзел вучні Ударнянскай сярэдняй школы і іх педагогі.
Адзін з асноўных атрыбутаў абраду — ялінка, упрыгожаная самаробнымі кветкамі, якая сімвалізуе пераход з адного году ў наступны. Павага да елкі была настолькі глыбокай, што яе не проста неслі па вёсцы, а ўручалі дзяўчынцы, якую садзілі на санкі альбо возік, калі не было снегу, і разам з песнямі везлі яе па ўсёй вёсцы на самае ганаровае месца на скрыжаванні дарог — да крыжа.
Спачатку жанчыны расказалі дзецям пра тое, як раней спраўлялі абрад «Стрэчанне» іх маці і бабулі, як з самага ранку жанчыны ішлі ў царкву і вярталіся дадому з асвечанымі грамнічнымі свечкамі. Дзеці даведаліся таксама і аб прыкметах, якія існавалі ў народзе ў гэты дзень. Напрыклад, казалі: «Калі певень нап’ецца вадзіцы, то на Юр’я вол наесца травіцы». Лічылася, калі сонечнае, цёплае надвор’е на Стрэчанне, то вясна будзе ранняй і прынясе добры ўраджай пшаніцы.
У гэтым годзе таксама ўсе ўдзельнікі свята шэсцем па цэнтральнай вуліцы вёскі накіраваліся да крыжа. Дзяўчынку везлі на санках хлопчыкі, яна трымала ў руках упрыгожаную рознакаляровымі кветкамі елку. Жанчыны ў гэты час выконвалі абрадавыя песні-вяснянкі, а ў руках яны трымалі асвечаныя свечкі. Першай ішла жанчына з абразом — іконай Прасвятой Багародзіцы «Уладзімірская». Гэтае рытуальнае шэсце мае глыбокі сімвалічны сэнс, яно было скіравана на тое, каб абараніць не толькі вёску, але і кожную сям’ю, кожны падворак і кожнага чалавека ад усялякай навалы, ад нячыстай сілы. На скрыжаванні дарог усе спыніліся. І моладзь, і сталыя жанчыны разам вадзілі карагоды, спявалі вяснянкі і танчылі пад гармонік. Потым па традыцыі елку замацавалі на самым ганаровым месцы — на аброчным крыжы. Удзельнікі свята ў думках даслалі сваёй зялёнай заступніцы малітвы і просьбы — і на шчодры ўраджай, і на добрае здароўе, і на доўгі век кожнаму жыхару.Такім чынам, працяглае сакральна-магічнае дзеянне было закончана. З песняй «Благаславі, Божа» ўсе вярталіся дадому. Людзі вераць, што падчас выканання гэтай песні нябёсы адчыняюцца і на людзей сыходзіць Божае благаслаўленне. Думаю, што гэта сапраўды так, бо ў гэты дзень вельмі добра, лёгка было на душы, — здаецца, адышлі на другі план дробязі жыцця і нейкія жыццёвыя праблемы, думкі былі аб вечным, аб нашым прызначэнні на зямлі.
Перад ад’ездам я папрасіла расказаць адну з жанчын, мясцовага носьбіта фальклору, Надзею Кужалевіч, аб тым, як раней спраўлялі абрад «Стрэчанне»:
— Яго ведалі яшчэ нашы бацькі, дзяды і прадзеды. Жанчыны распавядалі, што, калі яны былі яшчэ падлетачкамі, прыбіралі елку, потым на плот залазілі, вышэй да сонейка, і там спявалі вяснянкі. За гэта цётка ці баба іх частавала кісялём, блінамі, кашай. Заўсёды хадзілі з іконай вакол сяла. Лічылася, што гэта абароніць людзей ад маланак, граду, ад усялякіх непрыемнасцяў і дрэнных сіл. Потым заўсёды ўпрыгожвалі елку, каб яна была не зялёнай, цёмнай, сумнай, а аздобленай кветкамі, — гэта сімвалізавала адраджэнне прыроды вясной, росквіт зямлі-карміцелькі. Хлопцы заўсёды вазілі на санках дзяўчат ці маладых жанчын у знак падзякі за вяснянкі. З іх выбіралі працавітых, прыгожых, пакладзістых. А ў канцы гулянкі ўмацоўвалі на крыж ялінку. Зараз мы прыходзім, а на адным з крыжоў ужо ёсць елачка. Гэта нехта раней за ўсіх прымацаваў яе туды. Старэйшыя жанчыны так рабілі заўсёды і ў маладыя гады, і яны ведаюць, для чаго… А вечарам распальвалі вогнішча, прыносілі розныя стравы. Памятаю, што жанчыны старыя рэчы спальвалі — так яны выганялі зіму за вёску. Каля агню таксама спявалі, ладзілі гульні, весяліліся, спрабавалі пачастункі.
Свечкі грамнічныя таксама мелі свой магічны сэнс. Калі жанчыны прыходзілі з царквы, то кожная абыходзіла са свечкаю дом, потым — падворак, хлеў. Гэтая свечка знаходзілася каля іконы, людзі верылі ў яе моц. Калі гром грымеў, то запальвалі свечку, маліліся, каб нічога не загарэлася ў двары ад маланкі. Заўсёды маліліся да стрэчанскай свечкі перад тым, як выязджалі ў поле засяваць. Нараджалася дзіця — таксама маліліся да свечкі, прасілі здароўя парадзісе і немаўляці.
Пасля заканчэння абраду кожны з яго ўдзельнікаў панёс дадому веру ў больш шчаслівую долю, спадзяванне на паляпшэнне дабрабыту, надзею на тое, што род шчаслівы будзе доўжыцца. Хай яно так і будзе!
НАШЫ ТРАДЫЦЫІ НА СТРЭЧАНЬНЕ