На роднай зямлі — і няміласць мілей,

Душа, як вуглі, не астыне.

Праменьчык — адзіны — сагрэе цяплей,

Чым сонца — усё — на чужыне.

Мікола Чарняўскі.

Сярод палескіх лясоў і балот, сярод бяскрайняга зялёнага бору, жніўных ніў і бульбяных загонаў, сярод пералескаў і лазовых лагчын згубілася невялікая вёска Крупка Лельчыцкага раёна, мой радзімы куток…

Ціхая і прыветлівая, выпраўляла і сустракала дзяцей сваіх з далёкіх і блізкіх шляхоў-дарог. Сціхала і замірала яна, калі праводзіла старэйшых жыхароў сваіх у апошні шлях. Сумавала доўгімі вечарамі і працавала будзённымі днямі. Шчыравала на палетках і ў лесе, у дварах і хатах. Радавала мілагучнымі песнямі ў святы. Звінела і перазвоньвалася танцамі і прыпеўкамі на вяселлях і хрэсьбінах. Такая родная і такая блізкая. Была і такой будзе заўсёды для тых, хто ў ёй нарадзіўся і вырас. Хаця не такая яна цяпер, мая маленькая радзіма. Яе, як і іншыя вёскі, напаткаў сумны лёс. Паразляталіся яе дзеці, амаль вымерлі вуліцы, не звіняць песні вечарамі, няма каму шчыраваць на палетках…

Хаця апошнім часам шмат гаворыцца пра адраджэнне вёскі: аграгарадкі, аграсядзібы, навядзенне парадку на зямлі. З радасцю адзначаем перамены ў лепшы бок: знікаюць запусцелыя двары, парослыя крапівой і бур’янам вуліцы і падвор’і. Часцей сталі прыязджаць гараджане, многія з іх збіраюцца зусім пераехаць у вёску (калі пойдуць на пенсію!). Яны адбудоўваюць і прыводзяць у парадак бацькоўскія дамы, сеюць агароды, купляюць зямлю. Гэта радуе і нараджае надзею, што вёска не згіне зусім.

Калі вы будзеце ў нашым раёне і вам захочацца папасці ў вёску Крупку, трэба спачатку даехаць да Буйнавіч (калі вы едзеце з Мазыра) да цэнтра вёскі, а пасля павярнуць налева. Каб даехаць да нашай вёскі, вам цяпер спатрэбіцца хвілін 10, не болей. А раней?

Страшна ўспомніць тую дарогу, па якой мы ішлі ў школу, пачынаючы з 5 класа. Асабліва ўлічыць, як і ў што мы апраналіся і абуваліся. Ішлі пад праліўным дажджом, прамакалі да ніткі, а ў школе не выходзілі з-за парт, бо мокрая адзежа прыліпала да цела. А на нагах былі літыя чумавыя боты. Без іх немагчыма было прайсці праз тую праклятую «гнілую гразь». Цяпер там — бокам каціся!

Дарогу праклаў наш былы старшыня райвыканкама Буцін. І цяпер людзі ўспамінаюць яго добрым словам. Ён балаціраваўся як дэпутат па нашай вёсцы. І людзі паставілі ўмову, каб пабудавалі дарогу. І ён сваё слова стрымаў.

Наша вёска складаецца з дзвюх частак. Першая Крупка пачынаецца амаль адразу пасля «гнілой гразі». Яна туліцца справа, убаку ад шляху. Патанае ў садах і зеляніне. Нездарма наша Крупка была перайменавана ў Зялёны сад. Але гэтая назва не прыжылася.

Цяпер 1-ую Крупку проста так не мінеш і не праедзеш! Вас спыніць вялізны надпіс на доме справа: «Сардэчна запрашаем!».

Раней тут быў стары дом. А цяпер  — цудоўная аграсядзіба, вароты ў якую заўсёды адкрыты. Тут можна адпачыць, палячыцца, адзначыць свята. Для гэтага тут ёсць усе ўмовы: камфортнае жыллё, сервіс.

