Пахвалёны Езус Хрыстус!
Дарагія парафіяне, пранікаючы ў таямніцу Уцелаўлення Божага Сына, мы даведваемся аб вялікай Божай Любові да загубленага праз грэх чалавека.
У гэтую святую ноч здзяйсняецца тое, што абвяшчае Святая Евангелля: “Бо так палюбіў Бог свет, што Сына свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто верыць у Яго, не памёр, але меў жыццё вечнае” (Я. 3, 16).
Аднак мы дасканала ведаем, што любоў — гэта справа абодвух бакоў. Жадаю ўсім нам, каб мы сваім жыццём адказалі Богу ўзаемнасцю, каб штодня выконвалі найважнейшую запаведзь: “Узлюбі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, усёю душой тваёй, усім розумам тваім” (Мц. 22, 37).
Няхай Бог заўсёды займае цэнтральнае месца ў нашых штодзённых планах. Няхай Яго воля будзе заўсёды нашай воляй. А прыкладам ва ўсім няхай будзе Маці Божая, Найсвяцейшая Марыя Панна.
Радасных і шчаслівых святаў вам, дарагія вернікі!
Пробашч парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Маці Божай Фацімскай ксёндз Вінцэнты Віталіс МЫШОНА.