У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці пры поўным аншлагу адбыўся святочны вечар «Знаўца душы народнай», прысвечаны нашаму знакамітаму земляку — народнаму артысту Рэспублікі Беларусь, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі, мастацкаму кіраўніку Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча, прафесару Міхаілу Дрынеўскаму. Мерапрыемства, якое стала сапраўдным святам для ляльчан, праходзіла з удзелам шаноўных гасцей — самога віноўніка ўрачыстасці, кіраўніцтва раёна.
Дарэчы ў гонар Міхаіла Дрынеўскага з 2004 года на Лельчыцкай зямлі праводзіцца рэгіянальны фестываль песеннага мастацтва «Гэты дзіўны спеў з глыбінь народных». Міхаіл Паўлавіч з’яўляецца ганаровым грамадзянінам Лельчыцкага раёна.
У зале гасне святло. На вялікім экране пад спеў птушак, гучанне цымбалаў дэманструюцца фотаздымкі з жыцця Міхаіла Дрынеўскага, гучыць біяграфія нашага паважанага земляка. Здаецца, у гэты момант усе гледачы перанесліся ў вёску Тонеж, на малую радзіму Міхася Дрынеўскага, дзе прайшло яго дзяцінства, дзе фарміраваўся характар хлопца — моцны, валявы. У гэтыя хвіліны падумала: дык толькі ў такой вёсцы, дзе спявалі бацькі, родныя і блізкія, дзе спявала ўсё сяло, якую паэт-песеннік Адам Русак справядліва назваў «салаўіным берагам», і мог нарадзіцца хлопчык з такою музычнай, сапраўды народнаю душою, са шчырай любоўю да родных мясцін, да маляўнічай прыроды, з такою павагаю да людзей, якія жылі побач. Шмат дасягнуў за сваё жыццё Міхаіл Паўлавіч, але не заганарыўся, застаўся такім жа простым, сціплым, як і шмат гадоў таму, усёю душою і ўсім сэрцам адданым народнай музыцы.
Многа добрых слоў і пажаданняў выказаў Міхаілу Дрынеўскаму ў сваім віншавальным слове намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Коцур.
Калі наш паважаны зямляк выйшаў на сцэну, зала пачала гучна апладзіраваць стоячы. Міхаілу Паўлавічу было адначасова і прыемна, і неяк няёмка, бо ўсё жыццё ён сумленна працаваў, шмат працаваў, не спыняючыся, ішоў наперад не дзеля ўзнагарод і пашаны, а дзеля людзей, імкнуўся данесці да іх сваю любоў да песні народнай, бо лічыў, што яна — «наша духоўная гісторыя, наша святыня, наш корань».
— Не думаў, што дажыву да такой удзячнасці землякоў, — усхвалявана гаворыць Міхаіл Дрынеўскі. — Бацькі мяне і братоў ніколі не песцілі. Да працы прывучалі з дзяцінства. Бог дае 10% таленту, а астатнія 90% неабходна дабівацца сваімі сіламі і настойлівасцю. Наказ мой маладым такі: працаваць, і тады ўсё атрымаецца.
Шмат цёплых, шчырых слоў прагучала ў гэты дзень у адрас паважанага Міхаіла Паўлавіча. А самым прыемным падарункам для яго сталі яркія, самабытныя, каларытныя выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці нашага раёна і суседзяў з Турава, Ельска, Мазыра, Жыткавічаў. Артысты, у прыгожых нацыянальных касцюмах, узнёслыя, з усмешкамі на тварах, адзін за адным выходзілі на сцэну, шчодра, ад ўсяго сэрца дарылі Міхаілу Паўлавічу і ўсім гледачам сваё майстэрства, з запарам танчылі, а спявалі так, што дрыжыкі прабягалі па скуры, здавалася, музыка аб’яднала ўсіх прысутных у зале, яна перапаўняла сэрца кожнага з прысутных, закранала самыя патаемныя струны іх душы. Сказаць, што гучалі гарачыя апладысменты, — значыць нічога не сказаць. Бо здаецца, яны на працягу ўсёй канцэртнай праграмы і не змаўкалі, а станавіліся яшчэ больш працяглымі.
Кульмінацыяй святочнага вечара, адным з яркіх момантаў стала выступленне Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча з мастацка-тэатралізаванай пастаноўкай «Кірмаш». Завіталі туды прадстаўнікі самых розных народаў, прапаноўваючы свае тавары і дэманструючы сваю культуру, каб напомніць, што Беларусь — міралюбівая краіна, у якой усе народы жывуць у згодзе. Гэта асабліва актуальна і надзённа ў наш неспакойны час … Як наказ прагучалі словы, каб мы, беларусы, памяталі свае карані, захоўвалі нацыянальную культуру і традыцыі, талерантнае стаўленне да іншых народаў.
Пасля цудоўнага выступлення Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча на сцэну зноў запрасілі паважанага Міхаіла Дрынеўскага, каб ён прымаў віншаванні, словы падзякі і жывыя кветкі ад кіраўнікоў калектываў, якія ўдзельнічалі ў свяце. Зала зноў апладзіравала стоячы. «Вось яно, народнае прызнанне сапраўднага таленту», — падумала ў тыя хвіліны.
— Мне патрэбна было дажыць да 75 гадоў, каб адчуць усё гэта сэрцам і душой, — усхвалявана гаворыць Міхаіл Дрынеўскі. — І яшчэ я вельмі задаволены, што жыве на Палессі песня народная. У мяне сення душа спявае. Паглядзіце на маіх землякоў-таняжан. Некаторым стаяць цяжка, а голас як л’ецца! Здароўя ўсім вам, а калі яно ёсць, то і жыць хочацца!
Яшчэ адно прыемнае імгненне свята: кіраўнік ААТ «Лельчыцкая ПМК — 103» Мікалай Жураўскі ўручыў паважанаму земляку — чалавеку са шчодрай душой, гонару нашага народа, нашай Радзімы грашовы сертыфікат.
Канцэртная праграма скончылася, а людзі не спяшаліся дамоў. Многія яшчэ заставаліся пад уздзеяннем і ўражаннем убачатага і пачутага. Здавалася, душа маладзела і расцвітала, бо кожны з прысутных далучыўся да сапраўднага мастацтва, задушэўнай народнай музыкі. Народная песня і сёння застаецца духоўнай повяззю пакаленняў, крыніцай радасці, творчага натхнення, сродкам далучэння да сапраўдных каштоўнасцяў. Таму варта прыслухацца да слоў Міхаіла Дрынеўскага: «Музычнае мастацтва валодае велізарнай сілай уздзеяння. Яно прыносіць людзям радасць, абуджае ў іх пачуццё прыгожага. Любіце добрую песню, добрую музыку — яна сапраўдны сябар чалавека. Яна робіць яго больш чыстым, справядлівым…». І гэта сапраўды так.
Святлана ЛІПСКАЯ.
Фота Мікалая НІКІЦЕНКІ.