Адкрылі гэтую аграсядзібу былыя крупянцы, якія некалі, у 60-я гады, з’ехалі ў Казахстан. А цяпер вось вярнуліся і адраджаюць вёску. І не толькі тут, на 1-ай Крупцы, але і на 2-ой ідзе будаўніцтва. Плануецца будаўніцтва і там, дзе стаяў некалі іх дом, у якім у сям’і Адама Пашынскага і Антаніны Шмуйла нарадзілася тры дачкі. Адна з іх — Любоў. Вось яна з мужам Маратам і сваёй сям’ёй прыехалі з Казахстана, каб упрыгожыць нашу вёску цудоўнымі домікамі, шатрамі. Хочаце пабачыць?! Прыязджайце!

Лічылася, што галоўнай вёскай з’яўляецца 2-я Крупка, бо тут былі магазін, клуб, ферма, школа. Былі… Якое страшнае слова! А памяць на што?! О, гэта не выкінеш, не забудзеш ніколі. Гэта ўжо да самай магілы. Ва ўсіх, хто тут нарадзіўся.

Летні вечар. Мы, малыя, тоўпімся пад вокнамі клуба. Там ідзе кіно. А нас не пускаюць. Але гэта яшчэ не так крыўдна, як тады, калі ідуць танцы… Асабліва, калі ў час народных свят прыходзілі хлопцы і дзяўчаты з іншых вёсак. Нам хацелася пабачыць, як апрануты дзяўчаты, хто з кім танцуе. Пасля танцаў пачыналіся бойкі нашых хлопцаў, крупянскіх, з «чужымі», якія спрабавалі адбіць у іх нашых дзяўчат.

Пасля, калі падраслі, самі танцавалі тыя полькі, вальсы, падыспаны, карапеты, кракавякі..

Убаку ад клуба стаяла старая школка, усяго на 4 класы, а займаліся ў дзве змены. Ужо ў 5 клас трэба было хадзіць за 7 кіламетраў (з канца 2-й Крупкі) у суседнія Буйнавічы.

Не ўсе вытрымлівалі такое выпрабаванне. Некаторыя хлопцы спыняліся пад дубамі, распальвалі вогнішча і чакалі, пакуль мы будзем ісці пасля заняткаў са школы.

Да 10-га класа даходзілі адзінкі. Бо трэба было вельмі рана ўставаць, мець добры абутак і добрае адзенне. Самае цяжкае — пераходзіць зіму, калі намятала шмат снегу. Помню, бацька ледзь адкрываў дзверы і пракладваў нам дарогу на вуліцу. А далей?!

Першымі ішлі хлопчыкі, мы ступалі ім след у след. Папярэднія хлопчыкі трымалі ў руках факелы-паходні, каб бачыць дарогу і адпужваць ваўкоў. Галоўнае было — перайсці поле, якое ляжала паміж 1-й і 2-й Крупкамі. Яно па пояс замятала снегам. Але ніхто нават не дапускаў думкі, каб павярнуць назад у цёплую хату. Другая справа — ісці лесам, дзе цяплей, не столькі снегу. Як мы зайдросцілі дзецям з Буйнавіч!

Нііякіх інтэрнатаў не было, ніякіх грошай нам не давалі, і браць у школу не было чаго, бо і хлеба часцей за ўсё не хапала. Але мы вучыліся лепш за многіх вучняў з Буйнавіч.

А самыя яркія ўспаміны пра нашу пачатковую школу — навагодняя ёлка. Яна ставілася ў вялікім класе, і збіраліся сюды не толькі дзеці, але і ўсе бацькі. Тады навагодніх ёлак яшчэ ў вёсцы не ставілі. Да гэтых пор яна мне здаецца самай прыгожай. І запомнілася песенька-інсцэніроўка «Як на тоненькі лядок выпаў беленькі сняжок.. » (яе мы спявалі каля ёлкі).

А яшчэ ўрэзаўся ў памяць урок у першым класе, калі мяне настаўнік папрасіў назваць літару «Д». Я адказала: «Печ». Усе дзеці смяяліся, а настаўнік у той жа дзень прыйшоў дадому і расказаў маім бацькам. Гэта значыла, што ў мяне было моцна развіта вобразнае ўяўленне. Ды й што тут смешнага?! Прыгледзьцеся! Сапраўды, яны так падобныя — літара «Д» і абрысы печы, якую мы бачылі кожны дзень у роднай хаце.

Шмат успамінаў звязана і з фермай для кароў, цялят, з канюшняй. Чамусьці нават і цяпер, калі закапалі і школу, і магазін, і клуб, успамінаецца ўсё да драбніц. Не толькі бачым калгасны статак, які вяртаецца з пашы, кароў, якія з поўнымі вымямі бягуць у хлеў, каб іх падаілі даяркі, але і помніцца пах малака… Варта толькі ў той бок паглядзець. Шмат успамінаў звязана з канюшняй. Мы не толькі летам «дзяжурылі» каля коней, але і зімой. Асабліва ў выхадныя дні. Сабіралася нас шмат, і мы размяркоўвалі, дзе чый конь, дзе чыё стойла. Гэта было адзінае выйсце, каб нашы свінні зімой не здохлі з голаду. Так коні нам дапамагалі змагацца з цяжкасцямі таго часу ў вёсцы.

Пасля новай школы і фермы вуліца рэзка паварочвае ўправа, і мы пападаем на «Заланы». Так здаўна называюць нашу вуліцу, дзе нарадзілася  і дзе да гэтага часу стаіць наш бацькоўскі дом. Кажуць, тут некалі жыў пан Залан. Пасля рэвалюцыі ён уцёк у Польшчу. Але канкрэтна ніхто не ведае ўжо, дзе ён жыў. Захаваўся толькі сад Бараноўскага. Кажуць, ён служыў у пана эканомам.

Пасля гэтага стаў сад калгасным, пасля — школьным. Цяпер і сада гэтага няма. Яго проста выкарчавалі. Шкада, хаця ён быў ужо зусім стары. Але помніцца кожная яблынька, груша, іх смак. Ён нават сніцца ўсім. Цяпер чамусьці няма такіх яблык і груш. Кожную яблыню ў дзяцінстве мы абследавалі, бо сваіх яблык не было. Чамусьці не было садоў у людзей. Пазней ужо сталі садзіць. Але як хацелася яблык! Мы, як маглі, так і змагаліся з вартаўніком, але з пустымі рукамі ніколі не вярталіся з «палявання» на яблыкі.

І кожны раз, калі едзеш міма гэтага месца, дзе быў сад нашага дзяцінства, душу працінае боль і шкадаванне ад страты нечага дарагога, роднага…

Наша вулачка адметная тым, што ў канцы яе жыве крынічка, адразу пасля бацькоўскага дома. Так, жыла, жыве  і будзе жыць. Яе помняць нашы дзяды  і прадзеды. Але ніхто не можа сказаць, колькі ёй гадоў. Гэта да яе адразу прыбеглі нашы Пашынскія, што прыехалі з Казахстана, з пытаннем: «Тут некалі была крыніца. Дзе яна? Яна яшчэ жывая?!».

Жывая. Не далі загінуць, зарасці цінай, забалоцець, абрасці алешнікам. Хіба ж можна было дапусціць, каб яна зусім знікла?! Крыніцы ж — вочы зямлі! І адзіны ратунак у гады засухі для ўсіх «заланоў» і ўсёй вёскі. Аб тым, як мы ратавалі крынічку, я пісала ў адным з артыкулаў нашай раённай газеты «Светлае жыццё» (за 30 снежня 2015 года).

Жыве крыніца ў цудоўным месцы, акружаным лугам, садамі, алешнікам, у нізіне, а з аднаго боку — непраходнай багнай.

Раней зямля каля крыніцы належала майму прадзеду Адаму па мацярынскай лініі па мянушцы Грыб (сапраўднае прозвішча Кліменка). Ён быў сам з-пад Оўруча. А купіў гэтую зямлю, калі шматлікія перасяленцы з Украіны прыйшлі ў нашу вёску. Маці заўсёды гаварыла па-ўкраінску, як і многія крупянцы нават цяпер. Да апошніх дзён мы звярталіся да яе «мамо».

Недалёка ад крыніцы прадзед Адам пасадзіў сад. Мы яшчэ засталі некалькі дрэў з гэтага саду. Добра помню з дзяцінства чырвоныя наліваначкі, якія ўпотайкі збіралі пад яблыняй, бо сад належаў ужо тады меншаму сыну прадзеда — Мікіце. А яго жонка не давала збіраць нам яблыкі. Аднойчы яна прынесла цэлы прыпол гэтых наліваначак і са словамі : «Наце, ешце!» высыпала гэтыя яблыкі са злом пасярод хаты. А маці сказала:

«Гэта сад і майго дзеда». Цяпер ад таго саду засталася адна вялізная груша, але яна не родзіць. Я помню смак гэтых груш. Мы называлі іх грушы-рэпанкі, але яны былі вельмі салодкія і смачныя.

Бліжэй да крыніцы, за садам, былі і кузня, і мельніца. Яны належалі таксама прадзеду Адаму. З усіх навакольных вёсак сюды прыязджалі падводы з зернем, якія стаялі суткамі. Тут і падкоўвалі коней, і абедалі каля крыніцы. Таму і зямля ўрадлівая. Такі чарнасліў, такія гарбузы, кавуны, дыні тут растуць, бо паліваем мы іх крынічнай вадой.

Вось чаму мы гэты ўчастак зямлі рашылі выкупіць у асабістую маёмасць.

А дзед мой Арцём, сын прадзеда Адама, так і не вярнуўся пасля тых страшных беспадстаўных рэпрэсій. Маці часта расказвала і плакала, як ім было дрэнна без бацькі.

Астатнюю зямлю дзед Грыб аддаў вёсцы, людзям, для могілак. І цяпер сваіх жыхароў вёска Крупка (а таксама Лазнішчы, Берзавод) адпраўляе ў свой апошні шлях менавіта туды, на могілкі нашага прадзеда Грыба.

Толькі з гадамі разумееш, адчуваеш неад’емную сувязь з продкамі. І так хочацца пабачыць таго дзеда Грыба. Казала маці, што ён быў невысокага росту, шыракаплечы, дужы, з рыжымі вусамі (а ў мяне з дзяцінства былі вельмі рыжыя валасы. І ўсе смяяліся). Цяпер гэта модна — мець рыжыя валасы, а раней — не. Бацька да самай школы стрыг мяне, як хлопчыка. І так важна ведаць пра сваіх продкаў, хадзіць іхнімі сцежкамі.

З другога боку да крынічкі падступае лужок, праз які ідзе дарожка ад нашай хаты да крынічкі. Кожны год бацька касіў яго. А перад гэтым лужок расцвітаў рознымі краскамі. Мы любілі збіраць гэтыя кветкі, плесці з іх вяночкі. А таксама па просьбе маці збіралі лекавыя травы. Хаджу цяпер па тым лужку і пазнаю тыя кветачкі. Гэта і любімыя званочкі, і рамонкі, і лугавыя смолкі, і блакітныя незабудкі, і балотны багульнік, і лекавы сардэчнік, і зязюльчына трава. Мы ведалі, што збіраць, каб не балела сэрца, жываты, каб карова не крывавіла. Гэта ўсё мы неслі на Тройцу свяціць у царкву.

Самы галоўны ўспамін, звязаны с лужком, — маці з вядром у правай руцэ і дзіцём малым — на левай.

Але самае прыгожае месца каля крыніцы — «ямы» (так мы самі празвалі гэтае месца). Чаму «ямы»? Бо там ёсць сапраўдныя ямы з лазовымі кустамі. Усе яны акружаюць вялізную ліпу, на якой , як я і помню, былі вуллі. Іх заўсёды ставіў наш бацька. А мёду колькі было! Маці нават у Мазыр вазіла прадаваць. Тут і дубы, і бярозы, і грушы-дзічкі. Прыгажэй за ўсё выглядаюць «ямы» вясной. Мясцінка дык мясцінка!

Пад лазовымі кустамі — беленькія зорачкі пралесак, кураслёпу. Яны ўсюды — куды ні глянь! Вачэй нельга адвесці! А пасля зацвітаюць ландышы. Так і стаяў бы там і ўдыхаў бы гэты незвычайны пах. А колькі іх! Ступіць страшна! Толькі намаляваць карціну! А восенню тут сталі расці нават белыя грыбы! Вялізныя, з доўгімі ножкамі. І гэта адразу пасля раўчака ў канцы нашага агарода.

Нямала прыемнага і незабыўнага прыносіла нам крынічка летам. З захаду і поўначы цяпер яе акружае алешнік. За алешнікам — даўжэнная канава, якая цягнецца да возера. А раней там быў луг і багна. Мы там рвалі бабоўнік, якім усё лета кармілі свіней. А ранняй вясной збіралі шчаўё, а летам гушкаліся на багне. Але больш за ўсё запомніўся луг летам, калі пачыналася касавіца.

Бацька казаў, што больш за шэсцьдзесят мужчын выходзіла на луг з косамі. Так і хочацца ўсклікнуць словамі Якуба Коласа: «Эх, луг шырокі, як жывы ты!».

Сапраўды, усё стаіць перад вачыма і цяпер. Поўны луг людзей, гамана, крыкі, песні, нават сваркі… Мы грабем сена спачатку ў валкі, затым — у невялікія копкі, зносім іх да стога. Бацька кладзе копы ў стог, а пасля вершыць яго.

Куды ні кінь вокам — на кіламетры стагі. Радасныя, стомленыя, але задаволеныя людзі. І квас, бярозавы квас з васкадавам. І маладыя, дужыя бацькі… Як саграюць душу гэтыя ўспаміны!

А зімой! Луг уздоўж усёй вёскі пакрываўся лёдам. Столькі было разгону для дзіцячых забаў! Як толькі мы прыходзілі са школы, бралі санкі, «коз», самаробныя канькі (нам іх рабіў бацька) і ішлі на лёд за крынічкай. Больш за ўсё мы любілі «карусель». Гэта быў звычайны кол, убіты ў лёд, а на яго прымацоўвалася доўгая жэрдка. На гэтую жэрдку навісалі дзеці і нагамі ўпіраліся ў лёд, штурхалі «карусель», і яна пачынала рухацца і круціцца. І мы разам з ёю. Гэта была незвычайная забава. А яшчэ па чарзе вазілі санкі з гурбой дзятвы. Бацькі не маглі нас дазвацца да хат. Не забыць той луг з зімовай чырванню на нізкім небе. А неба шарэла, цямнела. Прыходзілася ісці, каб павячэраць і ўпасці на ложак у салодкім сне…

А цяпер, калі табе цяжка на душы, калі, здаецца, нічога лепшага ўжо не будзе  і калі сэрца сціскаецца ад нуды і трывогі, прыедзь, прыйдзі ў родную хату (калі яе яшчэ не закапалі). Пасядзі, адчуй цяпло бацькоўскага жытла, успомні, хто ты і што ты. А калі яшчэ і пашанцуе так, як нам, то і да крыніцы роднай прыйдзіце. Пасядзіце, адчуйце прахалоду, паспрабуйце вады. Зрабіце што-небудзь для крыніцы: павесце на алешыну кружачку, зрабіце яшчэ адну лавачку, пасадзіце кветачкі і ўспомніце добрым словам усіх тых, хто даглядаў крыніцу, не даў ёй прапасці, каб мы не сталі сляпымі, каб любілі прыроду, людзей, адзін аднаго…

Працяг будзе.

Наталля ФІЦНЕР,
аг. Буйнавічы.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Like
Like Love Haha Wow Sad Angry

Добавить комментарий

Войти с помощью: